Паважаныя грамадзяне Беларусі!

Сёння раніцай Аляксандр Лукашэнка прызначыў сябе прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Зрабіў гэта ва ўмовах найстражэйшай таямніцы і сакрэтнасці.

Пад аховай АМАПу. У вузкім коле ўсіх сваіх выбаршчыкаў.

Ён прынёс прысягу на Канстытуцыі. Якую напісаў сам.

І на якую сам жа ў чарговы раз напляваў. У чарговы раз прадэманстраваў сваю неадэкватнасць.

Беларусы не галасавалі за яго на выбарах. Ды і выбарамі гэты фарс назваць складана.

Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз паказаў, што яго не турбуе меркаванне народа.

Але ёсць і пазітыўная навіна. З сённяшняга дня Аляксандр Лукашэнка – просты грамадзянін Рэспублікі Беларусь.

Ён сам пазбавіў сябе ўсіх рэшткаў легітымнасці.

У грамадстве існуе магутны запыт на дыялог. Але з намі размаўляюць дубінкамі АМАПу і з кабіны верталёта з аўтаматам у руках.

Мы падтрымліваем бестэрміновую мірную акцыю грамадзянскага непадпарадкавання, ігнараванне любых даручэнняў незаконнай улады, мірныя акцыі на вуліцах гарадоў.

Мы вартыя лепшай будучыні.

Мы разам пабудуем Беларусь, якой будзем ганарыцца.

Мы падтрымліваем усіх грамадзянаў Беларусі, якія не згодныя з інаўгурацыяй Лукашэнкі, якія будуць выходзіць на мірныя акцыі пратэсту, абвяшчаць страйкі. Мы падтрымліваем дзяржаўных служачых, якія не прызнаюць вынікі выбараў. Мы падтрымліваем рашэнне беларусаў выкарыстоўваць усе законныя спосабы пратэсту па ўсёй краіне.

Мы патрабуем ад усіх следчых, якія атрымалі заявы аб здзейсненых злачынствах у дачыненні да простых грамадзян, распачаць крымінальныя справы ў дачыненні да падазраваных і неадкладна пачаць расследаванне. У выпадку процідзеяння вышэйстаячых кіраўнікоў Следчага камітэта і Пракуратуры пішыце рапарты аб адстаўцы.

Мы падтрымліваем усіх спартсменаў, якія заяўляюць аб адмове ад удзелу ў спартыўных мерапрыемствах.

Мы падтрымліваем усіх дзеячаў культуры, якія вырашылі не прымаць удзелу ў публічных мерапрыемствах.

Мы заклікаем усіх сумленных журналістаў дзяржаўных СМІ заяўляць у прамых эфірах, а таксама іншымі спосабамі аб нязгодзе з незаконнай інаўгурацыяй.

Мы заклікаем усіх беларусаў сказаць сваё рашучае НЕ беззаконню і хлусні.

Мы гатовыя неадкладна прыступіць да перамоваў з прэм’ер-міністрам Беларусі і старшынямі камісій Палаты прадстаўнікоў аб прызначэнні даты новых выбараў і часовым кіраванні краінай на пераходны перыяд.

Мы заклікаем Еўрапейскі саюз, Вялікабрытанію, ЗША, Канаду, Кітай, Расію прыняць адназначную пазіцыю аб прызнанні нелегітымнасці Лукашэнкі і разгледзець пытанне аб адклiканнi на кансультацыі сваіх паслоў.

Мы прапануем стварыць міжнародную групу медыятараў з высокіх прадстаўнікоў Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Літвы, Польшчы, Расіі і Францыі пры падтрымцы АБСЕ.

Мы просім прыняць на бліжэйшым пасяджэнні савета ЕС рашэнне аб увядзенні санкцый у дачыненні да Лукашэнкі, а таксама асобаў, якія маюць дачыненне да фальсіфікацыі выбараў, гвалту і фінансавання рэжыму.

Цяпер надышоў момант, калі кожны павінен адказаць на самае галоўнае пытанне.

Каго любіш?

Люблю Беларусь.

То ўзаемна!

Яшчэ навіны

Падзяліцца