Справаздача Каардынацыйнай рады Беларусі па выніках слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета
УВОДЗІНЫ
Аб’яднаны Пераходны Кабінет быў створаны 09 жніўня 2023 года нацыянальнай лідаркай Беларусі Святланай Ціханоўскай. Дэклараваныя мэты Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ўключаюць¹:
1. Абараняць незалежнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыццявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
2. Аднавіць канстытуцыйную законнасць і правапарадак.
3. Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненні незаконнага ўтрымання ўлады, забяспечыць транзіт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзення сумленных і свабодных выбараў.
4. Распрацоўваць і выконваць рашэнні, неабходныя для дасягнення дэмакратычных пераменаў у Беларусі.
Таксама дэкларуецца, што ў выніку дасягнення гэтых мэтаў павінны быць вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя.
Ад пачатку ўтварэння ў склад Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ўвайшлі:
– Павел Латушка, прадстаўнік Кабінета па транзіце ўлады і кіраўнік Народнага Антыкрызіснага ўпраўлення.
– Аляксандр Азараў, прадстаўнік Кабінета па аднаўленні правапарадку і кіраўнік ініціыятывы “Байпол”;
– Валер Кавалеўскі, прадстаўнік Кабінета па замежных справах;
– Валерый Сахашчык, прадстаўнік Кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы.
Пазней у склад Кабінета былі прызначаныя:
– Таццяна Зарэцкая, прадстаўніца па фінансах і эканоміцы (09.09.2022)²;
– Аліна Коўшык, прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні (16.09.2022);
– Вольга Гарбунова, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы (26.12.2022)
Згодна з прадстаўленай Кабінетам выпіскай з Рэгламенту дзейнасці АПК³, кампетэнцыя прадстаўнікоў Кабінету вызначаецца наступным чынам:
Прадстаўнік па транзіце ўлады адказвае за распрацоўку і прасоўванне праз замежных партнёраў абмежавальных захадаў супраць рэжыму ў адказ на парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіi супраць беларускага народа, за дзейнасць па выкарыстанні міжнародных механізмаў прыцягнення да адказнасці датычных да парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў супраць чалавечнасці, падрыхтоўку да транзіту ўлады, развіццё кадравага патэнцыялу і фармаванне рэзерву для дзяржаўных органаў Новай Беларусі.
Прадстаўнік па замежных справах адказвае за вызначэнне знешнепалітычных інтарэсаў і прыярытэтаў Беларусі, распрацоўку i ажыццяўленне рашэнняў па іх рэалізацыі, усталёўвае неабходныя кантакты на міжнароднай арэне, праводзіць перамовы з замежнымі партнёрамі, забяспечвае выкананне дамоўленасцяў, каардынуе дзейнасць сеткi замежных прадстаўніцтваў.
Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы адказвае за дзейнасць, накіраваную на развіццё патэнцыялу прадухілення знешніх і ўнутраных пагроз нацыянальнай бяспецы, уключна з прадухіленнем удзелу войскаў Беларусі ў ваенных дзеяннях і выкарыстання яе тэрыторыі для агрэсіі ў дачыненні да іншых краін, фактычную дэакупацыю Беларусі.
Прадстаўнік па аднаўленню правапарадку адказвае за аднаўленне прынцыпу вяршэнства права, законнасці і забеспячэнне правапарадку ў Беларусі, процідзеянне ўнутраным пагрозам, распрацоўку канцэпцыі рэформы праваахоўных органаў.
Прадстаўнік па сацыяльнай палітыцы адказвае за распрацоўку і рэалізацыю праграм і мабілізацыю рэсурсаў для аказання дапамогі беларусам, якія пацярпелі ў сувязі з палітычным крызісам у Беларусі, выпрацоўку і рэалізацыю праграм і мер па вырашэнню актуальных сацыяльных праблем грамадзян Беларусі.
Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні адказвае за пытанні развіцця нацыянальнай культуры, навукі, адукацыі, захаванне гістарычнай свядомасцi, папулярызацыю беларускай мовы.”
У канфігурацыі дэмакратычных сілаў замацаванай рашэннямі Канферэнцыі “Новая Беларусь” у 2022 годзе Аб’яднаны Пераходны Кабінет пазiцыянуецца як “калектыўны выканаўчы орган” дэмакратычных сіл Беларусі. Каардынацыйная рада пасля завяршэння сваёй рэформы ў лютым 2023 года набыла ў гэтай канфігурацыі функцыі прадстаўнічага органу дэмакратычных сілаў, што замацавана ў Статуце Каардынацыйнай рады⁴. У адносінах да АПК Каардынацыйная рада ўпаўнаважаная праводзіць слуханні адносна дзейнасці Кабінету, прымаць ягоныя справаздачы і справаздачы асобных прадстаўнікоў Кабінету, узгадняць кандыдатаў на пасаду ў Аб’яднаны пераходны кабінет.
21 чэрвеня 2023 года Каардынацыйная рада звярнулася да Аб’яднанага Пераходнага Кабінету з прапановай аб пачатку правядзення слуханняў па справаздачах асобных прадстаўнікоў Кабінету, а таксама прадстаўленню ўсяму складу КР агульнай справаздачы аб дзейнасці АПК⁵. 22 чэрвеня 2023 года Кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская прымае рашэнне аб унясенні на ўзгадненне Каардынацыйнай радай кандыдатур членаў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, падрыхтоўцы справаздач членамі АПК і звяртацца да Каардынацыйнай рады аб прызначэнні слуханняў. На падставе гэтых рашанняў Каардынацыйная рада прызначае слуханні з прадстаўнікамі АПК.
Для арганізацыі слуханняў, аналізу дзейнасці кожнага прадстаўніка, падрыхтоўкі пытанняў для слуханняў у складзе Каардынацыйнай рады фармуюцца часовыя працоўныя групы па кожным прадстаўніку (6 працоўных груп), а таксама Арганізацыйны камітэт з кіраўнікоў працоўных груп і прадстаўнікоў Нарады фракцый Каардынацыйнай рады. Пры падрыхтоўцы да слуханняў Арганізацыйны камітэт звяртаецца да АПК аб прадстаўленні пісьмовых справаздачаў для КР. Працоўныя групы КР таксама праводзяць папярэднія сустрэчы з кожным з прадстаўнікоў. Пісьмовыя справаздачы членаў АПК да слуханняў для працоўнай групы былі прадстаўленыя прадстаўніком па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерыем Сахашчыкам, пад час слуханняў пісьмовыя справаздачы і дадатковыя пісьмовыя матэрыялы былі прадстаўленыя прадстаўніком па транзіце ўлады Паўлам Латушкай, прадстаўніцай па сацыяльнай палітыцы Вольгай Гарбуновай, прадстаўніком па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерыем Сахашчыкам. 2-5 жніўня 2023 года прайшлі публічныя слуханні па ўзгадненні кандыдатур членаў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Публічныя слуханні адбываліся ў афлайн-фармаце з прамой відэатранляцыяй, прадстаўнікі мелі мажлівасць прадставіць свае вусныя справаздачы для камісіі Каардынацыйнай рады, а прадстаўнікі камісіі мелі мажлівасць задаць свае пытанні і атрымаць адказы прадстаўнікоў⁶.
На падставе прадстаўленых пісьмовых матэрыялаў, вусных справаздачаў прадстаўнікоў і іх адказаў на пытанні, вынікаў аналізу дзейнасці прадстаўнікоў працоўныя групы падрыхтавалі свае абагульненні, ацэнкі і рэкамендацыі адносна дзейнасці прадстаўнікоў АПК.
Дадзены дакумент падагульняе рэкамендацыі груп па кожным прадстаўніку, а таксама дае агульныя рэкамендацыі адносна паляпшэння эфектыўнасці дзейнасці Аб’яднанага Пераходнага Кабінету.
Справаздача працоўнай групы па слуханнях прадстаўніцы АПК па нацыянальным адраджэнні Аліны Коўшык
Апісанне дзейнасці прадстаўніцы ў справаздачны перыяд
Аліна Коўшык была прызначаная прадстаўніцай па нацыянальным адраджэнні 16 верасня 2022 года. У фокусе дзейнасці прадстаўніцы знаходзяцца пытанні
(а) нацыянальнага адраджэння, якія лічацца галоўнымі і без якіх не магчымае дасягненне іншых палітычных мэтаў. Пад нацыянальным адраджэннем разумеецца фармаванне беларускай нацыі як супольнасці з моцнай ідэнтычнасцю і актыўнай грамадзянскай свядомасцю, самарэалізацыя беларускай нацыі ў дэмакратычнай дзяржаве. У гэтым напрамку задачы прадстаўніцтва бачацца як развіццё беларускай культуры, захаванне традыцый народаў, што пражываюць на тэрыторыі Беларусі, вяртанне нацыянальных сімвалаў, пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы, папулярызацыя гісторыі і культуры, правядзенне дэкамунізацыі і дэімперыялізацыі, развіццё грамадзянскай актыўнасці і мясцовых супольнасцей. У межах дзейнасці прадстаўніцтва распрацаваная Стратэгія нацыянальнага адраджэння і Канцэпцыя нацыянальнага адраджэння і развіцця, а таксама Дарожная мапа рэалізацыі стратэгіі. Дакументы будуць публічна прадстаўленыя ў верасні 2023 года.
Прадстаўніцтва ажыццяўляе супрацу з Офісам па адукацыі Святланы Ціханоўскай, офісам па адукацыі для Новай Беларусі, ПЭН-цэнтрам, Прэс-клубам, Беларускай асацыяцыяй адукацыі і навукі, Камісіяй па адукацыі і навуцы Каардынацыйнай рады, Беларускай Радай Культуры, Беларускім рухам салідарнасці “Разам”, Народнымі амбасадамі і інш.
(б) пытанні развіцця адукацыі і адукацыі на беларускай мове. У прыватнасці, камандай прадстаўніцтва створаная сетка беларускіх суботніх школ пад кіраўніцтвам Алеся Лозкі, у верасні запланаваны запуск 4 школаў у Польшчы і 3 у другіх краінах. Ідзе праца па захаванні беларускага ліцэю ў Польшчы. Прадстаўніцтва дамаглося прызнання беларускіх дыпломаў у Польшчы, нягледзячы на разрыў адпаведнага пагаднення з Беларуссю, ідзе праца па захаванні беларускага ліцэю на Падляшшы.
Агульная ацэнка дзейнасці прадстаўніцы
Дзейнасць прадстаўніцы адпавядае заяўленаму мандату і агульным мэтам АПК, аднак прадстаўніцтва мае невялікі штат супрацоўнікаў, не мае сталага забеспячэння, у прадстаўніцтва не было папярэдніх планаў дзейнасці. У верасні чакаецца прадстаўленне Стратэгіі і Дарожнай мапы па нацыянальным адраджэнні, што зафіксуе планы дзейнасці прадстаўніцтва на наступны перыяд.
Па выніках слуханняў Каардынацыйная рада прыняла рашэнне ўзгадніць кандыдатуру Аліны Коўшык як прадстаўніцы АПК па нацыянальным адраджэнні. Каардынацыйная рада таксама лічыць, што наступныя рэкамендацыі будуць спрыяць павышэнню эфектыўнасці дзейнасці прадстаўніцтва.
Рэкамендацыі
- Сустрэчы працоўнай групы Каардынацыйнай рады і прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні зрабіць рэгулярнымі. На сустрэчах абмяркоўваць бягучыя справы, праблемы, перадаваць інфармацыю аб стане спраў.
- Канкрэтызаваць дакладныя сферы дзейнасці, межы адказнасці і кампетэнцыі Прадстаўніцтва.
- Прапанаваць для абмеркавання КР план працы на наступны перыяд.
- Ініцыяваць правядзенне адкрытых і закрытых круглых сталоў і дыскусій з беларускімі экспертамі ў сферы культуры і навукі. Сярод іншага павінна быць абмеркаваная пабудова сістэмнай працы ў галіне беларускай культуры ў сучасных абставінах, выпрацоўка агульнай стратэгіі, кансалідаванай пазіцыі ўсіх зацікаўленых бакоў.
- Падтрымка беларускай навукі. Слова навука не гучыць ці амаль не гучыць у АПК. Трэба спрыяць вяртанню гэтага слова ва ўжытак і больш актыўна падкрэсліваць ролю навукі ў сучасным жыцці і немагчымасць нармальнага функцыянавання грамадства без навукі. Разгледзець магчымасць з’яўлення намесніка па навуцы (у межах прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні) з перспектывай вылучэння ў асобнае прадстаўніцтва ў АПК.
- З Беларусі з’ехалі выбітныя навукоўцы. Палітычна дапамагчы аб’яднанню беларускіх навукоўцаў у эміграцыі. Прапанаваць менеджэрынг і падтрымку актыўнасцяў навукоўцаў у выгнанні. Асабліва гэта тычыцца гуманітарных навук.
