Заява Каардынацыйнай рады Беларусі ў сувязі з законам «Аб абмежавальных мерах у дачыненні да ваеннай агрэсіі ва Украіне», прынятым Сеймам Літвы ў першым чытанні

Заява ў PDF-фармаце па спасылцы..

Англамоўная версія (in English) — here.

Каардынацыйныя Рада як прадстаўнічы орган дэмакратычнай Беларусі, прызнаны міжнароднай супольнасцю, у тым ліку Еўрапейскім Парламентам, выказвае ўдзячнасць Літоўскай Рэспубліцы за падтрымку дэмакратычных змен і правоў чалавека ў Беларусі.

Разам з тым, мы занепакоеныя законам “Аб абмежавальных мерах у адносінах да ваеннай агрэсіі ва Украіне”, прынятым Сеймам Літвы ў першым чытанні, які значна абмяжоўвае беларусаў у іх правах на перамяшчэнне, магчымасці атрымання віз і легалізацыi ў Літве.

Беларусы фактычна апынуцца заціснутымі паміж рэжымам і візавымі абмежаваннямі. Як следства, іх патэнцыял барацьбы за дэмакратычныя перамены ў Беларусі будзе істотна абмежаваны. Барацьба рэальна магчымая і эфектыўная толькі тады, калі яна адначасова вядзецца грамадзянамі Беларусі як унутры краіны, так і за яе межамі.

Рашэнне Сейма Літвы з’яўляецца выразам успрымання беларускай і расійскай грамадскай думкі як каштоўнасна тоеснай. Каардынацыйная Рада звяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі і Расіі грамадская думка ў дачыненні да ваеннай агрэсіі супраць Украіны істотным чынам адрозніваецца. Згодна з рэгулярна арганізаваным Беларускай Аналітычнай Майстэрняй Андрэя Вардамацкага агульнанацыянальным рэпрэзентатыўным сацыялагічным даследаванням 85 працэнтаў беларусаў выступае супраць увядзення беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны для вядзення баявых дзеянняў. Па гэтым параметры беларускае грамадства кансалідавана абсалютна. Прыкладаў такой кансалідацыі не было ні па адным пытанні грамадскага жыцця. Дадзеная лічба ўстанавілася з пачатку сакавіка 2022 года, і ў наступных даследаваннях значных ваганняў заўважана не было, што адлюстроўвае драматычны гістарычны досвед беларусаў.

Каардынацыйная Рада асцерагаецца, што прыняцце закона ўсталюе раздзяляльную рысу і антаганізуе каштоўнасна салідарных прадстаўнікоў літоўскага і беларускага грамадства. Беларусь праходзіць праз хвалі палітычна матываванай міграцыі, пачынаючы яшчэ з 2020 года, калі дэмакратычна настроенае беларускае грамадства не пагадзілася з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і да гэтага часу працягвае барацьбу, як унутры краіны, так і за яе межамі. Тысячы беларусаў удзельнічалі ў акцыях пратэсту і падвергліся рэпрэсіям з-за сваёй пазіцыі. Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца да гэтага часу. Сёння яны звязаны не толькі з унутрыпалітычнымі пытаннямі, але і з антываеннай пазіцыяй беларусаў. Паводле дадзеных ПЦ “Вясна”, да гэтага часу ў Беларусі па палітычных прычынах, у тым ліку і за адкрытую падтрымку Украіны, затрымліваецца каля 70 чалавек штотыдзень.

Прыняцце закона ў Літве, а таксама абмежаванні ў выдачы віз з боку Польшчы і іншых краін могуць стаць істотнай перашкодай у выратаванні беларусаў ад рэпрэсій і быць успрынятыя як абясцэньванне іх прынцыповай антываеннай пазіцыі, а таксама як мэсадж беларусам аб тым, што Еўропа бачыць у іх пагрозу, імкнецца ізаляваць Беларусь, і бачыць будучыню Беларусі разам з Расеяй.

Мы верым, што Еўрапейскі Звяз імкнецца наблізіць беларусаў да Еўропы і еўрапейскіх каштоўнасцяў, каштоўнасцяў свабоды і правоў грамадзянаў. Зрабіць гэта можна не праз закрыццё межаў, а праз еўрапейскі прыклад таго, як дэмакратыя і правы чалавека працуюць у грамадстве, у якім паважаюцца правы любога, у тым ліку і народжанага ў Беларусі.

У поўнай меры падзяляючы заклапочанасць нашых літоўскіх і еўрапейскіх калег і партнёраў праблемай бяспекі, мы тым не менш заклікаем да абмеркавання існуючых праблем і выпрацоўкі сумесных рашэнняў. Прапануем правесці сустрэчу з групай з прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Каардынацыйнай Рады перад наступным чытаннем Закона. Са свайго боку, мы гатовы прапанаваць да абмеркавання рашэнні, якія б улічвалі як меркаванні нацыянальнай бяспекі Літвы, так і інтарэсы беларускага грамадства ў садзейнічанні дэмакратычнаму транзіту. Каардынацыйная рада просіць перагледзець рэдакцыю закону, бо атрыманне віз для тысяч беларусаў – гэта пытанне жыцця, здароўя і свабоды.