Улічваючы пачатак стратэгічнага супрацоўніцтва паміж ЕЗ і дэмакратычнай Беларуссю, стварэнне кансультатыўнай групы ЕЗ-Беларусь, адкрыццё ў Бруселі офіса дэмакратычнай Беларусі, устойлівую работу кантактнай групы з Саветам Еўропы, а таксама Дэкларацыю канферэнцыі «Новая Беларусь 2023» і вынікі слуханняў па еўрапейскай інтэграцыі ў Каардынацыйнай Радзе, мы прымаем дадзеную рэзалюцыю.

Мы зыходзім з таго, што далейшае развіццё Рэспублікі Беларусь можа быць забяспечана толькі паслядоўным і незваротным стратэгічным курсам на дэмакратычную трансфармацыю Беларусі, яе еўрапейскую інтэграцыю, канчатковай мэтай якой з’яўляецца паўнапраўнае членства Беларусі ў ЕЗ.

Мы выказваем падзяку Еўрапейскаму звязу за іх безумоўную рэакцыю на беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці з боку рэжыму, за магчымасць тысячам беларусаў атрымаць ахову ад палітычнага пераследу рэжыму.

Мы высока цэнім устойлівае супрацоўніцтва ЕЗ з грамадзянскай супольнасцю Беларусі на працягу многіх гадоў. Беларусь з’яўляецца краінай з самай вялікай колькасцю Шэнгенскіх віз, якія выдаюцца на душу насельніцтва ў свеце. Мы выказваем падзяку ЕЗ за шматгадовую падтрымку розных ініцыятыў па развіццю грамадзянскай супольнасці і садзейнічанне развіццю гуманітарнага, культурнага і прафесійнага абмену.

Сёння найважнейшым выклікам на шляху дэмакратызацыі і еўрапейскай інтэграцыі Беларусі з’яўляецца пагроза страты суверэнітэту і незалежнасці Беларусі ў выніку ўцягвання ў праект Саюзнай дзяржавы на фоне ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Калі такая пагроза рэалізуецца, для Еўрапейскага звязу і ўсяго свабоднага свету гэта будзе азначаць захаванне асяродка напружанасці і нестабільнасці каля сваіх меж. Тэрыторыя Беларусі стане яшчэ больш актыўна задзейнічацца Расеяй у спробах імперскага рэваншу і падрыву каштоўнасных асноў Еўрапейскага звязу і Свабоднага свету. Еўрапейская інтэграцыя Беларусі, якая павінна скончыцца паўнавартасным сяброўствам у ЕЗ, гэта не толькі адзіны шанец на дэмакратычнае развіццё для Беларусі, але і самы дакладны шлях спыніць імперскія памкненні Расеі.

Для таго, каб імкненні беларусаў да дэмакратызацыі і Еўрапейскай інтэграцыі сталі рэальнасцю, сёння мы лічым вельмі актуальным інтэнсіфікацыю і павышэнні ўзроўню адносін Еўрапейскага звязу і яго краін-членаў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Дадзенай Рэзалюцыяй мы спадзяемся закласці падмурак для працэсу Стратэгічнага дыялогу паміж Еўрапейскім саюзам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Вынікам такога Стратэгічнага дыялогу мы хацелі б бачыць Дарожную мапу па Еўрапейскай інтэграцыі Беларусі, рэалізацыю якой краіна магла б аператыўна пачаць адразу пасля дэмакратычнага транзіту.

У якасці першага кроку на гэтым шляху, мы заклікаем зрабіць дадзеную Рэзалюцыю прадметам абмеркавання ў межах кансультатыўнай групы ЕЗ-Беларусь. Таксама мы просім Еўрапейскі парламент, а таксама Парламенты краін-сябраў Еўрапейскага звязу разгледзець дадзеную Рэзалюцыю.