- Распрацаваць праграму падтрымкі дзеячаў у сферы культуры, навукі і адукацыі. Прэзентаваць праграму міжнародным партнёрам.
- Разгледзець магчымасць палітычнай падтрымкі і ініцыявання выдання серыі манаграфій новага пакалення – “Гісторыя Беларусі”, “Гісторыя беларускай літаратуры”, “Гісторыя Беларускага мастацтва” і г.д. Прапанаваць сумесныя праекты па выданні на беларускай мове гісторыі Літвы, Польшчы, іншых краін, дзе складваецца новая беларуская дыяспара. Такія праекты могуць быць цікавымі для супрацоўніцтва беларускіх навукоўцаў з замежнікамі.
- Знайсці магчымасць для рэалізацыі праектаў па перакладзе на замежныя мовы вартых таго найлепшых беларускіх навуковых манаграфій. Шукаць магчымасці для пераклада на беларускую мову найноўшых навуковых выданняў, якія могуць быць карыснымі для беларускага грамадства.
- Пачаць пошук і стварэнне базы ўсіх навуковых структураў дэмакратычнага света, якія маглі б зараз ці ў перспектыве далучыцца да праектаў і даследаванняў па беларусістыцы.
- Каб пазбегнуць стварэння дублюючых структур і праграм узмацніць партнёрства з ініцыятывамі і арганізацыямі, якія працуюць па пытаннях культуры, нацыянальнай спадчыны і навукі ўнутры і па-за Беларуссю і каардынавацца з імі. Распрацаваць і прадставіць грамадству бачанне сістэмы ўзаемадзеяння ўсіх арганізацый, якія займаюцца беларускай культурай у эміграцыі.
- На нацыянальным узроўні абмеркаваць магчымасці падтрымкі адзінай у свеце кафедры беларусістыкі – кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.
- Прапанаваць план папулярызацыі існуючых беларускіх месцаў (цэнтраў) культуры і навукі для беларусаў унутры краіны і за яе межамі.
- Падтрымаць працу, якая ідзе зараз у Польшчы па аднаўленні Таварыства беларускай мовы з перспектывай пашырэння на іншыя краіны.
- Наладзіць супрацу з Радай БНР, у тым ліку ў кірунку захавання нацыянальнай спадчыны і дзеля забеспячэнне пераемнасці беларускіх традыцый.
- Неабходна камунікацыя з прадстаўніцай АПК па сацыяльных пытаннях (Вольга Гарбунова), прадстаўніком АПК па замежных справах (Валер Кавалеўскі), прадстаўніцай Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы (Таццяна Шчытцова), народнымі пасольствамі і дыяспарамі па наступных пытаннях: візавая падтрымка, рэабілітацыя палітвязняў і дапамога ў легалізацыі, падтрымка беларускай навукі, культуры і адукацыі.
- Распрацаваць дарожную мапу ўзаемадзеяння з зацікаўленымі ў гэтым дыяспарамі па пытаннях нацыянальнага адраджэння.
- Надаць увагу ўзаемадзеянню з ЮНЕСКА па пытаннях гістарычнай спадчыны на тэрыторыі Беларусі. Высветліць ці працягваецца супрацоўніцтва ЮНЕСКА з МЗС Рэспублікі Беларусь.
- Стварэнне тэматычных працоўных груп (пры неабходнасці) з удзелам экспертаў і практыкаў, у тым ліку сумесна з КР.
- Стварэнне экспертна-кансультатыўнай рады пры Прадстаўніцтве для прафесійнай ацэнкі і экспертызы стану беларускай культуры, навукі, адукацыі і мераў па яго паляпшэнні.
Справаздача працоўнай групы па слуханнях прадстаўніка АПК па нацыянальнай бяспецы і абароне Валерыя Сахашчыка
Апісанне дзейнасці прадстаўніка ў справаздачны перыяд
Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы адказвае за дзейнасць, накіраваную на развіццё патэнцыялу прадухілення знешніх і ўнутраных пагроз нацыянальнай бяспецы, уключна з прадухіленнем удзелу войска Беларусі ў ваенных дзеяннях і выкарыстання яе тэрыторыі для агрэсіі ў дачыненні да іншых краін, фактычную дэакупацыю Беларусі. Працоўная група папярэдне атрымала пісьмовую справаздачу, а таксама заслухала выступ прадстаўніка афлайн. Акрамя гэтага мы атрымалі доступ да канфідэнцыйнай інфармацыі, непасрэдна ў момант выступу прадстаўніка. Таксама перад слуханнямі мы пракансультаваліся з чальцамі Каардынацыйнай рады, якія прадстаўляюць беларускія мілітарныя арганізацыі ў Еўропе, і байцамі шэрагу падраздзяленняў беларусаў у складзе ЗСУ.
Дзейнасць прадстаўніка была сканцэнтраваная на наступных задачах:
(а) распрацоўка і аптымізацыя ваенна-палітычнай стратэгіі;
(б) пабудова арганізацыі (эфектыўнага ваенна-палітычнага цэнтра, здольнага заваяваць давер беларусаў, у тым ліку адстаўнікоў, чыноўнікаў, служачых, вайскоўцаў, усталяваць партнёрскія адносіны з Украінай, а таксама на роўных супрацоўнічаць з Міністэрствамі абароны краін Еўропы і іншых падобных інстытутаў, якія займаюцца пытаннямі забеспячэння бяспекі ў Еўропе);
(в) факусоўка працы кожнага зноў створанага аддзела на рэалізацыі стратэгіі і дасягненні агульных мэт.
Працоўная група атрымала адказы па наступным блокам:
- унутраныя і знешнія пагрозы нацыянальнай бяспецы
- ваенна-палітычная стратэгія (дэакупацыя Беларусі, грамадскі дыялог, сілавы сцэнарый)
- праца Дэпартамента нацыянальнай бяспекі, а таксама дзейнасці асобнай дэсантна-штурмавой роты ў складзе ЗСУ і дзейнасці IT-падраздзялення
- супраца з добраахвотніцкімі падраздзяленнямі
- фінансаванне дзейнасці прадстаўніка і звязаных з ім кірункаў працы
Па большасці пытанняў атрыманыя канкрэтныя і змястоўныя адказы сярод якіх: статус справаздачы плана “Перамога” у АПК, праца Аператыўна-сітуацыйнага штабу, пагрозы нацыянальнай бяспецы, фінансаванне дзейнасці, статус расейскага грамадзянства прадстаўніка, праблемы ўзаемадзеяння з іншымі прадстаўнікамі АПК і іншыя.
Па некаторых пытаннях мы не атрымалі задавальняючых адказаў. Павярхоўна і абстрактна былі асвечаны тэмы акупацыі, гібрыднай інфармацыйнай вайны. Не атрымалі дастатковых доказаў дзейнасці прадстаўніка па працы IT-падраздзялення. На пытанне па люстрацыі былі атрыманыя толькі агульныя разважанні без дастатковай канкрэтыкі. Недастатковым на наш пункт гледжання была апісана стратэгія ўзаемадачынення з беларускімі мілітарнымі арганізацыямі і вайсковымі падраздзяленнямі ў складзе ЗСУ. Відавочна, што тут існуе праблема, якая палягае ў адсутнасці супрацоўніцтва і агульнай каардынацыі. Нягледзячы на тое, што дзейнасць менавіта па гэтым накірунку АПК патрабуе канспiрацыі і абмежавання інфармацыі, на жаль пра дзейнасць і структуру працы Дэпартамента нацыяльнай бяспекі было атрымана занадта мала інфармацыі, каб даць якасную ацэнку працы.
Агульная ацэнка дзейнасці прадстаўніка
Працоўная група ацэньвае працу прадстаўніка як здавальняючую. Гэту ацэнку мы рабілі, сыходзячы з наступных крытэрыяў:
1. Актуальнасць мандата.
Па гэтаму крытэрыю прадстаўнік пераканаўча давёў, што існуюць шматлікія ўнутраныя і знешнія пагрозы нацыянальнай бяспецы, то-бок існаванне такой пасады мы лічым абгрунтаваным.
2. Адпаведнасць дзейнасці прадстаўніка свайму мандату.
Стварэнне і праца Дэпартамента Нацыянальнай бяспекі і іншыя кірункі працы па выніках паказалі, што дзейнасць прадстаўніка адпавядае мандату.
3. Рэзультатыўнасць дзеянняў прадстаўніка дзеля вырашэння задач заяўленага мандата.
Па гэтаму крытэрыю мы не маем адназначнага адказу, таму што ў распараджэнні працоўнай групы не было дастатковай інфармацыі. Тым не менш можна канстатаваць, што відавочна неадпаведных вынікаў выяўлена не было.
4. Перспектывы будучай дзейнасці ў межах мандата.
З аднаго боку перспектывы выглядаюць сумнеўнымі. Заклапочанасць выклікае той факт, што прадстаўніку не ўдалося выбудаваць партнёрскія адносіны з буйнымі беларускімі добраахвоцнікімі падраздзяленнямі ва Украіне (Палком Кастуся Каліноўскага, Батальёнам «Тэрор», БДК). Таксама папярэдні досвед стварэння ўласнай вайсковай адзінкі (Полк «Пагоня») скончыўся няўдачай. Між тым бачым рэалістычную перспектыву працы ДНБ.
5. Унёсак у дасягненне дэклараваных мэт Кабінета
Дзейнасць прадстаўніка поўнасцю адпавядае дэклараваным мэтам АПК. Была праведзена грунтоўная праца па ацэнцы пагроз незалежнасці ды суверэнітэту Беларусі.
Рэкамендацыі
- Прадставіць дакумент па прыярытэтах дзейнасці прадстаўніка па свайму кірунку АПК Каардынацыйнай радзе цягам месяца з моманту атрымання гэтага дакумента, прагрэс па якіх можа паддавацца кантрэтнаму вымярэнню;
- Наладзіць працэс двухбаковай камунікацыі паміж Каардынацыйнай радай і ДНБ для лепшага інфармавання і прыняцця рашэнняў па працы прадухілення пагроз нацыянальнай бяспекі;
- Распрацаваць і прыняць АПК дакументы наконт статусу акупацыі і грамадскага дыялогу. Абмеркаваць такі дакумент на пляцоўцы Каардынацыйнай рады. Гэта выклікана даволі вялікай дыскусіяй, якая паднялася пасля заяваў аб недапушчальнасці сілавога сцэнара як метаду сканчэння беларускай рэвалюцыі;
- У колах мілітарных арганізацый у Польшчы і Літве ды добраахвотніцкіх падраздзяленняў беларусаў ва Украіне пасля сітуацыі паходу ПВК “Вагнэр” на Маскву актуалізавалася пытанні сінхранізацыі і каардынацыі дзейнасці. Пасля сустрэчы мы прапануем скласці кансультацыйны орган, які б уключаў прадстаўніцтва як мага большай часткі мілітарных арганізацый і падраздзяленняў з наступнымі функцыямі: распрацоўка ды кансультацыі адносна стратэгіі працы, аператыўнае ўзаемадзеянне на ўзроўні арганізацый і падраздзяленняў. Пры гэтым заклікаем, каб такі орган працаваў на аснове адмысловага палажэння аб працы.
- Дзейнасць каманды прадстаўніка, аказанне дапамогі беларускім добраахвотнікам ды іншае патрабуе значных фінансавых рэсурсаў. На жаль, мы не пачулі ў дакладзе інфармацыі аб тым, якім чынам вырашаецца гэтае пытанне. Мы раім разгледзіць магчымасць арганізацыі краўдфандынгавай кампаніі па збору сродкаў сярод беларусаў, якая была б забяспечана транспарэнтнасцю, а расходаванне сродкаў адбывалася па прынцыпе роўнасці і прыярытэтнасці патрэбаў.
- Праблемы беларускіх ветэранаў баявых дзеянняў па сутнасці толькі нашая беларуская справа. На жаль, з большага з-за статуса беларускіх грамадзянаў у краінах іх пражывання ветэраны не заўжды могуць на роўных з грамадзянамі краіны жыхарства атрымоўваць тую падтрымку, якая ім патрэбна. Таму, на наш пункт гледжання, аказанне дапамогі ў пытаннях рэабілітацыі, медычнай, псіхалагічнай і іншай дапамогі, важная задача якая павінна быць у фокусе працы Валерыя Сахашчыка і працы Вольгі Гарбуновай у цеснай каардынацыі па сацыяльным пытанням АПК.
- Падзяліць пытанне менеджменту забеспячэння беларускіх падраздзяленняў ва Украіне з кіраваннем гэтымі падраздзяленнямі.
Беларуская справа супрацьстаяння расейскай акупацыі Украіны з’яўляецца агульнай для ўсіх беларусаў. Таму ад прадстаўніка Нацыянальнага, то бок агульнага для ўсіх, органа мы бы хацелі чакаць адсутнасць падзела ў аказанні якой-небудзь дапамогі ў залежнасці ад іх палітычных пераваг. То-бок забеспячэнне нашых беларускіх атрадаў павінна адбывацца на аснове іх патрэбаў і ўзважаных прыярытэтаў паміж усімі, хто змагаецца за нас і за Украіну.
