Заява Каардынацыйнай рады Беларусі «Аб асуджэнні злачыннага ракетнага ўдару па дзіцячай лякарні Охматдіт»

Зацверджана:
10.07.2024 

Заява Каардынацыйнай рады Беларусі «Аб асуджэнні злачыннага ракетнага ўдару па дзіцячай лякарні Охматдіт» 

Каардынацыйная рада Беларусі ад імя беларускага грамадства і дэмакратычных сілаў выказвае спачуванні блізкім загінулых, а таксама ўсім пацярпелым ад варварскіх ракетных нападаў з боку Расійскай Федэрацыі па мірных украінскіх гарадах, адным з самых чорных і злачынных прыкладаў якіх з'яўляецца ўдар па дзіцячай лякарні Охматдіт у Кіеве 8 ліпеня 2024 года. 

Бальніца Охматдіт у Кіеве з'яўляецца ўнікальнай медыцынскай установай, якая займаецца лячэннем асабліва складаных захворванняў у дзяцей з усёй Украіны намаганнямі лепшых медыцынскіх спецыялістаў. Больш за 7000 тысяч найскладаных аперацый і сотні тысяч выратаваных дзіцячых жыццяў робяць лякарню Ахмадзіт найважнейшай гуманітарнай установай у перыяд агрэсіўнай вайны Расіі супраць народа Украіны. 

Каардынацыйная рада Беларусі асуджае расійскую агрэсію супраць Украіны, мэтанакіраваныя забойствы мірных жыхароў Украіны, асабліва дзяцей, расійскімі войскамі, і заклікае Арганізацыю Аб'яднаных нацый, Міжнародныя арганізацыі і цывілізаваныя дзяржавы да расследавання гэтых актаў дзяржаўнага тэрору на прадмет наяўнасці ў іх прыкмет ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці Пуцінскага рэжыму. 

Звяртаем увагу, што рэжым Лукашэнкі прымае саўдзел у агрэсіі супраць Украіны, што пацвярджаецца ў тым ліку інфармацыйнай падтрымкай наратываў расійскай прапаганды і распаўсюджаннем ілжывай інфармацыі пра ўдар па дзіцячай лякарні «Охматдіт». 

З улікам таго, што беларусы ў Беларусі не могуць зараз адкрыта выказацца супраць такіх дзеянняў рэжыму з-за палітычных рэпрэсій мы заклікаем беларусаў замежжа падтрымаць гэтую заяву, а таксама падтрымаць збор у падтрымку дзіцячай лякарні «Охматдіт». 

ПАСТАНОВА КААРДЫНАЦЫЙНАЙ РАДЫ БЕЛАРУСІ 

9 ліпеня 2024 г. 

Аб заяве Каардынацыйнай рады Беларусі «Аб асуджэнні злачыннага ракетнага ўдара па дзіцячай лякарні Охматдіт» 

Каардынацыйная рада Беларусі пастанаўляе: 

1. Прыняць заяву «Аб асуджэнні злачыннага ракетнага ўдара па дзіцячай лякарні Охматдіт» (прыкладаецца). 

2. Сакратарыяту Каардынацыйнай рады: 

● апублікаваць дадзеную пастанову і заяву «Аб асуджэнні злачыннага ракетнага ўдара па дзіцячай лякарні «Охматдіт» на сайце Каардынацыйнай рады Беларусі; ● накіраваць дадзеную пастанову і заяву «Аб асуджэнні злачыннага ракетнага ўдара па дзіцячай лякарні Охматдіт» у адрас Генеральнага сакратарыята ААН, Міністэрства замежных спраў Украіны, міжфракцыйнага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь» Вярхоўнай Рады Украіны, сродкаў масавай інфармацыі Беларусі, Украіны і іншых краін; 

● праінфармаваць Нараду фракцый аб выкананні даручэнняў, пазначаных у абзацах другім і трэцім дадзенага пункта, і атрыманых адказах. 

3. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу з моманту прыняцця.