Сёння ў аэрапорце «Мінск-2» пры спробе выляцець на запланаванае лячэнне і рэабілітацыю затрымалі Алену Леўчанка – беларускую баскетбалістку, якая на працягу апошніх тыдняў неаднаразова выказвала салідарнасць з мірна пратэстуючымі беларусамі.

Пра сваё раптоўнае затрыманне Алена паспела паведаміць адвакату Міхалу Кірылюку. Спачатку з’явілася інфармацыя, што проста з аэрапорта Алену Леўчанка павезлі ў Ленінскае РАУС Мінска. Пазней адвакат баскетбалісткі паведаміў, што яе даставілі ў ЦІП на Акрэсціна. На судзе, які адбыўся адразу пасля затрымання, Алену прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

Суд Ленінскага раёна прызнаў Леўчанку вінаватай і прысудзіў ёй 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Алена Леўчанка — адна з лепшых баскетбалістак у гісторыі Беларусі. І, без перабольшання, нацыянальны гонар!

Яна выступала за зборную з 2001 года, двойчы гуляючы ў складзе нацыянальнай каманды на Алімпійскіх гульнях. У 2010 годзе згуляла ў фінале жаночай НБА і была прызнана лепшай цэнтравай чэмпіянату свету.

Падчас масавых мірных пратэстаў Алена Леўчанка адкрыта падтрымала рух спартоўцаў супраць фальсіфікацый на выбарах і гвалту. Леўчанка ўваходзіць у Свабоднае аб’яднанне спартсменаў Беларусі, падпісала адкрыты ліст да ўлады і сілавікоў і ўвесь час брала ўдзел у нядзельных маршах, а таксама неаднойчы выступала ў медыя з асуджэннем сітуацыі, што склалася ў краіне.

Каардынацыйная Рада асуджае любыя формы пераследу і ціску на спартсменаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Спартсмены – гэта людзі, якія прысвячаюць сваё жыццё падрыхтоўцы да сумленнага змагання ў спаборніцтвах за гонар сваёй Радзімы. Пераследуючы іх, дзяржава пераследуе Нацыянальны гонар Беларусі.

Беларускія спартсмены супернічаюць адзін з адным на стадыёнах, татамі, дарожках для плавання, але гатовы імгненна аб’яднаць высілкі ў змаганні за агульначалавечыя правы і ідэалы.

Мы ўпэўнены: паказальнае затрыманне Алены Леўчанка сёння не зломіць нашых спартсменаў. На месца Алены на чале калоны прыйдуць як мінімум трое! Асудзяць і іх?! На гэта месца прыйдзе дзясятак Чэмпіёнаў!

«Хутчэй! Вышэй! Мацней!» – лозунг усіх спартсменаў

«Верым! Можам! Пераможам!» – лозунг усіх нас.

 

Яшчэ навіны

Падзяліцца