 

Каштоўнасці і арыенціры

  1. Мы выступаем за незалежную, дэмакратычную Беларусь, якая з’яўляецца паўнапраўным сябрам Еўрапейскага звязу. Мы перакананы, што такая Беларусь будзе садзейнічаць забеспячэнню міру і бяспекі, і росквіту ў Еўропе.
  2. Мы падзяляем каштоўнасці, якія з’яўляюцца асноватворнымі для Еўрапейскага звязу, сярод якіх павага чалавечай годнасці, свабода, дэмакратыя, роўнасць, вяршэнства закону і захаванне правоў чалавека.
  3. Мы пацвярджаем імкненне дэмакратычнай Беларусі стаць на шлях еўрапейскай інтэграцыі, канчатковай мэтай якой з’яўляецца паўнапраўнае членства Беларусі ў ЕЗ. Для гэтага мы, як прадстаўнікі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці Беларусі, ужо сёння можам унесці свой унёсак.
  4. Мы мяркуем, што еўрапейская інтэграцыя і сяброўства Беларусі ў ЕЗ – гэта шлях, які, нягледзячы на існуючыя выклікі, дазволіць забяспечыць устойлівае развіццё дэмакратыі ў Беларусі і рэгіянальную бяспеку. Дасць магчымасці комплекснай мадэрнізацыі і рэфармавання палітычных інстытутаў, пабудовы сумленнай канкурэнтнай рыначнай эканомікі, рэалізацыі патэнцыялу будучых пакаленняў.
  5. Мы вітаем Дэкларацыю аб членстве Беларусі ў ЕЗ удзельнікаў канферэнцыі «Новая Беларусь», створаную па ініцыятыве дэмакратычнага лідэра Беларусі Святланы Ціханоўскай.

 

Стратэгія супрацоўніцтва з ЕЗ

  1. Мы перакананы, што стварэнне Кантактнай групы па супрацоўніцтве паміж Саветам Еўропы і дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі з’яўляецца важным этапам на шляху развіцця супрацоўніцтва Беларусі з Саветам Еўропы, уключаючы перспектыву ўступлення Беларусі ў Савет Еўропы.
  2. Мы вітаем адкрыццё офіса дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі з мэтай развіцця палітычных, эканамічных і культурных кантактаў.
  3. Мы вітаем пачатак стратэгічнага супрацоўніцтва Беларусь – ЕЗ у межах створанай Кансультатыўнай групы. Мы лічым, што важным напрамкам працы Кансультатыўнай групы ЕЗ-Беларусь можа стаць распрацоўка плана дзеянняў стратэгічнага супрацоўніцтва ЕЗ і дэмакратычных сіл Беларусі, а таксама Дарожнай мапы па Еўрапейскай інтэграцыі Беларусі, да рэалізацыі якой краіна магла б аператыўна прыступіць адразу пасля дэмакратычнага транзіту.
  4. Мы перакананы, што ўжо сёння можна рэалізаваць канкрэтныя дзеянні для набліжэння членства Беларусі ў Еўрапейскім звязе. Мы лічым важным у сувязі з гэтым пачаць распрацоўку рамак рэформ, неабходных для атрымання статусу кандыдата.
  5. Мы заклікаем Савет ЕЗ па замежных справах аднавіць работу над новымі Высновамі па Беларусі, якія вызначаюць палітыку ЕЗ у адносінах да Беларусі. Апошнія Высновы былі прыняты ў кастрычніку 2020 года.
  6. Мы лічым важным падтрымаць удзел дэмакратычнай Беларусі ў праектах Усходняга партнёрства, у тым ліку працяг працы Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Самавыключэнне беларускага рэжыму не павінна пазбаўляць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў Беларусі магчымасцяў кааперацыі з ЕЗ.
  7. Мы будзем вітаць распрацоўку мемарандума Еўрапейскага звязу, а таксама рэзалюцый нацыянальных парламентаў краін-членаў ЕЗ у адказ на дадзеную рэзалюцыю. Такія дакументы маглі б уключаць дэкларацыю аб гарантыях бяспекі і захавання суверэнітэту Беларусі, а таксама ўсебаковай падтрымцы грамадзянскай супольнасці да дэмакратычных трансфармацый Беларусі і еўрапейскай інтэграцыі.

