Рэзалюцыя Каардынацыйнай Рады аб становішчы ў сферы культуры Беларусі
Каардынацыйная Рада, як аб’яднанне неабыякавых аўтарытэтных прадстаўнікоў розных груп беларускага грамадства, створанае з мэтай пошукаў шляхоў развязання глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, разгледзела сітуацыю ў сферы беларускай культуры і прыняла наступную рэзалюцыю:
1. Праблемы беларускай культуры на сучасным этапе
Культура выконвае важную ролю ў жыцці чалавека і грамадства, заключаную найперш у акумуляцыі, захоўванні і перадачы чалавечага досведу. У той жа час менавіта культура робіць чалавека асобай і прышчапляе яму тыя ўстаноўкі, якімі ён карыстаецца штодня. Пры ідэальным балансе культурная дзейнасць мае на ўвазе наяўнасць свабодных людзей (дзеячаў), бо толькі яны могуць выпрацоўваць і ўвасабляць у жыццё яе прынцыпы, працаваць з годнасцю і самааддачай, ствараць і захоўваць каштоўнасці культуры. Беларуская культура з цяжкасцю знаходзіць такі баланс, бо доўгія дзесяцігоддзі адчувала на сабе жорсткія формы ціску адміністратыўнай сістэмы.
Каардынацыйная Рада перакананая, што галоўнай перашкодай паўнавартаснаму ўплыву сферы культуры на розныя аспекты грамадства з’яўляюцца састарэлыя уяўленні аб культуры і культурнай вытворчасці, як на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі, так і на ўзроўні саміх дзеячаў культуры, удзельнікаў і спажыўцоў.
Каардынацыйная Рада канстатуе адсутнасць актуальных уяўленняў аб сферы культуры на ўзроўні заканадаўчых і праграмных дакументаў, якія б адпавядалі запытам культурных суб’ектаў Беларусі.
Каардынацыйная Рада адзначае, што фундаментальнымі праблемамі беларускай культуры з’яўляюцца:
- Адсутнасць заканадаўства ў сферы культуры, якое дазваляла б бізнэсу і прыватным ініцыятывам фінансаваць культуру не толькі з прыбытку, але і іншымі магчымымі шляхамі.
- Абмежаванне правоў пры дэманстрацыі тэатральных, музычных і іншых відовішчных мерапрыемстваў. Недзяржаўныя арганізацыі абавязаныя атрымаць дазвол на права правядзення мерапрыемства.
- Неспрыяльныя ўмовы для творчай самазанятасці, уключаючы адсутнасць або абмежаванні дзяржаўнага фінансавання творчых праектаў прыватных арганізацый, фізічных асобаў, аўтараў недзяржаўнай формы ўласнасці, а таксама прадастаўлення льгот па арэндзе памяшканняў, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці.
- Слабая фінансавая падтрымка сферы культуры і яе выбіральны характар.
- Праблемы ў галіне падрыхтоўкі кадраў па некаторых сучасных і неабходных спецыяльнасцях.
- Непразрыстасць і недаступнасць як рэсурсаў, так і формаў стымулявання творчасці і дзейнасці ў сферы культуры.
- Пры ўсёй шматстайнасці і культурных адрозненнях унутраных рэгіёнаў Беларусі, відавочнае іх слабое ўзаемадзеянне паміж сабой, яны не прадстаўленыя шырока на масавым узроўні, у выніку чаго ў грамадства не ствараецца нават павярхоўнага знаёмства з рэгіёнамі Беларусі.
Каардынацыйная Рада звяртае ўвагу на частую змену кіраўніцтва ў дзяржаўных арганізацыях культуры, асабліва рэгіянальных. Кіраўнікамі становяцца людзі з галінаў, што не маюць дачынення да культуры.
Існуе дысананс паміж цэнтрам і рэгіёнамі, дзе колькасць тэатраў, кінатэатраў, музеяў абмежаваная, а ў некаторых раёнах ўстановы культуры адсутнічаюць увогуле.
Каардынацыйная Рада канстатуе вельмі нізкі ўзровень узаемадзеяння дзяржавы, бізнесу, некамерцыйнага сектара і грамадзянскай супольнасці.
Каардынацыйная Рада не згодная са становішчам, калі ўдзел грамадзянскай супольнасці і бізнесу ў рашэннях у сферы культуры знаходзіцца пад кантролем дзяржавы.
