Заява Каардынацыйнай Рады ў сувязі з беспрэцэдэнтнай дыскрымінацыяй рэжымам грамадзян Беларусі за мяжой
Каардынацыйная Рада, як прадстаўнічы орган дэмакратычных сілаў Беларусі, прызнаны міжнароднай супольнасцю, звяртае ўвагу на чарговыя факты рэпрэсіяў з боку беларускага рэжыму ў адносінах да грамадзянаў Беларусі замежжа.
5 верасня 2023 года беларускі рэжым унёс змены ў заканадаўства Беларусі (указ №278 «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйсненні дзеянняў») Згодна з унесенымі зменамі, шэраг адміністрацыйных працэдур можна будзе здзейсніць толькі ў Беларусі асабіста, альбо па даверанасці, якая аформлена ў Беларусі. Такім чынам, атрымаць новы пашпарт ці абмяняць пашпарт, тэрмін дзеяння якога заканчваецца, без наведвання Беларусі стане немагчыма.
Мы вымушаныя канстатаваць, што гаворка ідзе аб адмове дзяржавы ад выканання сваёй функцыі па абароне грамадзян Беларусі, якія пражываюць за мяжой, парушэннях правоў чалавека, у тым ліку фармальнай, на ўзроўні палітыкі, дыскрымінацыі беларускіх грамадзян, якія жывуць за мяжой. Мы канстатуем, што беларускі рэжым парушыў Венскую канвенцыю аб консульскіх зносінах 1963 года, бо частка консульскіх функцый замежных устаноў краіны, замацаваных у Канвенцыі, фактычна і юрыдычна скасаваны рэжымам.
Асабліва ўразлівая група сярод беларусаў замежжа ў кантэксце дадзеных змен – сотні тысяч беларусаў, якія вымушана пакінулі краіну з меркаванняў бяспекі. Гаворка ідзе не толькі пра палітычных актывістаў, але пра большасць рэлацыраваных беларусаў, якія не могуць вярнуцца ў сваю краіну з-за ўзмацнення пагрозы пераследу з прычыны крыміналізацыі грамадзянскага актывізму.
Такім чынам, дыскрымінацыя грамадзян, якія жывуць за мяжой, у тым ліку дзяцей (уключаючы нованароджаных) як уразлівай групы паводле стандартаў правоў чалавека, аказалася заканадаўча замацавана беларускім рэжымам. Так, дзеці, народжаныя за мяжой у грамадзян Беларусі, не змогуць атрымаць дакумент, які пацвярджае іх асобу, што з’яўляецца асобным адпаведным парушэннем абавязкаў дзяржавы па забеспячэнні права кожнага дзіцяці быць зарэгістраваным адразу пасля нараджэння і атрымаць грамадзянства. Прынятыя змены таксама ствараюць перашкоды ў рэалізацыі грамадзянамі Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, правоў чалавека і канстытуцыйных гарантый звязаных з атрыманнем адукацыі, стварэннем сям’і, распараджэннем сваёй уласнасцю, перамяшчэннем і іншым.
Сёння існуе рэальная пагроза таго, што тысячы беларусаў за мяжой, у тым ліку ў краінах ЕЗ, будуць з несапраўднымі дакументамі, якія сведчаць іх асобу. Гэта яшчэ адна форма рэпрэсій у адносінах да ўсіх грамадзян Беларусі, якія жывуць за мяжой.
У сувязі з гэтым мы просім нашых міжнародных партнёраў разгледзець пытанне абароны правоў беларусаў замежжа ў межах Генеральнай Асамблеі ААН, у Савеце Еўропы, Еўрапейскай камісіі і кансультатыўнай групе ЕЗ-Беларусь.
Мы звяртаемся да Еўрапейскага парламента з просьбай уключыць гэтае пытанне для разгляду ў рамках даклада аб адносінах з Беларуссю.
Мы лічым, што дзейснай мерай падтрымкі беларусаў магло б стаць прызнанне пашпарта Новая Беларусь. Да ўкаранення пашпарта Новай Беларусі мы просім дзяржавы разгледзець пытанне прызнання беларускіх пашпартоў са скончаным тэрмінам дзеяння.
Заклікаем прыняць дадатковыя меры (адміністрацыйныя, заканадаўчыя), неабходныя для таго, каб мінімізаваць праблемы, якія могуць узнікнуць у сувязі са сканчэннем тэрміну дзеяння дакументаў, якія сведчаць асобу беларусаў, якія пражываюць на вашай тэрыторыі, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь у сілу асцярогі палітычнага пераследу.