 

Грамадская думка і падтрымка беларусаў

  1. Культурна, гістарычна і геаграфічна Беларусь – еўрапейская краіна, а беларускі народ – народ з еўрапейскімі каштоўнасцямі.
  2. Мы канстатуем, што, нягледзячы на антыеўрапейскую палітыку і прапаганду рэжыму, у Беларусі заўсёды былі моцныя праеўрапейскія настроі. Падтрымка ўступлення Беларусі ў Еўрапейскі звяз у беларускім грамадстве заўсёды складала не менш за 25%. У цэлым пазітыўныя адносіны да Еўрапейскага звязу і падтрымка іншых форм супрацоўніцтва з ім заўсёды былі характэрны для большасці беларускага грамадства. Пры гэтым паводле даных Беларускай аналітычнай майстэрні ўваходжанне ў склад Расеі падтрымліваюць толькі 4% беларусаў, і такі ўзровень падтрымкі не мяняецца на працягу паўтара дзясятка гадоў. Высокая доля праеўрапейскі арыентаваных людзей асабліва значная сёння ва ўмовах усёпаглынальнай прысутнасці расейскага наратыву ў Беларусі.
  3. Мы прапануем арганізаваць дыскусію на рэгулярнай аснове ў Савеце Еўропы, Еўрапейскім парламенце і іншых еўрапейскіх пляцоўках на тэму антырасейскай прапаганды і прасоўвання еўрапейскіх каштоўнасцей сярод насельніцтва Беларусі.
  4. Мы канстатуем моцную карэляцыю прадэмакратычных настрояў і еўрапейскай арыентацыі беларусаў. У 2020 годзе праеўрапейскія настроі (сітуацыя жорсткага выбару паміж Расейскай Федэрацыяй і Еўразвязам) дасягалі больш за 40%, нягледзячы на адсутнасць у палітычнай рыторыцы геапалітычных мэсэджаў.
  5. Мы заклікаем інстытуты Еўрапейскага звязу працягнуць аказваць падтрымку дэмакратычнай Беларусі, звяртаем увагу на неабходнасць аддзялення беларускага народа і рэжыму Лукашэнкі, і асноўваючыся на гэтым недапушчэння дыскрымінацыі беларусаў з-за саўдзелу рэжыму ў расейскай агрэсіі супраць Украіны.
  6. Мы лічым важным садзейнічанне культурнаму, адукацыйнаму і эканамічнаму абмену паміж грамадзянамі ЕЗ і Беларусі. Такія магчымасці для прадэмакратычна настроеных беларусаў азначалі б прызнанне намаганняў беларускага народа, якія рызыкуюць сваім жыццём у барацьбе за дэмакратыю.
  7. Мы вымушаны канстатаваць, што ўзровень праеўрапейскіх настрояў у значнай меры залежыць ад пазітыўнага вырашэння пытанняў мабільнасці: выдачы віз, гуманітарнага, культурнага і прафесійнага абмену. Адпаведныя абмежаванні з боку ЕЗ істотна перашкаджаюць павышэнню праеўрапейскіх арыентацый у Беларусі, а ўскосна аблягчаюць уцягванне Беларусі ў расейскую культурную і палітычную прастору.
  8. Мы лічым важным працягваць прасоўваць еўрапейскія каштоўнасці сярод грамадзян Рэспублікі Беларусь і, у тым ліку, заклікаем прыкласці намаганні для адкрыцця беларускамоўнага вяшчання «Еўраньюс», а таксама аказваць усебаковую падтрымку беларускім медыя, якія прасоўваюць еўрапейскія каштоўнасці.
  9. Мы заклікаем да распрацоўкі дарожнай мапы па спрашчэнні візавага рэжыму для грамадзян дэмакратычнай Беларусі, што ў выпадку яе рэалізацыі станоўча адаб’ецца на ўспрыманні Еўразвязу за кошт актывізацыі чалавечых кантактаў і садзейнічання ў дэмакратызацыі Беларусі. Паводле вынікаў сумеснага даследавання BISS і Беларускай Аналітычнай Майстэрні, праведзенага яшчэ ў 2010 годзе, павелічэнне колькасці знаходжанняў у Еўразвязе садзейнічае развіццю праеўрапейскіх настрояў сярод беларусаў. З улікам падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі і прадэмакратычна настроеных беларусаў, якую ЕЗ аказвае апошнія гады, сёння гэта можа яшчэ больш стымуляваць павелічэнне колькасці па-еўрапейску настроеных беларусаў грамадства, якія з удзячнасцю ставяцца да еўрапейскіх краін.
  10. Мы просім падтрымаць ідэю пашпарта «Новая Беларусь». Гэтае пытанне сёння адно з найбольш надзённых для беларусаў, якія вымушана пакінулі краіну, унікальная сітуацыя, у якой апынуліся беларусы ў выгнанні, патрабуе нестандартных рашэнняў, у тым ліку і для магчымасці легальнага пражывання і свабоднага перамяшчэння ў ЕЗ.
  11. Мы канстатуем, што сотні тысяч беларусаў з’яўляюцца сёння рэзідэнтамі ЕЗ і маюць магчымасць наўпрост знаёміцца з дэмакратычнымі каштоўнасцямі ЕЗ і лепш зразумець Еўропу ў цэлым. Аднак яны пакуль пазбаўленыя магчымасці вяртання ў Беларусь і падаўжэння дзеяння сваіх пашпартоў, атрымання новых пашпартоў, атрымання пашпартоў дзецьмі, народжанымі за межамі Беларусі. Таму важна знайсці адэкватныя комплексныя рашэнні на ўзроўне ЕЗ, якія дазваляюць беларусам атрымліваць дакументы, якія пацвярджаюць асобу і не накладаюць дадатковыя абмежаванні на свабоду перамяшчэння ў межах ЕЗ.

