Мы заклікаем уладу да дыялогу.

Сябры, мой штаб, штаб Святланы Ціханоўскай, працягвае працаваць. Кіраўніком штаба па-ранейшаму застаецца Марыя Мароз. Яна знаходзіцца са мной і працягвае кіраваць штабам. Я пацвярджаю паўнамоцтвы Вольгі Кавальковай і Мікалая Казлова як маіх давераных асобаў, якія будуць каардынаваць дзеянне майго штаба ў Беларусі.

Я заяўляю, што мы гатовыя да дыялогу з уладамі.

З улікам таго, што адбываецца ў краіне, і неабходнасці прыняцця неадкладных мераў для аднаўлення законнасці ў Беларусі, я, Святлана Ціханоўская, ініцыюю стварэнне Каардынацыйнай Рады для забеспячэння трансферу ўлады. У гэтую Раду могуць увайсці прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, паважаныя і вядомыя беларусы, прафесіяналы сваёй справы. Я даручаю сваёй даверанай асобе Вользе Кавальковай і адвакату Максіму Знаку прымаць заяўкі аб вылучэнні сяброў Рады ад арганізацый і аб’яднанняў грамадзян.

Дзякуй усім людзям, усім арганізацыям, якія падтрымалі мяне і гатовыя дапамагчы ў працэсе перамоваў.

Я прашу вас аб’яднацца ў Каардынацыйную Раду. Нам вельмі патрэбная вашая дапамога і досвед. Нам патрэбныя вашыя сувязі, кантакты, экспертныя парады і падтрымка. У гэтую Каардынацыйную Раду маюць увайсці ўсе, хто зацікаўлены ў дыялогу і мірнай перадачы ўлады: працоўныя калектывы, партыі, прафсаюзы і іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці.

Я звяртаюся да міжнароднай супольнасці, еўрапейскіх краінаў з просьбай дапамагчы нам у арганізацыі дыялогу з беларускай уладай.

Я захапляюся беларусамі. Дзякуй, мае дарагія! Мы зрабілі немагчымае. Мы паказалі, што нас большасць. І гэтая краіна належыць нам, народу Беларусі, а не аднаму чалавеку.

Я выражаю спачуванне кожнаму пацярпеламу ў гэтыя дні, кожнай сям’і. Мне было вельмі цяжка глядзець на гвалт, у які нашая ўлада занурыла нашыя гарады за апошні тыдзень. Гэтага ніколі не павінна паўтарыцца.

Улада павінна паказаць гатоўнасць да дыялогу з народам.

  • Гэта значыць адпусціць усіх затрыманых.
  • Гэта значыць прыбраць з вуліц гарадоў АМАП і войскі.
  • Гэта значыць распачаць крымінальную справу супраць тых, хто аддаваў злачынныя загады збіваць і страляць у людзей.

Я звяртаюся да мэраў гарадоў. Выйдзіце і пачніце размаўляць, слухаць людзей. Гэта ў вашых кампетэнцыях арганізаваць законныя і мірныя мітынгі на плошчах гарадоў.

Я звяртаюся да супрацоўнікаў міліцыі, арміі і іншых сілавікоў. Не выконвайце злачынных загадаў. Пагаварыце з вашым кіраўніцтвам, спыніце кровапраліцце. Вы давалі прысягу служыць Рэспубліцы Беларусь і свайму народу. Мы, людзі, будзем удзячныя кожнаму, хто стане на бок народа.

Яшчэ навіны

Падзяліцца