На дадзены момант, як нам вядома, прадстаўнік аказвае падтрымку толькі тым падраздзяленням, якія знаходзяцца ці пад яго кіраўніцтвам, ці маюць добрыя з ім стасункі. І мы ўпэўнены, што гэта адбываецца не ад персанальнай прагі прадстаўніка, а ў сілу відавочнага канфлікту інтарэсаў.
Змешванне гэтых двух функцый – пабудовы падраздзяленняў і аказанне дапамогі, прыводзіць да таго, што мы маем палітычныя лагеры ў адной справе, там дзе сярод байцоў іх няма.
Зразумела, што наша сітуацыя вымагае нестандартных рашэнняў, але думаем што падзел пасады прадстаўніка на грамадскую частку і ваенную тут будзе цалкам слушны: як у многіх краінах, дзе міністр абароны – цывільны чалавек, а начальнік генеральнага штаба – вайсковы.
Справаздача працоўнай групы па слуханнях прадстаўніка АПК па замежных справах Валера Кавалеўскага
Апісанне дзейнасці прадстаўніка ў справаздачны перыяд
Дзейнасць прадстаўніка сканцэнтраваная на пытаннях міжнародных адносінаў. Акрамя прадстаўніцтва па замежных справах АПК, важнымі суб’ектамі з’яўляюцца Святлана Ціханоўская і яе Офіс, якім (па словах В. Кавалеўскага) належыць галоўная роля, а таксама іншыя прадстаўнікі Кабінету, Каардынацыйная рада, прадстаўнікі грамадзянскай і экспертнай супольнасці (iSANS, Народныя амбасады, Геральдычная рада). Дзейнасць розных суб’ектаў патрабуе агульнай каардынацыі, для чаго прадстаўніцтва вядзе кансультацыі, у тым ліку падтрымлівае рэгулярныя кантакты з міжнароднай камісіяй КР.
Галоўнымі вынікамі працы прадстаўніцтва з’яўляюцца:
- Шырокае кола міжнародных візітаў, сустрэчаў з замежнымі палітыкамі, дыпламатамі і экспертамі. Прыярытэт двухбаковых кантактаў надаецца працы з ЕЗ і краінамі-сябрамі ЕЗ, Злучаным Штатам, Канадзе, Вялікабрытаніі;
- Праца з беларускімі, украінскімі, міжнароднымі медыя;
- Узмацненне ролі дэмакратычных сілаў у прадстаўніцтве Беларусі ў СЕ, праца са структурамі ААН (уключна з Радай Бяспекі ААН), “Вялікай сямёркай”, НАТА;
- Стварэнне плану міжнароднай дзейнасці па абароне незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, а таксама перагляду адносінаў з Расеяй;
- Вядзецца праца па стварэнні Канцэпцыі еўрапейскай перспектывы для Беларусі;
- Інстытуцыяналізацыя адносінаў з ключавымі партнёрамі: Стварэнне Кансультатыўнай групы пры Савеце Еўропы, пачатак працы Кансультатыўнай групы Беларусь-ЕЗ, рыхтуецца запуск стратэгічнага дыялогу “Беларусь-ЗША”,
- Узмацненне санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкi, у тым ліку на прадпрыемства ВПК;
- Адкрыццё місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі пад кіраўніцтвам У. Астапенкі, дзе праведзена больш за 30 публічных мерапрыемстваў;
- Плануецца ўзнаўленне працы місіі ў Кіеве;
- Удзел у падрыхтоўцы 2-га дакладу ў рамках Маскоўскага механізму АБСЕ;
- Удзел у падрыхтоўцы Даклада і Рэзалюцыі ПАСЕ па міграцыйных пытаннях, рэзалюцыях Еўрапейскага парламенту і інш.;
- Вядзецца праца з Еўрапейскім парламентам аб прыняцці ўсеабдымнай рэзалюцыі па Беларусі і Кангрэсам ЗША аб прыняцці 5-й рэдакцыі Акта аб Дэмакратыі ў Беларусі;
- Супраца на ўкраінскім кірунку, паляпшэнне адносінаў з урадавымі структурамі, праца з дыпламатамі і экспертнай супольнасцю (Форум Астрожскага);
- Развіццё ваенна-палітычнага супрацоўніцтва з партнёрамі, усталяванне кантактаў з міністэрствамі абароны, профільнымі камітэтамі ў парламентах і г.д.;
- Распачаты праект нацыянальнага пашпарту Новай Беларусі;
- Праца па развіццю механізмаў міжнароднай дапамогі для грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнага руху Беларусі (у супрацы з Каардынацыйнай радай);
- Вырашэнне канктрэтных праблем беларусаў, у тым ліку звязаных з міграцыйнымі пытаннямі.
Сярод асноўных праблем дзейнасці прадстаўніком былі адзначаныя:
- Неабходнасць большай каардынацыі міжнароднай дзейнасці суб’ектаў дэмакратычных сілаў;
- Слабая рэсурсная забяспечанасць дзейнасць прадстаўніцтва, якая з-за недахопу фінансавых рэсурсаў не дазваляе сфармаваць паўнавартасную каманду;
- Не поўнасцю выкарыстоўваецца патэнцыял камунікацыі вынікаў міжнароднай працы для беларускага грамадства.
Агульная ацэнка дзейнасці прадстаўніка
Знешняя палітыка з’яўляецца адным з ключавых напрамкаў працы дэмакратычных сіл і патрабуе вялікай самааддачы і глыбокіх экспертных ведаў, а таксама ўскладае немалую адказнасць на выканаўцаў. У выніку аналізу дзейнасці спадара Кавалеўскага падчас слуханняў працоўнай групай былі высока ацэнены яго ўзровень прафесіяналізму, наяўнасць шматгадовага рэлевантнага досведу, а таксама шчырая матывацыя ў працы, накіраванай на дэмакратычныя перамены ў Беларусі. Паасобку хочацца адзначыць важнасць працы спадара Кавалеўскага ў такіх кірунках, як легітымізацыі дэмакратычных сіл на міжнародным узроўні і непрызнанне рэжыму Лукашэнкі, распрацоўка ідэі пашпарта “Новай Беларусі”, каардынацыя запуску стратэгічнага дыялогу з ЗША і ўдзел у кансультацыйнай групе Беларусь-ЕЗ, адкрыццё прадстаўніцтва ў Бруселі і працу па перазапуску прадстаўніцтва ў Кіеве. Мы таксама пазітыўна ацэньваем гатоўнасць да канструктыўнага дыялогу і каардынацыі дзеянняў па міжнародным напрамку сумесна з Каардынацыйнай радай.
Разам з тым працоўная група хацела б акрэсліць кола пытанняў, якія, на наш погляд, патрабуюць пільнай увагі прадстаўніка АПК па замежных справах на працягу наступнай кадэнцыі з мэтай узмацнення эфектыўнасці работы па гэтым напрамку. Для пачатку важна адзначыць некалькі сістэмных і агульных для ўсіх дэпартаментаў праблем:
- Асноўнай цяжкасцю, з якой сутыкаюцца ўсе прадстаўнікі АПК, з’яўляецца слаба выяўленая сістэмнасць падыходу да фінансавага забеспячэння працы Кабінета. Паколькі гэта пытанне ў роўнай ступені датычыцца ўсіх профільных напрамкаў, яно выклікае сур’ёзныя апасенні адносна ўстойлівасці і эфектыўнасці функцыянавання органа цалкам. Такім чынам, агульнай рэкамендацыяй для апарата Кабінета з’яўляецца пошук чалавечага рэсурсу, выпрацоўка стратэгіі прыцягнення сродкаў і забеспячэнне ўстойлівага фінансавання для далейшага інстытуцыйнага развіцця Кабінета і павышэння паказчыкаў яго профільнай дзейнасці;
- Таксама на дадзены момант застаецца нявысветленым да канца пытанне аб функцыянальным падзеле паўнамоцтваў па міжнароднай дзейнасці паміж чатырма палітычнымі суб’ектамі (ОПК, ОСЦ, КРБ і НАУ), так і ўнутры структурных падраздзяленняў АПК. Рэкамендуецца зафіксаваць у пісьмовым выглядзе і апублікаваць на адпаведных рэсурсах усіх 4-х органаў дакладны падзел зон адказнасці з мэтай сістэматызаваць узаемадзеянне, пазбегнуць магчымага дубліравання працы і супярэчлівых пасылаў стратэгічным партнёрам дэмакратычных сіл Беларусі;
- Існуюць тры ключавых пытанні, дакладнасць фармулёвак і сінхранізацыя па якіх мае прынцыповае значэнне для паспяховасці адвакацыйных намаганняў на міжнароднай арэне. Да гэтых пытанняў адносяцца: 1) падыходы да вызвалення палітвязняў; 2) пытанне аб прызнанні ці непрызнанні акупацыі тэрыторыі Рэспублікі Беларусь; 3) жорсткі санкцыйны падыход у дачыненні да рэжыму ў процівагу больш дыферэнцыяванага падыходу, напрыклад, які ўключае магчымасць палітычных перамоваў. Адсутнасць кансэнсусу па гэтых пытаннях сярод палітычных акцёраў адлюстроўвае палярнасць меркаванняў у беларускім грамадстве ў цэлым. Аднак, у адрозненне ад грамадскай дыскусіі, міжнародная адвакацыя патрабуе ўзгодненасці пазіцый сама меней у рамках аднаго палітычнага суб’екта. У адваротным выпадку прапанова ўзаемавыключальных тактык прывядзе да дэзарыентацыі саюзнікаў і партнёраў і, як следства, паніжэнню даверу да органа, які транслюе супярэчлівыя пазіцыі, а далей – і ўсяму дэмакратычнаму руху. Рэкамендуецца праз экспертныя дыскусіі і аналіз выпрацаваць больш кансалідаваную пазіцыю ОПК па дадзеных пытаннях.
- Пры супрацоўніцтве з экспертнай супольнасцю неабходна распрацаваць і канкрэтызаваць планы, паставіць задачы і дэталізаваць вымераныя паказчыкі па асноўных напрамках знешнепалітычнай дзейнасці на наступны год з мэтай ацэнкі эфектыўнасці па заканчэнні наступнага тэрміну паўнамоцтваў прадстаўніка.
Рэкамендацыі
Рэкамендацыі адносна тэматычных і рэгіянальных напрамкаў работы прадстаўніка АПК па замежных справах:
- Прадставіць для сумеснага разгляду план дзеянняў на міжнароднай арэне па абароне незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Беларусі, згаданы прадстаўніком у дакладзе;
- Прапанаваць шматбаковы і рознаўзроўневы стратэгічны дыялог з Украінай з прыцягненнем экспертнай супольнасці, прадстаўнікоў НДА, гуманітарных арганізацый, пры ўдзеле ўсіх палітычных суб’ектаў дэмакратычных сіл Беларусі;
- Інтэнсіфікаваць партнёрскія адносіны з такімі краінамі Усходняга партнёрства, як Малдова і Грузія;
- Пачаць аналіз і распрацоўку стратэгіі па ўсходнім вектары, у прыватнасці, па такіх краінах, як Японія, Паўднёвая Карэя, Індыя. Артыкуляваць пазіцыю па надыходзячым уступленні Беларусі ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва;
- Прыярэтызаваць міграцыйныя пытанні і пытанні абароны правоў беларусаў за мяжой. Надаць асаблівую ўвагу візавым пытанням для прафесійнай і адукацыйнай дзейнасці. А таксама працягнуць актыўную працу па распрацоўцы ідэі пашпарта “Новай Беларусі” і/ці іншых альтэрнатыўных відаў ідэнтыфікацыйных дакументаў беларусаў;
- Сумесна з прадстаўніцай АПК па сацыяльных пытаннях распрацаваць прапановы для заходніх партнёраў датычна рэабілітацыі беларускіх палітвязняў і іх сем’яў за мяжой;
- Распрацаваць у каардынацыі з іншымі палітычнымі суб’ектамі дэмакратычных сіл Беларусі дарожную карту па стратэгічным дыялогу і развіццю адносінаў ЗША;
- Распрацаваць у каардынацыі з іншымі палітычнымі суб’ектамі дэмакратычных сіл Беларусі стратэгію па паляпшэнні іміджу дэмакратычнай Беларусі, у сiтуацыі росту негатыўнага ўспрыняцця дэмакратычнай часткі беларускага насельніцтва як часткі супольнасці, якая падтрымлівае вайну ва Украіне. Прыняць захады для недапушчэння атаясамлення беларускага і расейскага грамадства, які зараз спрыяе распаўсюду каланіяльнага расейскага наратыву. Надаць асобную ўвагу пытанню пазіцыянавання іміджу дэмакратычнай Беларусі праз прасоўванне бізнесу беларускага паходжання.
- Распрацаваць у каардынацыі з іншымі палітычнымі суб’ектамі дэмакратычных сіл стратэгію па геапалітычным выбары Беларусі.
