Прынята 11 чэрвеня 2023 года на Агульным пасяджэнні Каардынацыйнай рады Беларусі

Зацверджана:
11 чэрвеня 2023 года

Прынята 11 чэрвеня 2023 года на Агульным пасяджэнні Каардынацыйнай рады Беларусі

  1. Камісія Каардынацыйнай рады Беларусі з’яўляецца органам Каардынацыйнай рады, які складаецца з групы дэлегатаў, упаўнаважаным Нарадай фракцый на выкананне задач у рамках рэалізацыі найбольш важных стратэгічных напрамкаў (тэматычная камісія) або ўнутраных функцый (унутраная камісія) Каардынацыйнай рады. Могуць стварацца пастаянныя і часовыя камісіі. Часовыя камісіі ствараюцца для вырашэння канкрэтных задач на тэрмін не большы за тры месяцы.
  2. Камісія ў сваёй дзейнасці заклікана ўлічваць і ўзгадняць пазіцыі розных грамадскапалітычных груп дэлегатаў (фракцый) і таму павінна ўключаць у сябе прадстаўнікоў не менш за палову фракцый Каардынацыйнай рады, калі іншае не прадугледжана Статутам або Агульным пасяджэннем. Кіраўнік і намеснік кіраўніка камісіі не могуць быць прадстаўнікамі адной і той жа фракцыі.
  3. Прапанова аб стварэнні (фармаванні) камісіі можа быць унесена на Нараду фракцый Спікерам, фракцыяй або групай дэлегатаў колькасцю не менш як шэсць чалавек. У прапанове аб стварэнні камісіі павінны змяшчацца наступныя абавязковыя атрыбуты:

а) назва і абгрунтаванне стварэння камісіі, яе мэты і задачы, профіль (тэматычная, унутраная або змешаная; пастаянная або часовая);

б) аб’ём і тэрмін яе паўнамоцтваў, уключаючы права вядзення ўнутранай і знешняй перапіскі, стварэння і накіравання запытаў на афіцыйным бланку камісіі Каардынацыйнай рады Беларусі, прапанаваны парадак і тэрміны справаздачнасці;

в) узгодненая ініцыятарамі стварэння камісіі кандыдатура кіраўніка і намесніка кіраўніка камісіі, пералічэнне фракцый, згодных накіраваць у камісію свайго прадстаўніка.

  1. Іншыя фракцыі могуць уносіць прапановы аб іншых кандыдатурах кіраўніка і намесніка кіраўніка камісіі, дадатковых задачах камісіі, а таксама аб іншых папраўках і іншых атрыбутах, якія адносяцца да дзейнасці камісіі.
  2. Рашэнне аб стварэнні камісіі прымае Нарада фракцый пасля заслухоўвання спікера фракцыі, якая ініцыявала стварэнне камісіі і кандыдатаў у кіраўнікі (намеснікі кіраўніка) камісіі. Нарада фракцый можа асобна галасаваць па пытаннях стварэння камісіі, мэт і задач камісіі, кандыдатур кіраўніка і намесніка кіраўніка, іншых пытаннях (паасобнае галасаванне). Пытанне аб стварэнні камісіі павінна быць пастаўлена на галасаванне не пазней як праз 21 дзень пасля ўнясення прапановы.
  3. Рашэнне Нарады фракцый аб стварэнні камісіі ўступае ў сілу неадкладна пасля яго прыняцця, калі іншае не прадугледжана Статутам і іншымі актамі, прынятымі Агульным пасяджэннем Кардынацыйнай рады. Такое рашэнне павінна ўключаць у сябе: назву, мэту, задачы, профіль камісіі, інфармацыю аб кіраўніку і намесніку кіраўніка, тэрмін паўнамоцтваў камісіі, парадак і тэрміны справаздачнасці, фракцыі або групы дэлегатаў, якія накіравалі прадстаўнікоў у камісію, дату стварэння камісіі.
  4. Фракцыі маюць права дэлегаваць свайго прадстаўніка ў камісію ў любы час. Першы прадстаўнік фракцыі ў камісіі абіраецца на паседжанні фракцыі. Аб удзеле ў камісіі другога і наступных прадстаўнікоў фракцыі прымае рашэнне Нарада фракцый улічваючы адпаведныя прафесійныя веды, вопыт, дзелавыя якасці кандыдата. Статутам Каардынацыйнай рады ці рашэннем Агульнага паседжання можа вызначацца іншы парадак фармавання ўнутранай камісіі зыходзячы з мэт, задач і характару камісіі.
  5. Камісія прымае рэгламент або правілы работы камісіі не пазней за 21 дзень з моманту стварэння. Тэкст рэгламенту (правілаў працы) камісіі павінен быць адкрыты і даступны для ўсіх дэлегатаў Каардынацыйнай рады. Рэгламент камісіі як мінімум павінен вызначаць парадак прыняцця рашэнняў у камісіі (кансенсус, простую або кваліфікаваную большасць) па ўсіх або асобных пытаннях.
  6. Пры зніжэнні прадстаўніцтва фракцый у камісіі ніжэй за мяжу, прадугледжаную пунктам 2 гэтага Палажэння, кіраўнік камісіі прадпрымае меры да аднаўлення належнага прадстаўніцтва на працягу 14 дзён з моманту зніжэння прадстаўніцтва. У выпадку невыканання дадзенага патрабавання па заканчэнні тэрміна камісія спыняе сваю дзейнасць.
  7. Пасля заканчэння тэрміну, на які была створана камісія, яна спыняе сваю дзейнасць, калі тэрмін яе паўнамоцтваў не быў працягнуты ва ўстаноўленым парадку.
  8. Камісія падсправаздачная Нарадзе фракцый і Агульнаму пасяджэнню Каардынацыйнага савета ў парадку і тэрміны, устаноўленых ў рашэнні аб яе ўтварэнні.

11 чэрвеня 2023 года