Каардынацыйная Рада прыняла Палажэнне аб выбарах у Каардынацыйную Раду, якое рэгламентуе парадак арганізацыі і правядзення выбараў у склад Каардынацыйнай Рады чарговых скліканняў.

Вынікі галасавання:
За — 40
Супраць — 0
Устрымаліся — 2

У галасаванні прынялі ўдзел 42 з 80 дэлегатаў. Колькасць дэлегатаў ад фракцый, якія прынялі ўдзел у галасаванні:

«Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”» — 24 з 28
«Беларусы» — 8 з 12
«Незалежныя беларусы» — 2 з 8
«Еўрапейскі выбар» — 4 з 8
«Моладзевы наступ» — 3 з 8
«Наша Справа / Беларускія Хрысціянскія Дэмакраты» — 0 з 6
«Хопіць баяцца» — 1 з 3
Пазафракцыйныя дэлегаты — 0 з 5

У адпаведнасці з Палажэннем, выбары ў Каардынацыйную Раду праводзяцца ў анлайн-фармаце і доўжацца адзін тыдзень — з 00:00 першага дня галасавання да 24:00 апошняга дня галасавання па мінскім часе. З улікам раней прынятага рашэння Каардынацыйнай Рады, галасаванне павінна адбыцца з 11 па 17 мая 2026 года ўключна.

Галасаванне адбываецца па спісах выбарчых суб’ектаў, што замацоўвае прапарцыйную выбарчую сістэму. Для ўдзелу ў размеркаванні мандатаў усталяваны мінімальны прахадны парог у 3%.

Удзельнікамі выбараў з’яўляюцца выбарчыя суб’екты. Выбарчымі суб’ектамі могуць быць палітычныя партыі, устаноўчыя камітэты партый, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, фракцыі Каардынацыйнай Рады дзейнага склікання, іх кааліцыі, а таксама групы грамадзян, якія аб’ядналіся для ўдзелу ў выбарах і адпавядаюць патрабаванням Палажэння аб выбарах.

Кожны выбарчы суб’ект павінен:

– мець уласную назву;
– мець палітычную праграму на перыяд, не меншы за тэрмін паўнамоцтваў новага склікання Каардынацыйнай Рады, і дэклараваць каштоўнасці (прынцыпы ці ідэалогію), на аснове якіх ён сфармаваны;
– падаць спіс не менш як з 10 кандыдатаў у дэлегаты Каардынацыйнай Рады, якія выказалі згоду на ўдзел у выбарах;
– забяспечыць гендарную квоту не менш за 40% асобаў менш прадстаўленага полу ад агульнай колькасці кандыдатаў у спісе. Існуе магчымасць зніжэння квоты да 20% рашэннем Выбарчай камісіі для тых выбарчых суб’ектаў, якія аргументавана не могуць выканаць квоту ў 40% (арганізацыі ў сферы бяспекі, ветэранскія арганізацыі беларускіх добраахвотнікаў і іншыя падобныя арганізацыі).

Кожны выбаршчык мае адзін голас і можа прагаласаваць за адзін са спісаў выбарчых суб’ектаў.

Наступным крокам па падрыхтоўцы выбараў у Каардынацыйную Раду будзе фармаванне Выбарчай камісіі, аб чым будзе паведамлена дадаткова.

KR-3-Palazennie-Vybary

Яшчэ навіны

Падзяліцца