Рэкамендацыі адносна аперацыйнага ўзаемадзеяння з Каардынацыйнай радай:
- Сумесна з Міжнароднай камісіяй КР узмацніць каардынацыю па ўзгадненні ключавых тэзісаў перад міжнароднымі сустрэчамі высокага ўзроўню;
- Сумесна з Міжнароднай камісіяй КР сістэматызаваць дэбрыфінгі па выніках замежных візітаў абодвух органаў;
- Сумесна з Міжнароднай камісіяй КР узмацніць каардынацыю па пытаннях узаемадзеяння з нацыянальнымі парламентамі краін ЕЗ;
Справаздача працоўнай групы па слуханнях прадстаўніка АПК па сацыяльнай палітыцы Вольгі Гарбуновай
Вызначэнне сацыяльнай палітыкі
Сацыяльная палітыка адносіцца да дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на задавальненне патрэб грамадства. Галоўная задача сацыяльнай палітыкі – паўплываць на тое, як уладкаванае грамадства, і на правы, свабоды і абавязкі грамадзян.
Сацыяльная палітыка дэмакратычнай дзяржавы робіць магчымым ахапіць некалькі сфер рэгулявання, якія дапамагаюць грамадзянам падтрымліваць высокі ўзровень жыцця – гэта сацыяльная абарона насельніцтва, палітыка занятасці, ахова здароўя, адукацыя і жыллёвая палітыка. Эфектыўная сацыяльная палітыка садзейнічае паляпшэнню якасці жыцця, зніжэнню няроўнасці і беспрацоўя, павышэнню ўзроўню адукацыі і аховы здароўя насельніцтва. У прававой і сацыяльнай дзяржаве ў сацыяльнай палітыцы ёсць дзве функцыі – ахоўная і прадукцыйная. Ахоўная роля сацыяльная палітыкі – забяспечваць і абараняць падтрыманне мінімальна камфортнага ўзроўню жыцця грамадзян, якім можа спатрэбіцца дапамога дзяржавы (страта працы, страта працаздольнасці і г.д.), тады ж калі прадукцыйная функцыя нясе адказнасць за забеспячэнне інвестыцый у назапашванне чалавечага капіталу, маючы на ўвазе тое, што эфектыўная сацыяльная палітыка можа стымуляваць рост эканомікі і павысіць узровень жыцця насельніцтва.
Сацыяльная палітыка ў кантэксце Беларусі
Фальсіфікацыя вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі прывяла да перыяду палітычнай нестабільнасці і гвалту з боку рэжыму А. Лукашэнкі. Гэтыя падзеі выявілі высокі ўзровень уразлівасці беларусаў на прававым і сацыяльным узроўнях. Многія беларусы сутыкнуліся не толькі з дыскрымінацыяй, звальненнямі з працы, штрафамі і іншымі негатыўнымі наступствамі за свой удзел у пратэстах і выказванне сваіх палітычных поглядаў, але таксама падвергліся арыштам, а часта і катаванням ва ўмовах турэмнага зняволення.
Многія аспекты афіцыйнай сацыяльнай палітыкі Беларусі і іх прымяненне ў галінах дабрабыту, абароны ўразлівых груп насельніцтва сёння маюць сумнеўную этычную каштоўнасць і часта кідаюць выклік міжнародна прызнаным этычным нормам. Ёсць пераканаўчыя доказы таго, што многія ўразлівыя групы беларускага грамадства (напрыклад, людзі з інвалiднасцю; асобы, якія пакутуюць ад фізічных і псіхічных захворванняў; асобы, якія маюць праблемы з ужываннем псіхаактыўных рэчываў і алкаголю і г.д.) падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню з боку беларускай дзяржавы. Гэта ж распаўсюджваецца і на палітычных зняволеных Беларусі, у месцах пазбаўлення волі – катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя або прыніжаючыя годнасць віды абыходжання і пакарання – з’яўляюцца частай практыкай.
У перыяд 2020-2023 гг. пераважная большасць НДА ў Беларусі, уключна з НДА сацыяльнага напрамку, сутыкнуліся з прымусовай ліквідацыяй або прынялі рашэнне аб самаліквідацыі і прыпынілі сваю дзейнасць. Многія НДА былі прызнаныя “замежнымі агентамі” ці “паразітамі” і падвергліся штрафам і іншым абмежаванням. Некаторыя арганізацыі не змаглі працягваць сваю працу праз тое, што ім адмаўлялі ў дзяржаўнай рэгістрацыі ці пазбаўлялі іх фінансавання. Такія дзеянні ўрада прывялі да скарачэння прасторы для дзейнасці НДА ў Беларусі і абмежавання доступу да інфармацыі і рэсурсаў, неабходных для іх працы. Гэта сутнасна скараціла прастору сацыяльных паслуг, якія ажыццяўляліся беларускімі НДА.
Сфера медыцыны падвергнулася вялікай колькасці рэпрэсій, маштаб якіх быў зафіксаваны Фондам медыцынскай салідарнасці. Фонд вядзе ўлік рэпрэсій у дачыненні да медыцынскіх работнікаў са жніўня 2020 года (гл. Дадатак ¹). Рэпрэсіі ў Беларусі закранулі не толькі палітвязняў, але і іх дзяцей, некаторыя з якіх падвергліся надзорчаму ўздзеянню сістэмы так званай крымінальнай юстыцыі аўтарытарнай беларускай дзяржавы. Такім чынам, ад рэпрэсій беларускіх уладаў церпяць не толькі самі палітвязні, але і іх дзеці, некаторыя з якіх зараз вымушаныя жыць без бацькоў.
Беларускія ўлады выкарыстоўваюць сістэму правасуддзя для дадатковага пакарання тых, хто ўжо з’яўляецца ахвярай катаванняў, але адначасова не карае вінаватых у супрацьпраўных дзеяннях.
Вышэйсказанае дэманструе, што беларуская аўтарытарная дзяржава не здольная забяспечыць сваім грамадзянам асноўныя прынцыпы сацыяльнай абароны, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай прававой і сацыяльнай дзяржавы.
Апісанне дзейнасці прадстаўніка ў справаздачны перыяд
АПКБ з’яўляецца выканаўчым органам, які быў створаны Святланай Ціханоўскай на канферэнцыі “Новая Беларусь” 9 жніўня 2022 года. Прадстаўніца па сацыяльных пытаннях АПКБ Вольга Гарбунова (далей прадстаўніца) была прызначаная 26 снежня 2022 года. Справаздача па дзейнасці Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце Беларусі (далей прадстаўніцтва) ахоплівае перыяд з лютага па ліпень 2023 года.
Згодна з Рэгламентам дзейнасці АПКБ ад 22 верасня 2022 года, адной з прыярытэтных мэтаў Кабінета з’яўляецца вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітвязняў, што ўваходзіць у кампетэнцыю прадстаўніка па сацыяльнай палітыцы. Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы таксама адказвае за распрацоўку і рэалізацыю праграм і мабілізацыю рэсурсаў для “аказання дапамогі беларусам, якія пацярпелі ў сувязі з палітычным крызісам, а таксама распрацоўку і рэалізацыю праграм і мерапрыемстваў па рашэнні бягучых сацыяльных праблем беларускіх грамадзян(ак)”.
Трэба адзначыць, што першыя 3 месяцы дзейнасці прадстаўніца працавала адна і знаходзілася ў пошуку рэсурсаў на стварэнне каманды. На дадзены момант прадстаўніцтва складаецца з прадстаўніцы, намесніцы і групы валанцёрак: актыўных 7 чалавек. За апошнія 7 месяцаў прадстаўніцы сумесна з намеснікам кіраўніка апарата АПКБ удалося прыцягнуць 20.908 еўра, якія пайшлі на падтрымку дзейнасці каманды з 5 чалавек⁷.
У выніку працэсу слуханняў стала вядома, што праца Прадстаўніцтва ў структуры АПК уключае:
- Штотыднёвыя і экстраныя пасяджэнні: правядзенне рэгулярных і неадкладных сустрэч для абмеркавання бягучых пытанняў і прыняцця рашэнняў;
- Падрыхтоўку і афармленне неабходнай дакументацыі, у тым ліку пратаколаў пасяджэнняў, справаздачаў аб дзейнасці і іншых дакументаў;
- Выпрацоўку стратэгіі: распрацоўку доўгатэрміновых мэт і планаў дзеянняў для дасягнення пастаўленых задач;
- Супрацоўніцтва з іншымі Прадстаўнікамі АПК – устанаўленне кантактаў, узаемадзеянне і супрацоўніцтва для рэалізацыі сумесных задач.
У выніку дадаткова прадстаўленай прадстаўніцай інфармацыі пасля азнаямлення з матэрыяламі, падрыхтаванымі ёй для слуханняў у перыяд з лютага па ліпень 2023 года працоўнай групе стала вядома, што работа праходзіла па наступных напрамках:
- Вызваленне палітвязняў;
- Рэабілітацыя і медыка-сацыяльная дапамога палітвязням;
- Фарміраванне супольнасцяў;
- Інфармаванне аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі;
- Стварэнне інфраструктуры для аказання сацыяльнай дапамогі ўразлівым групам;
- Распрацоўка канцэпцый рэформаў у сферы сацыяльнай палітык.
У выніку слуханняў па працы Прадстаўніцтва стала відавочным, што на сённяшні дзень адсутнічае адзіная стратэгія па вызваленні палітвязняў, аб якой маглі б дамовіцца асноўныя палітычныя структуры дэмакратычнага руху. Наяўных у распараджэнні Прадстаўніцтва рэсурсаў (як чалавечых, так і фінансавых) не дастаткова для правядзення працы, неабходнай для вызвалення палітвязняў. Неабходнасць тэрміновых дзеянняў і аб’яднання намаганняў усіх структур, здольных дапамагчы ў вызваленні палітвязняў з’яўляецца вострай.
Можна зрабіць заключэнне, што развітая сетка фондаў і ініцыятыў, якія аказваюць дапамогу палітвязням і іх сем’ям у Беларусі, дазваляе ахапіць спектр неабходны для аказання фінансавай, юрыдычнай, псіхалагічнай і медыцынскай дапамогі і іншыя формы падтрымкі. Аднак, супрацоўніцтва і каардынацыя дзеянняў паміж акцёрамі неабходна не толькі для ацэнкі патрэбаў, але і для пабудовы сфакусаванай канцэпцыі рэабілітацыі і рэсацыялізацыі гэтай групы насельніцтва.
Стварэнне супольнасці палітвязняў, якія выйшлі, і правядзенне мерапрыемстваў для падтрымкі і дапамогі сем’ям палітвязняў з’яўляецца першым крокам да таго, каб голас вызваленых палітвязняў быў пачуты. Публічная праца ў гэтым напрамку павінна працягвацца, каб звярнуць увагу грамадскасці на неабходнасць падтрымкі палітвязняў пасля іх вызвалення.
Узровень інфармаванасці і даступнасці сацыяльнай дапамогі ў Беларусі з’яўляецца нізкім і можа быць звязаны з недаверам да дзяржаўных органаў, страхам і ліквідацыяй многіх НДА ў Беларусі. Стварэнне Платформы “Адно акно” зможа паспрыяць паляпшэнню сітуацыі і забеспячэнню больш сфакусаванай і эфектыўнай інфармацыйна-кансультатыўнай падтрымкі тым, хто мае патрэбу ў сацыяльнай дапамозе.
Праца акаўнта Клопат_бай, які з’яўляецца афіцыйным каналам інфармавання Прадстаўніцтва, прыцягвае ўвагу беларусаў не толькі за мяжой, але і ў Беларусі⁸. Публікацыі ў інстаграме змяшчаюць важную інфармацыю і асвятляюць разнастайныя аспекты праблем, з якімі сутыкаюцца розныя групы людзей. Таксама Клопат_бай адыграў вялікую ролю ў інфармацыйна-медыйнай падтрымцы марафону па збору дапамогі для палітвязняў з 12-гадзінным кантэнтам па тэме.
Важна заўважыць каштоўнасць праведзенай работы па аналізе сацыяльнага заканадаўства ў Рэспубліцы Беларусь у рамках створанай групы, мэтай якой з’яўляецца распрацоўка канцэпцыі рэформ у сферы сацыяльных палітык для будучыні, уключаючы стварэнне інстытутаў Амбудсменаў па правах чалавека, абароне правоў жанчын і правоў дзяцей. Для паспяховага працягу працы неабходна прыцягненне экспертаў для дэталёвай прапрацоўкі канцэпцыі.
Рэкамендацыі
У выніку аналізу інфармацыі працоўнай групай КР па правядзенні слуханняў прадстаўніцы АПК па сацыяльнай палітыцы была распрацавана серыя стратэгічных рэкамендацый, а таксама шэраг рэкамендацый па напрамках.
