Заява КР у сувязі з кампаніяй па выключэнню Белтэлерадыёкампаніі з Еўрапейскага трансляцыйнага саюза

Зацверджана:

21 студзеня 2020 г. Беларускі Фонд культурнай салідарнасці ініцыяваў кампанію1 па выключэнню Белтэлерадыёкампаніі (БТ) з Еўрапейскага трансляцыйнага саюза, скіраваўшы адпаведны ліст кіраўніцтву саюза.

Каардынацыйная рада падтрымлівае ініцыятыву Фонда культурнай салідарнасці і лічыць, што Белтэлерадыёкампанія на чале з яе цяперашнім кіраўніцтвам і інфармацыйнай палітыкай, якая ёй праводзіцца, не можа прадстаўляць Беларусь на міжнародным узроўні.

У паслявыбарны перыяд Белтэлерадыёкампанія заняла пазіцыю абароны і апраўдання гвалту над мірнымі пратэстоўцамі. БТ у сваіх эфірах не асвятляла аб’ектыўна паслявыбарную пратэставую актыўнасць ў краіне, а таксама не інфармавала пра тысячы затрыманняў і жорсткасць ў адносінах да мірнага насельніцтва з боку сілавых устаноў. Сюжэты навін будаваліся такім чынам, каб яны былі выгадныя цяперашняй уладзе.

Па інфармацыі кампаніі MediaIQ, БТ з’яўляецца лідарам беларускай медыяпрасторы па колькасці прапагандысцкіх матэрыялаў, якія маюць прыкметы маніпуляцый, падбухторванняў да дыскрымінацыі, варожасці ці гвалту. Парушаючы міжнародныя нормы, БТ таксама ажыццяўляла звальненні сваіх супрацоўнікаў у сувязі з іх публічнымі выказамі грамадзянскай пазіцыі. Сярод звольненых была журналістка БТ і сябра КР Ксенія Луцкіна. 22-га снежня Ксенія была затрыманая па «Справе Прэс-клуба» — яе абвінавачваюць у саўдзельніцтве ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Паказаныя парушэнні супярэчаць каштоўнасцям Еўрапейскага трансляцыйнага саюза, якія замацаваныя ў Дэкларацыі каштоўнасцяў арганізацыі2.

Улічваючы вышэйпамянёнае, Каардынацыйная рада далучаецца да кампаніі Фонда культурнай салідарнасці і просіць перагледзець умовы супрацоўніцтва Еўрапейскага трансляцыйнага саюза і Белтэлерадыёкампаніі.


1
Выключэнне БТ з Еўрапейскага трансляцыйнага саюза
2Дэкларацыя каштоўнасцяў Еўрапейскага трансляцыйнага саюза