 

Палітычнае супрацоўніцтва

  1. Мы лічым, што асноўнымі кірункамі палітычнага партнёрства дэмакратычная Беларусь-ЕЗ павінны стаць сумесныя дыпламатычныя, прававыя і палітычныя намаганні па захаванні суверэнітэту Беларусі, садзейнічанні дэмакратызацыі краіны, а таксама распрацоўцы Дарожнай мапы па Еўрапейскай інтэграцыі Беларусі, да рэалізацыі якой краіна магла б аператыўна прыступіць адразу пасля дэмакратычнага транзіту.
  2. Мы лічым важным распрацоўку палітычных і інстытуцыйных рэформаў для новай Беларусі, якія адпавядаюць Капенгагенскім крытэрам, уключаючы дэмакратыю, вяршэнства закона, правы чалавека і свабоду слова.
  3. Мы запрашаем нацыянальныя парламенты краін-сябраў ЕЗ і Еўрапарламент да ўсталявання двухбаковых адносін з Каардынацыйнай Радай на ўзроўні спікераў, міжнародных камісій, фракцый, а таксама ў фармаце працы груп сяброўства.
  4. Мы запрашаем нацыянальныя парламенты краін-сябраў ЕЗ, а таксама Еўрапарламент правесці слуханні па Беларусі, у якіх акрэсліць важнасць захавання суверэнітэту краіны, а таксама падтрымаць еўрапейскі выбар дэмакратычнай Беларусі.
  5. Мы падтрымліваем намеры Еўрапейскага Парламента прапанаваць статус назіральніка для дэмакратычных сілаў Беларусі ў Еўрапейскай палітычнай супольнасці.
  6. Мы вітаем магчымасць удзелу ў паседжаннях палітычнага камітэту ПАСЕ для палітычных партый Беларусі. Мы разлічваем на пашырэнне такога супрацоўніцтва і ўдзел фракцый Каардынацыйнай Рады ў такіх сустрэчах. Дэмакратычныя палітычныя партыі, рухі і грамадзянскія ініцыятывы інтэграваныя ў еўрапейскія палітычныя супольнасці і на працягу дзесяцігоддзяў, паслядоўна, прынцыпова прасоўвалі еўрапейскія каштоўнасці ў Беларусі.
  7. Мы лічым важным уцягнуць кадравы рэзерв дэмакратычнай Беларусі – які сфарміравалі і працягваюць пашыраць дэмакратычныя сілы – у дыскурс еўрапейскай інтэграцыі і практыкі дзяржкіравання ў ЕЗ. Адпаведныя веды і вопыт будучых дзяржслужачых дэмакратычнай Беларусі істотна аблегчаць і паскораць праходжанне Беларуссю шляху еўрапейскай інтэграцыі.
  8. Мы выступаем за ўдзел дэмакратычных сіл Беларусі ў сумесных палітычных і дыпламатычных намаганнях і перамовах, накіраваных на мірнае вырашэнне рэгіянальнага канфлікту, звязанага з агрэсіяй Расеі ва Украіне.