Стратэгічныя рэкамендацыі:
- Акрэсліць палітычную пазіцыю і ўсталяваць узаемадзеянне з актарамі грамадзянскай супольнасці ў рамках палітычнага мандата;
- Даць вызначэнне паняццю “Сацыяльная палітыка” Аб’яднанага Пераходнага Кабінета для забеспячэння адзінага разумення ўнутры і звонку арганізацыі;
- Дапрацаваць стратэгію прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы⁹:
А) канкрэтызаваць, якія менавіта галіны сацыяльнай палітыкі будуць з’яўляцца прыярытэтамі, і якія ініцыятывы і мерапрыемствы будуць садзейнічаць іх дасягненню;
Б) канкрэтызаваць мэтавыя групы ў рамках дзейнасці па сацыяльнай палітыцы на найбліжэйшы год. - Правесці комплекснае даследаванне патрэбаў беларусаў унутры і па-за Беларуссю для выяўлення найбольш значных праблем, якія патрабуюць неадкладных дзеянняў і рэсурсаў;
- Размеркаваць адказнасць унутры АПК за асобныя напрамкі сацыяльнай палітыкі шляхам вызначэння намеснікаў прадстаўніцы па ключавых сегментах сацыяльнай палітыкі для забеспячэння эфектыўнага кіравання і аператыўнага рэагавання на змены;
- Узмацніць партнёрства і каардынацыю з ініцыятывамі і арганізацыямі, якія працуюць па розных пытаннях сацыяльнай палітыкі як унутры, так і па-за межамі Беларусі, для дасягнення большай рэзультатыўнасці і зніжэння рызык дублявання дзейнасці;
- Праводзіць публічныя дыскусіі па ключавых напрамках сацыяльнай палітыкі ў супрацоўніцтве з КР і іншымі зацікаўленымі арганізацыямі або экспертамі, для выпрацоўкі кансалідаванай пазіцыі і стратэгіі па асобных напрамках работы;
- Павялічыць колькасць пытанняў, якія прасоўваюцца адвакатыўнай сферы. Уключыць у гэты спіс пытанні, якія датычацца моладзі, уразлівых груп і іншых сацыяльных катэгорый Беларусі;
- Узмацніць працу па фармаванні палітык, адвакатыўную працу з міжнароднымі арганізацыямі па прасоўванні стратэгічных прыярытэтаў і ў рамках мандата прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы;
- Устанавіць сістэму маніторынгу і ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці АПК у сферы сацыяльнай палітыкі, заснаваную на канкрэтных індыкатарах змяненняў для пастаяннага аналізу дасягнутых вынікаў.
Рэкамендацыі па асобных напрамках:
- Палітвязні
– распрацаваць стратэгію вызвалення палітвязняў сумесна з рэлевантнымі прадстаўнікамі дэмакратычных сіл і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці;
– структураваць падтрымку праз інфармацыйныя кампаніі, якія праводзяцца рознымі арганізацыямі (уключаючы міжнародных партнёраў);
– распаўсюджваць інфармацыю пра палітвязняў у сацыяльных сетках, у блогах, на інтэрнэт-платформах, а таксама праз СМІ;
– садзейнічаць аказанню фінансавай падтрымкі палітвязням, былым палітвязням, сем’ям палітвязняў;
– лабіраваць выкарыстанне механізмаў і інструментаў міжнароднага ціску на рэжым з мэтай вызвалення палітычных зняволеных. - Ахова здароўя
– аднавіць працу экспертнай рады па выпрацоўцы рэформаў сістэмы аховы здароўя;
– звярнуць увагу на працу з уразлівымі групамі пацыентаў, з якімі раней актыўна працавалі НКА (пацыенты з арфаннымі захворваннямі, пацыенты са злаякаснымі захворваннямі, ВІЧ-станоўчыя людзі);
– распрацаваць стратэгію стварэння гуманітарных калідораў для пастаўкі лекаў і медыцынскай тэхнікі ў Беларусь;
– звярнуць увагу на падтрымку сістэмы тэлемедыцынскай дапамогі (еЗдароўе) для кансультацыі пацыентаў унутры Рэспублікі Беларусь, асабліва ў аддаленых раёнах і сярод пацыентаў з уразлівых груп;
– звярнуць увагу на падтрымку ўжо існуючых ініцыятыў і дзейных праграм, якія аказваюць псіхалагічную дапамогу беларусам як унутры краіны, так і за яе межамі, у тым ліку праз правядзенне інфармацыйных кампаній і рэалізацыю сумесных ініцыятыў для зніжэння стыгматызацыі псіхалагічнай дапамогі, стварэнне цэнтраў псіхалагічнай падтрымкі для беларусаў за мяжой, падтрымка людзей, якія перажываюць досвед псіхічных захворванняў. - Занятасць і рынак працы
– у каардынацыі з дыяспаральнымі арганізацыямі і іншымі актарамі (ОСЦ, КР, іншыя), ажыццяўляць работу па аблягчэнні доступу тых, хто вымушана эміграваў да рынку працы ў краінах ЕЗ, асабліва для ўразлівых груп, такіх як моладзь, людзі, якія маюць інваліднасць, людзі старэйшага ўзросту;
– пашырэнне магчымасцяў для ўдзелу ў праграмах па развіццю прадпрымальніцтва і атрымання стажыровак у Еўрапейскіх кампаніях і інстытуцыях, асабліва для моладзі. - Распрацоўка праектаў рэформ
– узмацніць кірунак па распрацоўцы праектаў рэформаў у сацыяльнай сферы ў цеснай каардынацыі з усімі зацікаўленымі арганізацыямі і ініцыятывамі, якія валодаюць экспертызай у розных сектарах сацыяльнай палітыкі і/або працуюць з канкрэтнымі ўразлівымі групамі. - Падтрымка сем’яў з дзецьмі, якія маюць інваліднасць
– узмацнiць накірунак працы па падтрымцы сем’яў з дзецьмі, якія маюць інваліднасць як унутры Беларусі, так і на эміграцыі, якія пацярпелі ад рэпрэсій і вымушана выехалі іх краіны;
– садзейнічаць арганізацыі лячэння/рэабілітацыі дзяцей у каардынацыі з існуючымі праграмамі за мяжой. - Моладзь
– кааперацыя з маладзёжнымі парадамі і арганізацыямі па стварэнню пляцовак для актыўнага ўдзелу моладзі ў распрацоўцы маладзёжнай палітыкі;
– актыўнае ўцягванне моладзі ў працэсы прыняцця рашэнняў па пытаннях сацыяльнай палітыкі. - Барацьба з дыскрымінацыяй
– каардынацыя намаганняў з існуючымі ініцыятывамі па сацыяльнай інтэграцыі і барацьбе з дыскрымінацыяй па прыкмеце полу, расы, узросту, этнічнай прыналежнасці, сексуальнай арыентацыі і інваліднасці.
Справаздача працоўнай групы па слуханнях прадстаўніка АПК па аднаўленні правапарадку і законнасці Аляксандра Азарава
Апісанне дзейнасці прадстаўніка ў справаздачны перыяд
У асноўныя задачы прадстаўніцтва па аднаўленні правапарадку і законнасці ўваходзіла:
- Арганізацыя і ажыццяўленне мерапрыемстваў па аднаўленні ў Рэспубліцы Беларусь канстытуцыйнага ладу, законнасці і правапарадку.
- Арганізацыя і ажыццяўленне мерапрыемстваў па выяўленні, расследаванні і фіксацыі злачынстваў, якія здзяйсняюцца прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі.
- Арганізацыя, распрацоўка і карэкціроўка мабілізацыйнага плана “Перамога” па аднаўленні законнасці і правапарадку ў Беларусі.
- Праца з грамадзянамі РБ, у тым ліку з дзейснымі супрацоўнікамі сілавых структур, праваахоўных органаў, органаў улады і кіравання Беларусі, накіраваная на з’яўленне ў іх матывацыі прыняць удзел у аднаўленні законнасці і правапарадку ў Беларусі.
- Распрацоўка і ажыццяўленне контрразведвальных мер па папярэджанні, выяўленні і спыненні разведвальнай і іншай дзейнасці праціўніка.
Інструментам для вырашэння галоўнай задачы па аднаўленні канстытуцыйнага ладу ў РБ пад час слухання Аляксандр Азараў назваў план “Перамога”. Гэты план прадугледжвае мабілізацыю беларускага грамадства як унутры краіны, так і за мяжой для сумесных дзеянняў, па адзінай задуме ва ўмовах спрыяльных для яго рэалізацыі. Гэтыя ўмовы, па словах Азарава, яшчэ не наступілі, але могуць надысці ў самы бліжэйшы і нечаканы час.
У частцы рэалізацыі арганізацыяй беларускіх сілавікоў “BYPOL” праводзіліся асабістыя гутаркі з удзельнікамі плана, камплектаваліся давераныя групы-ячэйкі ўнутры Беларусі, праводзіўся інструктаж. Вынікам вывучэння мабілізацыйных рэсурсаў і працы з актывістамі стала правядзенне сумеснай з СБУ спецыяльнай аперацыі на ваенным аэрадроме Мачулішчы ў лютым 2023 года. У выніку яе быў пашкоджаны ваенны самалёт радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50. На момант складання гэтай справаздачы самалёт знаходзіўся на рамонце і не знаходзіўся на баявым дзяжурстве. Вынікам таксама стала моцнае ўскладненне для расейскіх войскаў правядзення ваенных паветраных аперацый, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. Таксама гэтая акцыя стала сведчаннем для сусветнай супольнасці таго, што беларусы ўнутры краіны працягваюць барацьбу з рэжымам і падтрымліваюць Украіну.
У рамках рэалізацыі гэтага плана праводзілася закупка неабходных сродкаў, прызначаных на гэтыя мэты. Сам план “Перамога” быў адкарэктаваны і дапрацаваны з улікам наяўнай абстаноўкі ў рэгіёне, запланаваны неабходныя мерапрыемствы. Раней падрыхтаваныя ўдзельнікі спецыяльных аперацый накіраваны ў Украіну для павышэння ўзроўню прафесійнай і псіхалагічнай падрыхтоўкі ў складзе ЗСУ. Частка добраахвотнікаў пасля праходжання падрыхтоўкі і выканання пастаўленых задач вярнулася, частка працягвае выконваць пастаўленыя задачы.
Супольна з прадстаўніцтвам па абароне і нацыянальнай бяспецы пад кіраўніцтвам Валерыя Сахашчыка распачата работа па стварэнні “Харугваў”. Яны створаны ў 9 польскіх і літоўскіх гарадах. У наш час большасць з іх аб’яднаны ў самастойную структуру “Паспалітае рушэнне”. “Харугвам” для навучання быў перададзены наяўны рыштунак. Прадстаўніцтва працягвае аказваць “Харугвам” метадычную, кансультацыйную і іншую дапамогу па запыце.
Сумесна з прадстаўніцтвам па транзіце ўлады ажыццяўляецца верыфікацыя прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі для ўключэння ў санкцыйныя спісы Еўразвяза і ЗША. А таксама аказваецца дапамога па зборы доказаў саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з тэрыторыі краіны.
Ініцыятывы беларускіх сілавікоў аказваюць дапамогу дэмакратычным сілам Беларусі ў пытаннях бяспекі. Па запытах Офіса Святланы Ціханоўскай (ОСЦ), Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі (АПК), дзяржаўных органаў Польшчы, Літвы, Украіны, ЗША, Вялікабрытаніі і іншых краін верыфікавана больш за 8 998 (васьмі тысяч дзевяцьсот дзевяноста васьмі) грамадзян Беларусі, сярод якіх 486 (чатырыста восемдзесят шэсць) беларусаў правераны па запыце СБУ для атрымання магчымасці разблакіроўкі банкаўскіх рахункаў, што належаць ім, на тэрыторыі Украіны.
За мінулы перыяд праведзены комплекс контрвыведніцкіх мерапрыемстваў па праверцы і выяўленні асоб, якія працягваюць супрацоўніцтва з рэжымам і агентаў уплыву ўнутры краіны і за мяжой. Больш за 70 (сямідзесяці) чалавек прайшлі праверку на паліграфе.
Праведзена праца па выяўленні прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, якія маюць дачыненне да злачынстваў супраць беларускага народа ў краінах Еўразвязу. Вынікі праверак перададзены ў мясцовыя праваахоўныя органы для прыняцця мер рэагавання. Прыкладам такой працы з’яўляецца звальненне з польскай транспартнай кампаніі правакатара Камара, які займаўся выяўленнем беларусаў-патрыётаў і перадаваў аб іх звесткі сілавым структурам Лукашэнкі.
Праведзена работа па садзейнічанні выкананню місіі Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ў зборы доказаў у галіне парушэння правоў чалавека ў Беларусі. У сувязі з гэтым ажыццяўляўся пошук сведкаў з ліку былых сілавікоў і пацярпелых, прадастаўленне інфармацыі з баз даных і іншае.
Было апытана ў якасці сведкаў 18 (васямнаццаці) супрацоўнікаў BYPOL. Па выніках даклада АКПЧ ад 4 сакавіка 2022 года аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх, мандат рады АКПЧ па гэтых пытаннях падоўжаны яшчэ на адзін год. Да гэтага часу мы даем сведкаў, якіх дадзеная арганізацыя апытвае.
