Заява Камісіі па адукацыі Каардынацыйнай Рады Беларусі

Беларускае грамадства скалынае скандал, звязаны з некарэктным правядзеннем тэставання і несправядлівай ацэнкай ведаў выпускнікоў школ. Пад напорам патрабаванняў бацькоў і вучняў аб пераглядзе вынікаў тэставання чыноўнікі Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў і асабіста грамадзянін А. Лукашэнка ў кароткія тэрміны арганізавалі перагляд вынікаў, змянілі методыку падліку і «выправілі» свае памылкі.

Рашэнні чыноўнікаў з’яўляюцца наглядным прыкладам таго,  як нелігітымны ўрад выкарыстоўвае сістэму адукацыі для рэалізацыі сваіх палітычных мэтаў, прапаганды і маніпулявання грамадскай думкай.

Відавочная прычына канфлікту – непрафесійны падыход да арганізацыі навучальнага працэсу і сістэмы кантролю ведаў, захаванне аўтарытарнай сістэмы кіравання адукацыяй. Нарастаючая мілітарызацыя, ідэалагізацыя, жорсткая палітычная цэнзура ў адукацыі вядуць  да далейшага разгортвання пераследу па палітычных матывах педагогаў і спецыялістаў, уведзена забарона на прафесію для сотняў спецыялістаў і вучоных. Вынік – дэградацыя ўсёй сістэмы беларускай адукацыі.

Камісія па адукацыі, кіруючыся прынцыпамі абароны дэмакратыі і правоў чалавека на атрыманне адукацыі, служэння і інтарэсам грамадзянскай супольнасці Беларусі заяўляе:

  •  справядлівасць можа і павінна быць адноўлена;
  •  бацькі, вучні, настаўнікі могуць і павінны адстойваць сваё права на доступ да якаснай адукацыі, на справядлівую ацэнку навучальных дасягненняў дзяцей і падлеткаў;
  • толькі праз грамадскі дыялог і стварэнне грамадскай сістэмы кіравання магчыма вырашэнне існуючых праблем у адукацыі, запуск сацыяльных пераўтварэнняў і рэформ у краіне;
  • рэформа беларускай адукацыі, арыентаваная на павышэнне якасці навучання, умацаванне беларускай грамадзянскай ідэнтычнасці, уключэнне ў глабальную адукацыйную прастору, неабходная і непазбежная;
  • падрыхтоўка і рэалізацыя рэформы з’яўляецца мэтай экспертнай супольнасці, прадстаўнікоў прафесійных, педагагічных і студэнцкіх супольнасцяў, а таксама больш шырокай грамадзянскай супольнасці і ўсіх дэмакратычных сіл;
  • грамадзянская супольнасць  дэманструе салідарнасць і згуртаванасць у прад’яўленні патрабаванняў па абароне правоў дзяцей, правоў грамадзян на адукацыю і свабоду слова.