 

Эканамічнае супрацоўніцтва

  1. Мы вітаем Комплексны план эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі на суму да 3 мільярдаў еўра.
  2. Мы ўсведамляем, што Еўрапейская інтэграцыя і членства Беларусі ў ЕЗ з’яўляюцца ключом да аднаўлення эканамічнага росту ў краіне. Для гэтага ў дэмакратычнай Беларусі павінны быць праведзены глыбокія і сістэмныя рэформы. Апора на еўрапейскія стандарты, еўрапейскі досвед і механізмы еўрапейскай інтэграцыі істотна палегчаць і паскораць правядзенне рэформаў, выведучы краіну на траекторыю ўстойлівага развіцця.
  3. Мы перакананы, што важным этапам на шляху эканамічнай інтэграцыі Беларусі і ЕЗ павінна стаць уступленне нашай краіны ў СГА.
  4. Мы лічым, што спрыяльнымі фактарамі на карысць інтэграцыі Беларусі ў Еўропу з’яўляюцца гандлёва-эканамічныя адносіны з ЕЗ: у найлепшыя гады ён дасягаў 40% ад агульнага тавараабароту Рэспублікі Беларусь. Еўрапейская інтэграцыя Беларусі, уключаючы гандлёвую, паскоранае развіццё Беларусі дзякуючы глыбокім істытуцыянальным рэформам, дазволяць не проста адрадзіць былы ўзровень гандлёва-эканамічных адносін, але і адчувальна яго павысіць колькасна і якасна.
  5. Мы перакананы, што еўрапейская інтэграцыя дэмакратычнай Беларусі і шлях да паўнапраўнага членства ў ЕЗ будуць садзейнічаць прыцягненню замежных інвестыцый, якія з’яўляюцца важным складальнікам для развіцця эканомікі краіны.
  6. Мы лічым, што адным з ключавых крокаў на шляху Беларусі ў ЕЗ павінна стаць Пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ, якое ўключае пагадненне аб свабодным гандлі. Яно закладзе базіс для далейшых этапаў еўрапейскай інтэграцыі: удзелу ў адзіным рынку ЕЗ (якое дасць дасяг беларускім кампаніям да рынку ЕЗ, а еўрапейскім кампаніям да беларускага рынку, забяспечыць свабодны рух працоўных рэсурсаў і капіталу), і паўнапраўнага членства ў Эканамічным і Манетарным саюзе.
  7. Мы ўдзячныя ЕЗ за тое, што сёння тысячы беларускіх прадпрымальнікаў і спецыялістаў у сферы тэхналогій, якія вымушаны былі рэлацыравацца, маюць магчымасць на практыцы пераканацца, як працуе еўрапейскі рынак. З пункту гледжання будучай еўрапейскай перспектывы Беларусі гэта неацэнны вопыт, калі кампаніі ўжо сёння прывыкаюць да новых рыначных умоў, пачынаюць працаваць па правілах і нормах еўрапейскага рынку.
  8. Мы канстатуем, што ўжо сёння многія таленавітыя беларусы робяць свой унёсак у еўрапейскую эканоміку праз стварэнне дадатковага прадукта і выплаты падаткаў у бюджэт еўрапейскіх дзяржаў.
  9. Мы просім еўрапейскія краіны ўстрымацца ад дыскрымінацыйных захадаў у адносінах да бізнэсу беларускага паходжання. Новы клас беларускага бізнэсу, які разумее еўрапейскі бізнэс і актыўна ўдзельнічае ў камерцыйнай кааперацыі і ўсталяванні дзелавых кантактаў паміж краінамі, можа стаць правадніком гэтага досведу ў Новую Беларусь.
  10. Мы лічым важным падтрымаць прыватны бізнэс унутры Беларусі, які не з’яўляецца аб’ектам санкцый і які мусіць стаць асноўным драйверам эканамічнага росту дэмакратычнай еўрапейскай Беларусі ў будучыні.

Яшчэ навіны

Падзяліцца