Ажыццёўлены шэраг інфармацыйных кампаній і аперацый па інфармацыі атрыманай ад удзельнікаў плана “Перамога”, з мэтай дыскрэдытацыі рэжыму Лукашэнкі. Апублікавана 34 (трыццаць чатыры) паста па дадзенай тэме ў сацсетках.
Вядзецца збор доказаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі па найбольш рэзанансных злачынствах. Апублікавана на ютуб-канале BYPOL 19 (дзевятнаццаць) ролікаў з такімі расследаваннямі.
У бліжэйшых планах дзейнасць прадстаўніцтва будзе накіравана на наступнае:
- Працяг працы з актывістамі-ўдзельнікамі плана “Перамога” унутры краіны і за мяжой у мэтах вывучэння агентурнай працы і верыфікацыі.
- Правядзенне спецыяльнай падрыхтоўкі беларусаў згодна з патрэбамі, камплектаванне груп спецыяльных аперацый, верыфікацыя беларусаў па запытах дзяржаўных органаў замежных краін і беларускіх дэмакратычных арганізацый. А таксама для ўнясення ў санкцыйныя спісы.
- Збор доказаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі.
- Правядзенне інфармацыйных кампаній, інфармацыйна-псіхалагічных аперацый. У тым ліку інфармацыйнае супрацьборства для атрымання інфармацыйнай перавагі над супернікам.
- Правядзенне практычных мерапрыемстваў. Размеркаванне і перадача ў часовае карыстанне ўдзельнікам плана Перамога рэсурсаў, якія ёсць у Беларусі – нерухомасці, транспарту і іншых матэрыяльных рэсурсаў. Набыццё сродкаў разведкі і сувязі для рэалізацыі мерапрыемстваў плана “Перамога”.
Агульная ацэнка дзейнасці прадстаўніка
На падставе папярэдняга вывучэння дзейнасці, вуснай справаздачы прадстаўніка ў членаў працоўнай групы па слуханнях склалася ўстойлівае ўражанне аб неразуменні ролі і задач лідара – прадстаўніка АПК. Яно грунтуецца на спробах пазбегнуць адказаў на нязручныя пытанні, ухіленні ад адказнасці, залішняй эмацыйнасці і агульных лозунгах замест прамых адказаў і абмеркаванняў. На пытанне аб памылках і іх выпраўленні быў дадзены агульны адказ, што яны ёсць ва ўсіх, хто працуе. Цэнтральным фокусам дзейнасці прадстаўніка з’яўляўся план “Перамога”, аднак на момант справаздачы прынятыя ў кастрычніку 2022 года рашэнні АПК адносна азнаямлення з планам профільных арганізацыяў засталіся не выкананымі. Больш за тое, нават Дэпартамент нацыянальнай абароны і бяспекі АПК па заяўленні В. Сахашчыка пад час слуханняў не валодаў сутнаснымі дэталямі плана, і не мог даць яму ацэнку. Частка дзейснасці прадстаўніка звязаная к кааперацыяй з замежнай спецслужбай – СБУ – з’яўляецца не адпаведнай мандату прадстаўніка, хаця можа быць дапушчальная ў рамках арганізацыі BYPOL. Цяжка раздзяліць дзейнасць прадстаўніка як кіраўніка BYPOL і ягоную дзейнасць як прадстаўніка АПК. Адным з вынікаў дзейнасці прадстаўніка стаў канфлікт і раскол арганізацыі ў супольнасці сілавікоў BYPOL, адказы прадстаўніка па сутнасці канфлікту, спосабам вырашэння, канчатковай адказнасці за вырашэнне не былі задавальняючымі.
Пад час галасавання дэлегаты Каардынацыйнай рады не падтрымалі ўзгадненне кандыдатуры Аляксандра Азарава як прадстаўніка АПК па аднаўленні правапарадку і законнасці.
Рэкамендацыі
Рэкамендацыі па сутнасці напрамку – аднаўленне правапарадку і законнасці
Аднаўленне правапарадку і законнасці ў Рэспубліцы Беларусь і пазбаўленне рэжыму Лукашэнкі падтрымкі сілавых інстытутаў, такіх як МУС, войска і спецслужбы, уяўляе сабой складаную задачу, якая патрабуе асаблівага стратэгічнага падыходу і асцярожнасці. Важна памятаць, што гэтая задача – самая складаная ў місіі АПК, бо рэжым у асноўным балансуе паміж падтрымкай беларускіх сілавікоў і акупацыйнай уладай Расейскай Федэрацыі.
Ёсць некаторыя падыходы, якія на думку групы могуць дапамагчы стварыць умовы для скарачэння падтрымкі аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі сілавымі інстытутамі:
- Інфармаванне і ўсведамленне. Правядзенне інфармацыйнай кампаніі сярод сілавікоў аб парушэннях правоў чалавека, несправядлівасці і злачынствах аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі можа паступова стварыць усведамленне неабходнасці змены. Гэта можа ўключаць тлумачэнне маральных і этычных аспектаў іх службы, афіцэрскага абавязку, вернасці прысязе і народу Беларусі.
- Прыцягненне да дыялогу. Адкрытая і канструктыўная размова можа дазволіць сілавікам, якія падтрымліваюць рэжым, адкрыта выказаць свае асцярогі і пытанні, а таксама даць стартавую платформу для абмеркавання магчымых змяненняў у іх бягучым становішчы. Пры належным інфармаванні яны разумеюць, што захаванне ўлады рэжымам мае часовыя абмежаванні ў некалькі гадоў, і планаванне іх будучыні і будучыні сем’яў павінна быць найбольш прыярытэтнай іх задачай.
- Забеспячэнне альтэрнатыў. Прадастаўленне альтэрнатыўных шляхоў кар’ернага і сацыяльнага развіцця можа зрабіць больш прывабнай перспектыву працы ў сілавых інстытутах дэмакратычных сіл у выпадку зменаў палітычнай сітуацыі.
- Гарантаванне бяспекі. Гарантаванне бяспекі для супрацоўнікаў сілавых інстытутаў і членаў іх сем’яў можа адной з найбольш важных умоў змянення іх пазіцыі.
- Падтрымка знутры супольнасці. Важна працаваць над тым, каб унутры сілавых інстытутаў сфармавалася крытычная маса патрыётаў, якія падтрымліваюць дэмакратычныя каштоўнасці. Яны могуць гуляць ролю “рухавіка змен” і прама ці ўскосна ўплываць на сваіх калегаў.
- Міжнароднае ўздзеянне. Пагроза прымянення і прымяненне індывідуальных санкцый у адносінах да сілавікоў, якія ўчынілі злачынствы, можа прымусіць іх калег пераасэнсаваць сваю падтрымку рэжыму і вырашыцца на змяненне сваёй пазіцыі.
- Навучанне і прафесійная падтрымка сілавікоў. Прадастаўленне навучання па тэмах правоў чалавека, мірнага вырашэння канфліктаў, прафесійнай этыкі і сістэмы стрымак і проціваг дэмакратычных інстытутаў можа аказаць уплыў на светапогляд прадстаўнікоў розных сілавых інстытутаў і падштурхнуць іх на змену сваёй пазіцыі.
- Мірныя перамовы і дамоўленасці. На думку працоўнай групы, важна пастаянна дэманстраваць гатоўнасць дэмакратычных сіл да перамоваў з прадстаўнікамі сілавых структур аб мірным пераходзе да дэмакратычнай формы дзяржаўнага ладу і да вяршэнства закона, забяспечваючы ім пэўныя гарантыі пры змяненні імі сваёй пазіцыі.
Рэкамендацыi па мэтам, задачам i планам
Працоўная група прапануе разгледзець наступныя рэкамендацыі адносна фармулявання мэт і задач і планавання дзейнасці дэмакратычных сіл па аднаўленні правапарадку і законнасці ў Рэспубліцы Беларусь.
- Дакладнае планаванне і часавыя рамкі. Планаванне грае ключавую ролю ў дасягненні мэт. Працоўная група прапануе сфармуляваць планы дэмакратычных сіл на каляндарны перыяд з ясным вызначэннем мэт і задач, якія павінны быць дасягнуты. Пры планаванні на адзін год ці больш падзел доўгатэрміновых мэт на карацейшыя тэрміны і этапы дапаможа ўтрымліваць увагу на прагрэсе дасягнення мэтаў.
- Маніторынг ключавых паказчыкаў. Вызначэнне ключавых паказчыкаў (KPI), якія найлепшым чынам адлюстроўваюць прагрэс у дасягненні мэт, з’яўляецца найлепшым спосабам маніторынгу эфектыўнасці працы прадстаўніка і каардынуемых ім грамадзянскіх ініцыятыў, якія займаюцца аднаўленнем правапарадку і законнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта могуць быць такія паказчыкі, як узровень грамадскай падтрымкі (з дапамогай сацыяльных апытанняў), колькасць работнікаў праваахоўных органаў, якія адмовіліся ад супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі, колькасць добраахвотнікаў у плане “Перамога”, колькасць перамоваў і тлумачальных гутарак з сілавікамі, якія супрацоўнічаюць з рэжымам Лукашэнкі ды іншыя паказчыкі. Рэгулярны маніторынг і аналіз такіх паказчыкаў дазволіць і АПК і беларускай грамадскасці ацаніць, наколькі паспяхова рэалізуюцца планы.
- Эфектыўная камунікацыя з грамадскасцю. Празрыстасць дзейнасці і камунікацыя з грамадскасцю – ключавыя аспекты ўстанаўлення даверу і кіравання чаканнямі беларускага грамадства. Група рэкамендуе АПК рэгулярна інфармаваць грамадскасць аб мэтах, задачах і прагрэсе, дасягнутым Кабінетам. Важна своечасова даносіць да беларусаў інфармацыю аб тым, якія задачы выконваюцца Кабінетам, а таксама дэманстраваць, якія крокі робяцца для дасягнення поспеху. Больш цеснае супрацоўніцтва і прытрымліванне публічна заяўленых правілаў і рэгламенту пры ўзаемадзеянні з шырэйшым колам незалежных СМІ і рознымі грамадскімі арганізацыямі таксама можа ўзмацніць давер грамадства.
- Гнуткі падыход і карэкціроўка планаў. Сітуацыя ў складаных грамадскіх і палітычных сістэмах можа быць вельмі валацільнай і змяняцца хутка, таму гнуткі падыход да планавання неабходны. Група рэкамендуе АПК хутка адаптаваць свае планы і стратэгіі ў адпаведнасці з новымі выклікамі і абставінамі і рэгулярна праводзіць агляд і ацэнку эфектыўнасці дзеянняў па кожным напрамку і, пры неабходнасці, карэктаваць планы.
- Прыцягненне экспертаў і кансультантаў. Група заклікае АПКБ больш цесна працаваць з экспертнай супольнасцю ў тым ліку і са спецыялістамі – дэлегатамі Каардынацыйнай рады, звяртацца за парадамі і экспертнымі меркаваннямі. Прыцягненне вопытных кансультантаў і спецыялістаў можа дапамагчы распрацоўваць больш эфектыўныя стратэгіі і рэалістычныя планы, а таксама даць незалежную адзнаку прагрэсу.
Выкананне гэтых рэкамендацый дазволіць больш эфектыўна планаваць дзейнасці прадстаўніка па аднаўленні правапарадку і законнасці ў Беларусі, а таксама падтрымліваць давер грамадскасці да яе або яго дзеянняў.
Рэкамендацыі па развіццю сувязей
Развіццё эфектыўных гарызантальных (унутры краіны) і вертыкальных (паміж рознымі групамі) сувязей важнае для выканання місіі АПК па аднаўленні правапарадку і законнасці ў Беларусі. Важна ўстанавіць кантакты і супрацоўніцтва з рознымі групамі беларускага грамадства, уключаючы сілавікоў і ваенных, якія дзейнічаюць і ў запасе, выкладчыцкі склад спецыяльных навучальных устаноў, афіцэрскіх школ, членаў нацыянальных і міжнародных асацыяцый сілавікоў, дзяржаўных служачых і работнікаў дзяржаўных інстытутаў.
У рамках рэалізацыі такіх планаў неабходна выкарыстоўваць асабістыя і прафесійныя сувязі для больш эфектыўнага і плённага ўстанаўлення кантактаў і пашырэння сеткі ўзаемадзеянняў, уключаючы арганізацыю нефармальных сустрэч, каб аблегчыць неафіцыйныя абмеркаванні і даверныя зносіны.
Стварэнне інфармацыйных рэсурсаў, такіх як друкаваныя брашуры, вэб-сайты і сацыяльныя медыя, дапамогуць у прадастаўленні адпаведным групам беларускага грамадства інфармацыі аб бягучых падзеях і планах дэмакратычных сіл на пераходны перыяд на іх мове і ў прыязным для іх успрымання фармаце.
