Навіны працоўных груп Каардынацыйнай Рады

Апублікавана:
16.09.2020, 16:03

Падтрымка ініцыятыў у рэгіёнах, адноўленая праца кол-цэнтра, новы праект “Дачкі Евы” (пра мужных беларусак) і дэталёвая прэзентацыя Фем групы. Чытайце асноўныя вынікі працы апошніх дзён і далучайцеся!

Працоўная група Служба падтрымкі рэгіёнаў:

Працоўная група Служба падтрымкі рэгіёнаў забяспечвае пастаянную камунікацыю грамадзянамі Беларусі з КР, а таксама аказвае падтрымку рэгіянальным ініцыятывам.

Зараз працягвае працу кол-цэнтр і Гарачая лінія. Валанцёры даюць адказы не толькі па працы Рады, але і пераразмяркоўваюць запыты на іншыя ініцыятывы, калі запытваецца спецыфічная падтрымка. Па пытаннях працаўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў ажыццяўляецца сувязь з усімі існуючымі незалежнымі прафсаюзамі.

  • За месяц працы было прынята больш за 1000 званкоў..
  • Юрысты службы падтрымкі рэгіёнаў рыхтуюць па запытах дакументы для працы рэгіянальных ініцыятыў і рэгіянальных аддзяленняў прафзсаюзаў.
  • Валанцёрамі працоўных груп створаная інтэрнэт-пляцоўка «Прафсаюз online». Праз яе кожны жадаючы можа звярнуцца па дапамогу пры стварэнні незалежнага прафсаюза на сваім прадпрыемстве або ўстанове.
  • Праз Службу падтрымкі рэгіёнаў больш за 2000 чалавек падалі заявы пра ўступ у пашыраны склад КР.
  • Служба падтрымкі рэгіёнаў таксама вядзе базу валанцёраў і падбірае валанцёраў для тэхнічнай дапамогі працы КР, працы ініцыятывы «Прафсаюз online» і інш.

Апроч таго, прадстаўнікі групы бралі ўдзел у анлайн-пасяджэнні Выканкама Ўсееўрапейскай рэгіянальнай Рады Міжнароднай Канфедэрацыі прафсаюзаў. Расказалі выканкаму пра сітуацыю ў Беларусі, рэпрэсіях і ціску на саброў стачкавых камітэтаў і ўдзельнікаў страйкаў. Выканкам гатовы аказваць усялякую дапамогу і падтрымку ў нашым змаганні за правы і зацікаўленні працаўнікоў, у тым ліку ў абароне правоў беларускіх працоўных на страйк як асноватворнага права арганізацый працаўнікоў.

Працоўная група па стварэнні грамадзянскай супольнасці:

«Мы часта чуем, што ў «евалюцыі», якая адбываецца ў Беларусі, жаночы твар. Хто гэтыя гераіні ва ўсіх сэнсах, якія змаглі натхніць і павесці за сабой мільёны беларусаў?

Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава, Вераніка Цапкала, Святлана Алексіевіч, Лілія Уласава, Ніна Багінская, Надзея Саяпіна і не толькі. Мы стварылі праект «Дачкі Евы», каб сабраць разам аповеды і партрэты жанчын «евалюции»: ад удзельніц маршаў салідарнасці, што сталі ў счэпку ў першых шэрагах, да валанцёрак, якія збіраюць дадзеныя пацярпелых ля СІЗА.

Многія пакуль безназоўныя. Вы можаце дапамагчы людзям даведацца пра іх. Дасылайце інфармацыю пра жанчын і жаночыя ініцыятывы, якія вартыя увагі. Мы абяцаем не называць імёнаў без згоды гераінь. Можна проста расказаць пра праект: жаночай дапамогі ахвярам міліцэйскага бязмежжа ці рэзананснай культурнай акцыі.

Праект дапамагае падтрымаць гераінь, дае зразумець, што іх высілкі не марныя. Ён таксама дазваляе даведацца пра важныя актыўнасці і далучыцца да іх».

Інфармацыю пра гераінь можна адпраўляць у асабістыя паведамленні ці пакідаць у каментарах.

Фем Група Каардынацыйнай Рады

У складзе Каардынацыйнай Рады пачала працаваць Працоўная феміністская група (Фем Група), якая утварылася па ініцыятыве некалькіх грамадзянскіх актывістак, сяброў КР.

Удзельніцы групы заяўляюць: «Мы бачым і ведаем, што жанчыны ў Беларусі сёння зьяўляюцца рухальнай і кансалідавальнай сілай пратэставага руху. Таму ў складзе КР мы стварылі Фем Групу, каб наш жаночы рух у будучыні не стаў бы усяго толькі часткай гісторыі гераічнага пратэсту, а жанчыны працягнулі ўплываць на ўсе трансфармацыйныя працэсы, якія адбываюцца ў Новай Беларусі.

Мы разам, каб:

  • павялічыць прадстаўніцтва жанчын у Асноўным і Пашыраным складах КР;
  • быць уплывовымі ў прыняцці развязкаў унутры КР;
  • прасоўваць дзейнасць КР як аднаго паважнага органа беларускага грамадства;
  • працягнуць нашу дзейнасць пасля завяршэння працы КР як пераходнага органа».

Прадстаўніцы Фем Групы кажуць, што для іх важна не проста салідарызавацца з беларускімі жанчынамі, якія рознымі спосабамі выяўляюць сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю, але і браць на сябе адказнасць, каб іх галасы былі пачутыя, улічаныя і прадстаўленыя.

  • Менш чым за месяц працы групы яе лидаркамі былі зробленыя дзве публічныя заявы: 8 верасня адносна адбыўшыхся напярэдадні затрыманнях, ператрусах і выкраданнях актывістак Жаночых маршаў і акцый пратэсту і 12 верасня ў падтрымку Цэнтра па прасоўванні праў кабет «Яе права» і IT-кампаніі PandaDoc, якія ў сюжэце на БТ абвінавачваліся ў нібы фінансаванні Жаночых маршаў і пратэстных акцый у Беларусі.
  • Пра працу Фем Групы было заяўлена на сустрэчах з прадстаўнікамі розных інстытуцый Еўрапейскага Саюза.
  • Хуткім часам пачне працу Тэлеграм-канал, дзе будуць публікавацца заявы і навіны пра дзейнасць Фем Групы КР.
  • Калі вы хочаце далучыцца да актыўных жанчын гэтай працоўнай групы, калі ласка, запоўніце невялікую анкету.

Па ўсіх арганізацыйных і інфармацыйных пытаннях можна пісаць на адрас: femgroupbelarus@gmail.com

Праца Групы будзе ажыццяўляцца па наступных кірунках:

  • Збор і распаўсюджванне інфармацыі пра бягучыя зацікаўленні і патрэбы жанчын у сітуацыі палітычнага крызісу.
  • Падвышэнне бачнасці палітычнага ўдзелу жанчын у працэсах трансфармацыі беларускага грамадства.
  • Дакументаванне, агалошванне і распаўсюджванне інфармацыі пра выпадкі дзяржаўнага гвалту ў дачыненні жанчын.
  • Падвышэнне бачнасці праблемы гендарна-абумоўленага турэмнага і дзяржаўнага гвалту ў дачыненні мужчынаў.
  • Улучэнне прынцыпу гендарнага мэйнстрымінгу ва ўсе сферы трансфармацыйных працэсаў у Беларусі.
  • Выпрацоўванне спосабаў/прылад для выйсця з крызісу і акумуляванне інфармацыі пра магчымасці падтрымкі.