Каардынацыйная Рада мяркуе, што наяўныя механізмы ўзаемадзеяння суб’ектаў культурнай палітыкі ў выглядзе грамадскіх кансультацыйных саветаў не забяспечваюць рэальнага сістэмнага і рэпрэзентатыўнага дыялогу па пытаннях культурнай палітыкі.
Відавочным фактам з’яўляецца тое, што дзейнасць дзяржаўных структураў і ўстановаў культуры ў шэрагу выпадкаў не з’яўляецца празрыстай для грамадства.
Каардынацыйная Рада мяркуе, што захаванне ідэалагічных установак, а з імі цэнзуры і самацэнзуры ў сферы культуры, падзелу суб’ектаў, падзей і прадуктаў культуры на лаяльных і нелаяльных, з’яўляецца абсалютна недапушчальным. Каардынацыйная Рада лічыць шкоднай і састарэлай з’явай наяўнасць кіраўнікоў ідэалагічных упраўленняў ў рэгіёнах, якія адказваюць або якім падпарадкоўваецца сектар культуры і мастацтва.
Каардынацыйная Рада канстатуе, што асноўныя паўнамоцтвы па вызначэнні культурнай палітыкі дзяржавы знаходзяцца ў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а не ў профільнай дзяржаўнай установы, што значна ўскладняе эфектыўнае і дынамічнае развіццё сферы культуры і мастацтва.
Каардынацыйная Рада выражае нязгоду з тым, што рашэнні па творчай ініцыятыве прымаюцца органамі ўлады, якія не з’яўляюцца экспертамі ў сферы культуры і мастацтва. Дзяржаўныя ўстановы з’яўляюцца закладнікамі выканання планавых паказчыкаў, якія негатыўна ўплываюць на якасць прадукаванага «кантэнту», тым самым сціраецца планка, якая і аддзяляе прафесійнае мастацтва ад самадзейнасці.
2. Прапановы Каардынацыйнай Кады па рашэнні праблем
Каардынацыйная Рада, усведамляючы адказнасць за будучае развіццё беларускай культуры, выражаючы інтарэсы беларускага грамадства, бачыць наступныя напрамкі, прапановы і канкрэтныя рашэнні ў сферы культуры, якія дазволяць пераадолець глыбокі крызіс і выйсці на ўстойлівае развіццё:
- Падатковая палітыка мае заахвочваць спонсарства, і гэта ёсць адказнасцю дзяржавы.
- Неабходна фарміраваць і падтрымліваць таксама агульны настрой у грамадстве, спрыяльны для спонсарства.
- Камерцыйны сектар павінен усвядоміць значнасць культурнага спонсарства ў сучасным грамадстве. Павялічыць унёсак прыватнага бізнесу ў развіццё сферы культуры (матывацыя ў выглядзе ільгот).
- Неабходна фарміраваць спіс актуальных пытанняў культуры для вызначэння важных дэталяў, якія неабходна ўлічыць для таго, каб не страціць тыя культурныя здабыткі, якія сфармаваліся і якія могуць знікнуць.
- Стварыць механізм для арганізаванага збору інфармацыі ад прадстаўнікоў культуры і мастацтва, творчых саюзаў, рамеснікаў, аўтараў, ІП, усіх уцягнутых ў культурныя працэсы з мэтай абмену праблемамі і прапановамі па ўдасканаленні культурнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Правядзенне ўнутранага аўдыту перад міжнароднай супольнасцю з прыцягненнем даследчыкаў, юрыстаў, эканамістаў, прафесіяналаў у сферы мастацтва і культуры, каб даць ацэнку стану культуры ў Рэспубліцы Беларусь.
- Прызнаць страту сілы Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры ад 20 ліпеня 2016 г. № 413-З альбо яго асобных палажэнняў, звязаных з абмежаваннем магчымасцяў фізічных асобаў, індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў займацца творчай дзейнасцю, атрымліваць фінансаванне, ільготы, дазвольныя дакументы на права арганізацыі мерапрыемстваў, канцэртаў і інш. Уключыць у лік арганізацый, якім бясплатна выдаецца гастрольнае пасведчанне (пры ўдзеле ў культурным мерапрыемстве як беларускіх, так і замежных выканаўцаў), установы і арганізацыі культуры розных формаў уласнасці.
- Заканадаўча замацаваць супрацоўніцтва ў сферы культуры дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый.