Правядзенне адкрытых прэс-канферэнцый і брыфінгаў, круглых сталоў і адкрытых дыскусій з запрашэннем незалежных СМІ і блогераў для адкрытага дыялогу і разгляду ключавых праблем Беларусі з рознымі групамі грамадства дапаможа стварыць больш цікавую і ўцягваючую форму ўзаемадзеяння з названымі вышэй групамі.
Актыўны ўдзел прадстаўнікоў АПК у нацыянальных і міжнародных падзеях, якія даюць платформу для дыялогу з названымі групамі, таксама з’яўляюцца эфектыўным спосабам для развіцця сувязяў.
Паспяховае развіццё гарызантальных і вертыкальных сувязей запатрабуе актыўнай і ўстойлівай працы, пабудаванай на адкрытасці, дыялогу і павазе меркавання кожнай групы. Такі падыход дасць магчымасць стварыць аснову для перамен у Беларусі і больш устойлівага пераходу краіны да развіцця ў пераходны перыяд.
Рэкамендацыі па інстытуцыйнаму супрацоўніцтву
Аналізуючы даклад Аляксандра Азарава і яго калег з АПКБ, група заўважыла недастатковасць прапрацоўкі дакладнай і ўзгодненай стратэгіі, якая аб’ядноўвае планы і палітычныя пазіцыі членаў Кабінета. У прыватнасці, няма або недастаткова ясна сфармулявана адзіная пазіцыя па цэлым шэрагу пытанняў і наборы прыкладных інструментаў для вырашэння задач, якія маюць вялікае значэнне для беларускага грамадства. Да такіх пытанняў адносяцца вызваленне палітычных зняволеных, магчымыя сцэнары сілавога змены рэжыму Лукашэнкі, пытанні індывідуальных і сектаральных санкцый, а таксама арганізацыя фінансавання дзейнасці Кабінета і яго прадстаўнікоў.
У сувязі з гэтым рэкамендуецца ў кароткія тэрміны распрацаваць і дапрацаваць агульную пазіцыю АПК па кожным з гэтых пытанняў і па кожным наборы інструментаў. Акрамя таго, важна забяспечыць інфармаванне беларускай грамадскасці і зацікаўленых міжнародных структур аб такой пазіцыі, аб планах дзеянняў і аб магчымых умовах іх змянення. Гэта дасць магчымасць забяспечыць кансалідацыю намаганняў і каардынацыю ўсіх прадстаўнікоў у іх планах і дабіцца іх гарманічнага ўзаемадзеяння пры рэалізацыі такіх планаў.
У мэтах рэалізацыі інстытуцыйнага супрацоўніцтва з Каардынацыйнай радай таксама рэкамендуецца арганізаваць азнаямленне асобных членаў Каардынацыйнай рады з ключавымі дэталямі плана “Перамога”. Гэта будзе садзейнічаць больш глыбокаму разуменню і ўзгадненню мэт і стратэгій руху ўсіх дэмакратычных сіл, што ў канчатковым выніку садзейнічае набліжэнню змянення сітуацыі ў Беларусі.
Рэкамендацыі па арганізацыі фінансавання дзейнасці
Важна адзначыць, што грамадская і палітычная дзейнасць дэмакратычных сіл Беларусі патрабуе адказнага падыходу не толькі да перакананняў і палітычнага наратыву, але і да кіравання матэрыяльным забеспячэннем дэмсіл для дасягнення пастаўленых перад ім мэт. Рэкамендуецца адкарэктаваць рыторыку прадстаўнікоў, надаючы ўвагу не толькі палітычным планам, але і іх прагматычным аспектам – стварэнню структуры бюджэтаў і каштарысаў, адказнаму планаванню колькасці супрацоўнікаў у Кабінеце (як штатных, так і аўтсорсных), а таксама ўцягванне валанцёраў у дзейнасць прадстаўнікоў АПК. Гэта надасць планаванню з боку АПК рэалістычнасць, а таксама будзе фармаваць рэалістычныя чаканні ад дзейнасці АПКБ з боку беларускага грамадства.
Варта вылучыць важнасць вядзення самай падрабязнай фінансавай дакументацыі, якая адлюстроўвае дзейнасць АПК. Фінансавыя рэсурсы, выдаткаваныя Кабінетам – гэта рэсурсы, перададзеныя палітычным лідарам дэмакратычнага руху беларусамі і беларускамі на рэалізацыю ўсвядомленай грамадска значнай мэты, і нават калі ў дадзены момант некаторыя прадстаўнікі расходуюць свае сродкі або сродкі ананімных донараў, то скрупулёзная справаздачнасць аб выдатках і выкарыстанні сродкаў будзе служыць асновам для адпаведных кампенсацый у будучыні.
Акрамя таго, фінансавая справаздачнасць – гэта неад’емная частка падмурка даверу паміж грамадствам і палітычнымі лідарамі. Важна не выпускаць з-пад увагі, што нават калі фінансаванне ажыццяўляецца праз гранты і ахвяраванні, выразны і дакладны ўлік усіх выдаткаў з’яўляецца ключавым элементам публічнай дэманстрацыі прафесійнай працы лідаршыпа дэмакратычных сіл.
Такім чынам, прапануецца надаць увагу як стратэгічным, так і практычным аспектам фінансавання і ўліку сродкаў у дзейнасці Аб’яднанага пераходнага кабінета, што ў канчатковым выніку садзейнічае больш эфектыўнаму і ўстойліваму функцыянаванню беларускіх дэмакратычных сіл з любым часовым гарызонтам планавання.
Рэкамендацыі па лідарстве і вырашэнні канфліктаў, каардынацыі працы розных сілавых груп і аб’яднанняў
- Пазіцыянаванне сярод супольнасці сілавых арганізацый. Прадстаўнік Кабінета па аднаўленні правапарадку і законнасці з’яўляецца лідарам супольнасці сілавых арганізацый беларускіх дэмакратычных сіл, такіх як BYPOL, БелПол, КіберПартызаны, сілавыя ініцыятывы беларусаў падполля і іншых. Гэтае лідарства ствараецца на падмурку асабістых якасцяў прадстаўніка – асабістай ініцыятывы, энергіі, харызмы, уменні выступаць публічна, а таксама на аснове легітымнага прызнаванага ўсімі беларусамі лідарства Святланы Ціханоўскай. Асабістае лідарства прадстаўніка па аднаўленні правапарадку і законнасці – здольнасць прымаць і адказваць за прынятыя рашэнні, прызнаваць і выпраўляць памылкі, весці за сабой прыкладам – адыгрывае ключавую ролю ў аб’яднанні сілавых ініцыятыў беларусаў, забеспячэнні іх эфектыўнай каардынацыі і ў паспяховым выкананні імі пастаўленых планаў.
Вельмі важна асабіста актыўна падтрымліваць ініцыятывы, гаварыць пра іх публічна, садзейнічаць рэалізацыі гэтымі арганізацыямі сумесных праектаў, забяспечваць дапамогу ў пошуку неабходных рэсурсаў, папярэджваць і своечасова вырашаць любыя магчымыя канфлікты. Пры гэтым прадстаўнік можа выкарыстоўваць сваю пазіцыю лідара для ўзгаднення рознагалоссяў, прыняцця цяжкіх рашэнняў, а таксама пры неабходнасці прыцягваць медыятараў з беларускай экспертнай супольнасці для эфектыўнага вырашэння спрэчак. Такі падыход садзейнічае ўмацаванню адзінства і супрацоўніцтва ўнутры сілавых арганізацый. Без адзінства і супрацоўніцтва, без рэгламентаванага працэсу ўзаемадзеяння паміж сілавікамі перамога над праўзыходным дысцыплінай апанентам немагчымая. - Прыхільнасць дэмакратычным каштоўнасцям і інстытутам. Лідарства прадстаўніка павінна будавацца на асабістай прыхільнасці прынцыпам дэмакратыі і павагі да правоў чалавека, вернасці прысязе беларускаму народу і афіцэрскаму гонару. Сваім прыкладам прадстаўнік павінен падкрэсліваць свой выбар у асабістай вернасці ўстойлівым дэмакратычным інстытутам і працэсам, падпарадкоўвацца вяршэнству закону і духу права. Лідарства прыкладам з’яўляецца важным аспектам доўгатэрміновай стабільнасці ў выкананні планаў усімі палітычнымі сілавымі структурамі. Прадстаўнік павінен арыентавацца на развіццё дэмакратычных структур, якія будуць функцыянаваць незалежна ад змены лідарскай пазіцыі. Гэта дазволіць забяспечыць гарантаваны працяг дэмакратычнага руху нават пасля змены лідара.
- Падтрыманне рэпутацыі і ўзгодненая палітычная пазіцыя. Рэпутацыя прадстаўніка адыгрывае важную ролю ва ўзаемадзеянні са знешнім светам і ўнутры сілавых арганізацый. Для падтрымання рэпутацыі важна выконваць унутраную дысцыпліну, забяспечваць празрыстасць у фінансавай справаздачнасці і прытрымлівацца дакладна сфармуляванай і выразна выяўленай палітычнай пазіцыі. Група рэкамендуе прадстаўніку ўстрымлівацца ад кантактаў з прэсай без заснаваных на ўзгодненай палітычнай пазіцыі загадзя падрыхтаваных адказаў на любыя вострыя пытанні. Эфектыўнае ўзгадненне гэтай пазіцыі з іншымі членамі кабінета дасць магчымасць падтрымліваць адзінства і каардынацыю ў шэрагах Аб’яднанага пераходнага кабінета і дэмакратычнага руху ў цэлым.
Асабістае лідарства прадстаўнікоў мае вырашальнае значэнне для вяртання Беларусі беларускаму народу. Прытрымліваючыся вышэйназваных рэкамендацый, прадстаўнік будзе садзейнічаць умацаванню супрацоўніцтва паміж сілавымі ініцыятывамі дэмсіл, развіццю і ўмацаванню дэмакратычных каштоўнасцей, падтрыманню рэпутацыі лідараў, забеспячэнню бяспекі ўсіх удзельнікаў і паслядоўнаму выкананню ўсіх планаў. - Рэкамендацыі па забеспячэнні бяспекі актывістаў дэмакратычнага руху Беларусі. У святле спробаў рэжыму Лукашэнкі пагражаць жыццю і здароўю ўдзельнікаў апазіцыі і іх сем’яў, бяспека з’яўляецца галоўным прыярытэтам. Без людзей – няма дэмакратычнага руху. Неабходна распрацаваць і рэалізаваць стратэгію і працэдуры па фізічнай абароне ўдзельнікаў Кабінета і чальцоў сілавых арганізацый. У святле пастаянных пагроз з боку прадстаўнікоў рэжыму, выпадкаў сілавога захопу і экстрадыцыі ў рукі рэжыму актывістаў дэмакратычнага руху гарантаванне бяспекі павінна быць дакладна арганізавана і ахопліваць меры як на тэрыторыі краіны, так і за яе межамі. Рэгулярнае абнаўленне і адаптацыя стратэгіі і працэдур дапамогуць эфектыўна супрацьстаяць пагрозам з боку рэжыму Лукашэнкі.
Справаздача працоўнай групы па слуханнях прадстаўніка АПК па транзiце ўлады Паўла Латушкi
Апісанне дзейнасці прадстаўніка ў справаздачны перыяд
Пытанні працоўнай групы для слуханняў10 складаліся ў адпаведнасці з заяўленымі паўнамоцтвамі прадстаўніка АПК па транзіце ўлады:
- Распрацоўка і прасоўванне праз замежных партнёраў абмежавальных захадаў супраць рэжыму ў адказ на парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіi супраць беларускага народа,
- Дзейнасць па выкарыстанні міжнародных механізмаў прыцягнення да адказнасці датычных да парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў супраць чалавечнасці,
- Падрыхтоўку да транзіту ўлады, развіццё кадравага патэнцыялу і фармаванне рэзерву для дзяржаўных органаў Новай Беларусі.
У працэсе слуханняў былі закранутыя ўсе запланаваныя аспекты. Вынікі дзейнасці былі вельмі падрабязна прадстаўленыя ў справаздачы сп. Латушкі (cа справаздачай можна пазнаёміцца тут: https://tinyurl.com/2dxrravf/). Таму асноўная ўвага пад час слуханняў была нададзена пытанням стратэгіі, празрыстасці і адказнасці дзейнасці Паўла Латушкі і яго каманды.
Агульная ацэнка дзейнасці прадстаўніка
З адказаў сп. Латушкі вынікае, што
I. Дзейнасць яго каманды (і адпаведна вынікі працы) засяроджана на:
- працы з замежнымі партнёрамі па прасоўванню абмежавальных захадаў супраць рэжыму і выкарыстанне міжнародных механізмаў прыцягнення да адказнасці за дзеянні датычных да парушэння правоў чалавека;
- развіцці кадравага патэнцыялу і фармаванне рэзерву для дзяржаўных органаў.
