Каардынацыйная Рада кожны дзень даведваецца пра новых беспадстаўных затрыманых, якія з’яўляюцца не чым іншым, як спробай улад запалохаць мірных грамадзянаў Беларусі.

Максім Знак сёння паведаміў пра свае рашэнне выйсці з галадоўкі. Ён удзячны за ўсе вашы лісты, і знаходзіць сілы адказваць на ўсе лісты са зваротным адрасам. На мінулым тыдні яшчэ адзін сябра КР, Алег Маісееў, быў паўторна затрыманы і асуджаны на 20 сутак. Сёння таксама была затрыманая валанцёрка КР Іна Кавалёнак, на дадзены момант яе месцазнаходжанне невядома.

Мы таксама не павінны забываць пра тых, хто ўжо працяглы час знаходзіцца пад вартай, і рэгулярна збіраем навіны пра палітвязняў. Пад вартай застаюцца нашы калегі, Лілія Уласава і Марыя Калеснікава. У сваім новым лісце Марыя перадае гарачае прывітанне ўсім беларусам!

Праваабаронцы ўжо прызналі больш 70 беларусаў палітвязнямі. Сярод іх прынамсі 5 сяброў Каардынацыйнай Рады.

Усіх неабыякавых людзей мы просім не заставацца ўбаку і падтрымаць палітычных зняволеных, падпісаўшы петыцыю, што заклікае да іх неадкладнага вызвалення. Падпісаўшы петыцыю, вы не толькі выкажаце салідарнасць з палітвязнямі, але і зможаце атрымліваць рэгулярныя абнаўленні і навіны па іх справах. Ваша падтрымка набліжае нас да перамогі!

Яшчэ навіны

Падзяліцца