Гэты новы год асаблівы, бо разам са сваімі блізкімі яго не сустрэлі 169 палітычных зняволеных.

Мы дакладна ведаем, што наша падтрымка і камунікаванне вельмі важныя там. Мы таксама ўпэўненыя, што ў нашых сілах зрабіць так, каб імёны і гісторыі палітзняволеных былі вядомыя ў Беларусі і ў свеце.

Вы можаце напісаць ліст і падтрымаць Ігара Лосіка, які ўжо 17 дзён трымае галадоўку, з моманту, калі яму выставілі абвінавачанне ў падрыхтоўцы і ўдзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць парадак. Ігар кажа, што лісты беларусаў дапамагаюць адцягнуцца ад таго, што яго трымаюць пад вартай, і імкнецца адказаць на ўсе лісты.

Вы можаце перадаць прывітанне Максіму Знаку, які 9 верасня быў беспадстаўна ўзяты пад варту. Як паведамляе адвакат Максіма Знака, ніводнае з хадайніцтваў пра спыненне крымінальнага пераследу ў дачыненні Максіма не было задаволена. Заміж гэтага Максіма Знака і яго калегаў вінавацяць ва ўдзеле ў фарміраванні экстрэмісцкага фарміравання. Можа, у адказ на ваш ліст Максім перадасць вам словы свайго новага верша!

Вы можаце падтрымаць Ксенію Луцкіну, экс-журналістку БТ і сябра КР.  31-га снежня Ксеніі Луцкиной было  пададзена абвінавачанне ў саўдзельніцтве ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Ксенія не прызнае сваёй віны і лічыць свой пераслед палітычна матываваным.

Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных з’яўляецца адным з трох асноўных патрабаванняў КР, і мы просім вас дапамагчы рабіць тое, што ў сілах кожнага з нас: рабіць гісторыі пра палітвязняў заўважней і падтрымліваць кожнага і кожную.

Абірайце сабе новых сяброў на politzek.me, пішыце ім лісты і дзяліцеся гісторыямі вашых новых сяброў у сваіх сацсетках.

Дзякуй. Хай падтрымка будзе побач з усімі, каму яна цяпер асабліва важная.

Яшчэ навіны

Падзяліцца