- Пашырыць спіс механізмаў забеспячэння фінансавай падтрымкі арганізацый у сферы культуры.
- Выпрацаваць празрысты механізм вылучэння субсідый суб’ектам культуры на конкурснай аснове.
- Забяспечыць выдачу недзяржаўным культурным арганізацыям банкаўскіх пазыкаў пад нізкі працэнт.
- Забяспечыць аказанне, па меры неабходнасці, дзяржаўнай дапамогі, у тым ліку тэхнічнай дапамогі, у мэтах стымулявання і падтрымкі дзейнасці арганізацый культуры.
- Выключыць творчыя праекты са сферы дзеяння Закона Рэспублікі Беларусь ад 13 лiпеня 2012 г. №419-З “Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)”. Выкарыстоўваць іншыя формы фінансавай дапамогі для арганізацый культуры, прадугледжаныя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
- Унесці прапановы па змяненні Указа Прэзідэнта №300 “Аб бязвыплатнай і спонсарскай дапамозе» або аб яго адмене з мэтай пашырэння магчымасцяў атрымання спонсарскай і бязвыплатнай дапамогі, прадугледзець ільготы спонсарам і тым, хто можа аказаць фінансавую падтрымку арганізацыям, прасоўвае культуру і мастацтва.
- Пашырыць на заканадаўчым узроўні лік магчымасцяў для аказання спонсарскай дапамогі арганізацыям культуры ў выглядзе грашовых сродкаў i iншай маёмасцi.
- Вызначыць у заканадаўстве Рэспублікі Беларусь паняцце «спонсарства», выкласці палажэнні аб спонсарскай дзейнасці ў Грамадзянскім кодэксе Рэспублікі Беларусь.
- Выкарыстоўваць у заканадаўстве Рэспублікі Беларусь адзіны тэрмін для спонсараў і мецэнатаў культуры.
- Выпрацаваць канкрэтны пералік механізмаў па стымуляванні і заахвочванні мецэнацтва і спонсарства ў сферы культуры.
- Зняць абмежавальны працэнтны бар’ер вызвалення ад падаткаабкладання прыбытку арганізацый, якія аказваюць спонсарскую дапамогу.
- Зняць абмежаванні ў атрыманні замежнай спонсарскай дапамогі для арганізацый культуры ўсіх формаў уласнасці.
- Пашырыць пералік мэтаў выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі, уключыўшы доўгатэрміновыя праекты ў сферы культуры.
- Стварыць роўныя ўмовы для дзейнасці дзяржаўных і прыватных арганізацый у сферы культуры.
- Выкарыстоўваць падатковыя ільготы, якія маюцца ў дзяржаўных установаў культуры, да прыватных арганізацый культуры з мэтай павышэння эканамічнай эфектыўнасці іх дзейнасці.
- Прадугледзець механізмы забеспячэння дзяржаўных гарантый па прыцягнутым фінансаванні, магчымасці прадастаўлення ільгот недзяржаўным арганізацыям, такіх як, напрыклад, субсідаванне працэнтных ставак па крэдытах.
- Размяшчаць сацыяльную рэкламу культурных праектаў і арганізацый незалежна ад таго, ці ўваходзяць у лік арганізатараў мерапрыемства дзяржаўныя органы. Неабходна даваць спонсарскія сродкі на падрыхтоўку і рэалізацыю праектаў, а таксама іншыя віды дапамогі (паслугі, тавары і тд).
- Пашырыць магчымасці для індывідуальнага росту, самаадукацыі і выбудоўвання ўласнай адукацыйнай траекторыі суб’ектаў культуры за кошт росту дадатковай адукацыі, адкрытых адукацыйных курсаў, магчымасцяў прафесійных стажыровак.
Асобна Каардынацыйная Рада адзначае, што культура развіваецца ў тым ліку за кошт прыцягнення турызму (турысты ва ўсім свеце не прыязджаюць у краіну, у якой адсутнічае культурная інфраструктура: тэатры, музеі, галерэі, канцэртныя залы, славутасці). Пры гэтым фарміраванне турыстычнай прывабнасці падзей і славутасцяў мае быць аднолькава і збалансавана рэалізаванае для ўсіх рэгіёнаў Беларусі.
Рэзалюцыя Каардынацыйнай Рады з’яўляецца экспертным меркаваннем сяброў Каардынацыйнай Рады і носіць рэкамендацыйны характар.