У першую нядзелю 2021-га года, як заўсёды па ўласным жаданні, вольныя беларусы і беларускі выйшлі на вуліцы сваіх раёнаў.

Шпацыры стартавалі яшчэ калі на вуліцы было цёмна, і, як гэта было ў мінулыя нядзелі, пэўна, будуць праходзіць да вечара ў розных кропках Беларусі.

Акцыя падтрымкі журналістаў прайшла сёння ў корпусе факультэта журналістыкі БДУ. Больш за месяц знаходзяцца ў зняволенні журналісткі Белсата Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, а таксама журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч. Рэпрэсіі супраць журналістаў працягваліся і ў снежні, калі былі арыштаваныя заснавальніца «Прэс-клуба» Юлія Слуцкая і чацвёра яе калегаў. Па «Справе Прэс-клуба» была таксама затрымана сябра КР Ксенія Луцкіна.

Жыхары Залатой горкі, раёна Бангалор, вуліц Захарава-Пуліхава-Антонаўскай, Уручча, Зялёнага Луга і іншых месцаў у Мінску вышлі сёння на свой першы навагодні шпацыр; жыхары Сухарава арганізавалі акцыю «Балкон» і ўпрыгожылі пралёты пад’езда сцягамі і плакатамі; жыхары Серабранкі і Ждановічаў прынялі эстафету ад іншых раёнаў і паўдзельнічалі ў танцавальным чэленджы. Калодзішчы перадалі прывітанне беларускай дыяспары, якая падтрымлівае сваю краіну за яе межамі, а жыхары Бараўлянаў запусцілі ў неба бела-чырвона-белыя шары. Жыхары Дзяржынска выйшлі на акцыю салідарнасці з партрэтамі загінулых у выніку рэпрэсій беларусаў, а Грушаўка павіншавала Тадэвуша Кандрусевіча з Днём народзінаў.

Ужо пяты месяц беларусы прыдумваюць новыя фарматы пратэсту, таму што дух свабоды не спыніць ніякімі абмежаваннямі!

Вялікія навагоднія выходныя не толькі ў нядзелю беларусы праводзяць на шпацырах на вуліцы. Стары год беларусы пачалі спраўляць у 23.34 у дварах сваіх хат, падымаючы келіхі ў знак салідарнасці з палітзняволенымі. Шмат хто і падчас курантаў быў на вуліцы з любімымі суседзямі, нягледзячы на дажджлівае надвор’е.

Гэты Новы год стаў асаблівым яшчэ і таму, што ўпершыню за 26 гадоў у беларусаў з’явілася альтэрнатыва навагодняму звароту: беларусаў віншавалі лідары грамадзянскай супольнасці, вядомыя акцёры, спартсмены і музыканты. Дваровыя супольнасці з розных частак Беларусі падрыхтавалі свае віншаванні для беларусаў. Словы падтрымкі таксама запісала беларуская дыяспара з больш чым 40 кропак свету.

Дзякуй, дарагія беларусы, за вашу стойкасць і прыгажосць беларускага пратэсту!

Яшчэ навіны

Падзяліцца