- Іншым аспектам транзіту ўлады, такім як падрыхтоўка плана дзеянняў падчас транзітнага перыяду, надаецца значна менш увагі з-за недахопу рэсурсаў
II. Яго дзейнасць абмежавана, перш за ўсе, недахопам матэрыяльных і нематэрыяльных рэсурсаў.
III. Уся неабходная для разумення вынікаў яго дзейнасці інфармацыя прыведзена ў падрабязнай справаздачы, персанальныя дадзеныя ўдзельнікаў кадравага рэзерву і персанальныя дадзеныя ўкраінскіх дзяцей не могуць быць прадстаўлены з прычыны канфідэнцыяльнасці.
ІV. Рамкі дзейнасці прадстаўніка па транзіце вызначаны ў рэгламенце АПК. Аднак, з прычыны таго, што напрамак дзейнасці прадстаўніка па транзіце ўлады не мае адпаведных аналагаў у дзярж.сістэме і з’яўляецца комплексным, аб’ядноўваючым адразу некалькі сфер дзейнасці, а таксама і таму, што сп. Латушка з’яўляецца і намеснікам кіраўніцы АПК, зразумець рамкі дзейнасці і адказнасці прадстаўніка з’яўляецца складанай задачай нават пасля падавання падрабязнай справаздачы.
Рэкамендацыі
У сувязі з гэтым Каардынацыйная Рада рэкамендуе:
- сумесна з Каардынацыйнай Радай распрацаваць меры па забеспячэнню празрыстасці дзейнасці прадстаўніка;
- сумесна з Каардынацыйнай Радай вызначыць дакладныя рамкі стварэння кадравага рэзерву для пэўных дзяржаўных інстытутаў;
- распрацаваць палажэнне аб прадстаўніцтве па транзіце ўлады , які пазначае сферы кампетэнцыі прадстаўніцтва;
- актывізаваць супрацу з камісіямі і працоўнымі групамі КР, якія таксама займаюцца пытаннямі, уваходзячымі ў сферу кампетэнцыі Прадстаўніка КР, якая займаецца пытаннем санкцый;
- актывізаваць працу над канцэпцыяй транзітнага перыяду, сумесна з Каардынацыйнай Радай;
- арганізаваць прадстаўленне інфармацыі Каардынацыйнай Радзе пра злачынствы рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы супраць украінскіх дзяцей.
АГУЛЬНЫЯ РЭКАМЕНДАЦЫІ ПА ДЗЕЙНАСЦІ АБ’ЯДНАНАГА ПЕРАХОДНАГА КАБІНЕТУ
Па выніках слуханнях Каардынацыйная Рада выказвае агульную падтрымку дзейнасці Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Пасля прадстаўлення справаздачаў дэлегаты Каардынацыйнай рады агульным галасаваннем прынялі рашэнне ўзгадніць кандыдатуры 5-ці членаў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, большасць галасоў дэлегатаў у падтрымку набралі:
- Павел Латушка, прадстаўнік Кабінета па транзіце ўлады;
- Валер Кавалеўскі, прадстаўнік Кабінета па замежных справах;
- Валерый Сахашчык, прадстаўнік Кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы;
- Аліна Коўшык, прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні;
- Вольга Гарбунова, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы.
Прадстаўнік Кабінета па аднаўленні правапарадку Аляксандр Азараў не набраў дастатковай колькасці галасоў дэлегатаў Каардынацыйнай рады ў сваю падтрымку.
Адносна агульнай дзенасці Кабінету Каардынацыйная рада выказвае некалькі некалькі наступных заўваг і рэкамендацый:
- Пры ясным вызначэнні мэтаў АПК у Кабінета адсутнічае публічна дэклараваная стратэгія і планы іх дасягнення. Кабінет не мае выразных планаў дзейнасці з актуалізаванымі задачамі, індыкатарамі іх дасягнення, вызначанымі крытэрыямі эфектыўнасці, тэрмінамі выканання і структурай адказнасці за іх выкананне. Гэта, на думку КР, ускладняе дасягненне агульных мэтаў Кабінета, кіраванне працэсам дасягнення мэтаў, ацэнкі прагрэсу выканання планаў і дасягнення мэтаў. АПК варта выпрацаваць стратэгію і перспектыўныя планы дзейнасці з удзелам грамадскіх і палітычным струкутраў, уключна з КР;
- Адсутнасць агульнай стратэгічнай рамкі праяўляецца ў адрозных, а часам супрацьлеглых, стратэгічных устаноўках асобных прадстаўнікоў. Так, напрыклад, прадстаўнік Кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык бачыць магчымасць дасягнення мэтаў Кабінета пра працэс агульнанацыянальнага дыялогу, прадстаўнік Кабінета па транзіце ўлады Павел Латушка настойвае на радыкальным узмацненні санкцыйнага ціску на рэжым, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова не выключае неабходнасці перамоваў з рэжымам пры вырашэнні пытанняў вызвалення палітычных вязняў. Такія розныя падыходы прадстаўнікоў па асобных кірунках робяць агульную дзейнасць Кабінета як мінімум не збалансаванай;
- Ніводны з прадстаўнікоў таксама не мае выразных планаў дзейнасці на будучы перыяд, з актуалізаванымі задачамі, індыкатарамі іх дасягнення, вызначанымі крытэрыямі эфектыўнасці, тэрмінамі выканання і структурай адказнасці за іх выкананне. Гэта таксама ўскладняе магчымасць адэкватнай ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці прадстаўнікоў з боку грамадства. КР рэкамендуе стварыць гадавыя планы аператыўнай дзейнасці прадстаўніцтваў АПК;
- Агульная структура Кабінета і набор напрамкаў дзейнасці склаўся спантанна, калі хутчэй напрамкі дзейнасці фармаваліся пад прадстаўніка, чым адпаведныя фігуры прызначаліся для выканання задачаў па вызначаным напрамку. Структура напрамкаў дзейнасці Кабінету мусіць быць прыведзеная ў адпаведнасць з агульнымі планамі і стратэгіяй Кабінета;
- Адным з важных кірункаў дзейнасці Кабінета з’яўляецца знешняя палітыка і міжнародная дзейнасць, але на дадзены момант застаецца да канца не зразумелым функцыянальны падзел паўнамоцтваў у гэтай сферы як паміж чатырма палітычнымі суб’ектамі (ОСЦ, АПК, КР, НАУ), так і паміж асобнымі прадстаўнікамі Кабінета. Варта больш дакладна акрэсліць зоны кампетэнцыі міжнароднай дзейнасці розных суб’ектаў дэмакратычных сіл і замацаваць іх у агульным дакуменце;
- Адсутнасць паўнавартаснага фінансавання дзейнасці АПК адзначалася амаль усімі прадстаўнікамі ў сваіх справаздачах. Гэта ўскладняе аперацыйную дзейнасць прадстаўніцтваў АПК і Апарату АПК. АПК варта распрацаваць перспектыўныя фінансавыя планы ў адпаведнасці са стратэгічнымі кірункамі дзейнасці;
- Па выніках слуханняў адносна дзейнаснасці ўсіх прадстаўнікоў заўважана неабходнасць больш шырокага ўдзелу профільных ініцыятываў, палітычных і грамадскіх арганізацый у кансультацыях, выпрацоўцы планаў дзейнасці і арганізацыі супольных дзеянняў і кампаніяў. Пастаянныя грамадскія саветы пры прадстаўніцтвах з дарадчым голасам маглі б стаць добрым механізмам каардынацыі дзейнасці ў профільных кірунках;
- За год дзейнасці АПК у яго структуры не сфармавалася паўнавартаснай выканаўчай структуры. Фактычна дзейнасць прадстаўніцтваў абапіраецца альбо на валанцёрскія каманды асобных прадстаўнікоў, альбо на тыя структуры, дзе прадстаўнікі з’яўляюцца лідарамі (НАУ, Байпол, ДНБ і г.д.). Варта стварыць выканаўчую структуру Кабінета ў выглядзе Апарата кабінету, магчыма за кошт частковага зліцця адміністратыўных структураў асобных структураў прадстаўнікоў;
- Важным аспектам з’яўляецца лідарства прадстаўнікоў Кабінету ў сваіх кірунках, выкананне аб’яднаўчай і каардынацыйнай ролі адносна іншых ініцыятываў і арганізацый у тэматычных сферах (культура, адукацыя, сацыяльная палітыка, бяспека, міжнародная дзейнасць і г.д.).
- Фармалізація адносінаў паміж АПК і КР не завершаная, пры тым што першая версія дакументу пра супрацоўніцтва была ўзгодненая ў траўні 2023 года. АПК варта ў найхутчэйшыя тэрміны падпісаць Пратакол узаемадзеяння памiж Каардынацыйнай радай і Аб’яднаным Пераходым Кабінетам Беларусі.
ДАДАТКІ
Тлумачальныя спасылкі
- Сахашчык, Латушка, Азараў, Кавалеўскі: Ціханоўская аб’явіла Аб’яднаны Пераходны Кабінет і назвала першых чальцоў, 9 жніўня 2022, https://tsikhanouskaya.org/be/events/news/f464eae541c2174.html
- Таццяна Зарэцкая пайшла ў адстаўку 02 лістапада 2022 на хвалі медыйнага скандалу, звязанага з кампаніяй Таццяны Зарэцкай Laava Tech.
- Поўны тэкст Рэгламенту АПК не быў прадстаўлены для азнаямлення.
- “1.1. Каардынацыйная рада – гэта прадстаўнічы орган дэмакратычных сіл і арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі, што аб’ядноўвае прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці – незалежных грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў грамадзянскіх ініцыятыў, грамадскіх аб’яднанняў і асацыяцый, прафесійных саюзаў, палітычных партый, дабрачынных фондаў і іншых некамерцыйных арганізацый для вядзення дзейнасці, азначанай у сапраўдным Статуце, дзеля ўсталявання ў Рэспубліцы Беларусь дэмакратычнай формы кіравання, заснаванай на прыярытэце неад’емных і сусветна прызнаных правоў чалавека і вяршэнства права, захавання суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь” // Статут (Рэгламент) Каардынацыйнай рады Беларусі, 02.03.2023, https://rada.vision/by/documets/statut-reglament-kaardynacyjnaj-rady-belarusi
- ЗВАРОТ Каардынацыйнай рады да АПК, 21.06.2023, https://rada.vision/by/doc/41190-2
- Слуханнi АПК у КР 2-3 жніўня: дзень першы, https://www.youtube.com/watch?v=dw7H4nAwwW4&t=1301s; Слуханнi АПК у КР 2-3 жніўня: дзень другi, https://www.youtube.com/watch?v=M9TZd3RYwTY; Працяг слуханняў АПК у КР: дзень трэці, https://www.youtube.com/watch?v=OOc67Wv2OvE&t=3272s; Фінальны дзень слуханняў АПК у КР, https://www.youtube.com/watch?v=ERDXuRtaHDQ
- Таксама былі пакрытыя такія выдаткі як: аплата даменаў, стварэнне лендынгу, друк банэраў і ўлётак для вулічных акцый, аплата гукарэжысёра, аплата адкрыцця юрыдычнай асобы (Фонду падтрымкі «21 траўня») і юрыдычнага адрасу, пакрыцця транспартных і візавых выдаткаў.
- Агульная колькасць праглядаў матэрыялаў на Instagram каля 262.868 чалавек, пры гэтым прыкладна 20-25% аўдыторыі знаходзяцца ў Беларусі.
- Чаканы прадукт такой працы – стратэгічны дакумент з апісаннем напрамкаў работы АПК у пытаннях сацыяльнай палітыкі, на які змогуць абапірацца розныя ініцыятывы і актары пры выбудоўванні партнёрства.
- Спіс пытанняў размешчаны тут https://docs.google.com/document/d/1Z5R53EK1jU1DQiDR8K9XLeu6rgRzTVMjGzqpjxPf2dw/edit?usp=sharing
Справаздачы групп:
Сахашчык: https://docs.google.com/document/d/1evvwhNV-bro9T_6hVwkskO6zzzsGwLr2/edit
Кавалеўскі: https://docs.google.com/document/d/1AT5o3GfwHIHSX6ILdcIVOydEI5w6ggcIJyX6QHqjBu0/edit?userstoinvite=rredtriangle@gmail.com&sharingaction=manageaccess&role=writer
Гарбунова: https://docs.google.com/document/d/1RXl3v__pz8aeg5tNHSj_1cMGbpj5yIN85C28x4u-NW8/edit#heading=h.3x82w3h02syv
Коўшык: https://docs.google.com/document/d/1ApCdY_8h0ov9U4USoKz-f6i6dnbcnGUCfGAY0-VrdfA/edit?pli=1
Азараў: https://docs.google.com/document/d/1QE4X-ZeZgCIKq8A2msT4fZ2r-GiUrNobLTHsoDYn70E/edit
Латушка: https://docs.google.com/document/d/1B-XGA6K5vDmy_rZ3gdBYsugJsV_ezqCe956H8i-CtsE/edit?usp=sharing