“Чвэрць мільёна грамадзянаў Беларусі, якія больш за месяц кожныя выходныя мірна выходзяць з вымогамі аднавіць справядлівасць, нямагчыма арыштаваць”.

Міхал Кірылюк, адвакат

Мне, як адвакату і сябру КР, які працаваў поруч з Максімам Знакам і Марыяй Калеснікавай, цяжка даваць юрыдычны каментар адносна іх затрымання.

Цалкам відавочна, што сутнасць справы выключна палітычная, што мэта яго — ціск на Каардынацыйную Раду і беларускую грамадзянскую супольнасць у цэлым.

Следчы камітэт паведамляе, што Максім і Марыя падазраваныя па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Прывядзём поўную  фармулёўку дадзенага артыкула:

Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, ці гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, ці здрады дзяржаве, ці здзяйснення акта тэрарызму ці дыверсіі, ці здзяйснення іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, або распаўсюджанне матэрыялаў, што змяшчаюць такія заклікі, –з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі ці глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт, – караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух до пяці гадоў.

Мяркуючы па аб’ектыўным боку складу – доказы павінны быць на вачах ўсяго свету – у інтэрнэце. У СМІ.

Я як практыкуючы адвакат уважліва чытаў выступы Марыі і Максіма, і нічога блізкага гэтаму не бачыў.

Апроч мяне, выступы Марыі і Максіма чыталі яшчэ сотні адвакатаў, тысячы юрыстаў, мільёны грамадзянаў Беларусі. Улічваючы медыйную вагу гэтых людзей, бягучы накал палітычнага становішча ў Беларусі, падвышаную ўвагу ўсіх сусветных СМІ,  журналісты, якія працуюць тут, – калі б яны сапраўды да нечага такога заклікалі – пра гэта б ужо ведаў увесь свет.

І ніхто нічога не заўважыў!

Узнікае пытанне: дык што гэта за заклікі такія, якіх ніхто не бачыць і не чуе, апрача супрацоўнікаў Следчага камітэта і пракуратуры?

Мне здаецца, у дадзенай сітуацыі слушней будзе прывесці артыкул 397 Крымінальнага Кодэкса “Свядома нязаконныя затрыманне ці зняволенне пад варту або ўтрыманне пад вартай”.  Дадзенае злачынства караецца, у тым ліку, пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў, а ў выпадку цяжкіх наступстваў – ад двух до сямі гадоў.

Вядома, з тым разуменнем законнасці, якое спасцігла нас усіх у 2020 годзе,  асабліва са жніўня месяца, можна і мяне арыштаваць за дадзены каментар.

Але чвэрць мільёна грамадзянаў Беларусі, якія больш за месяц кожныя выходныя мірна выходзяць з вымогамі аднавіць справядлівасць – няможна арыштаваць.

І ігнараваць і супрацьстаяць ім – немагчыма.

Таму цяпер абавязак любага чалавека, адваката, пракурора,  настаўніка, кіроўцы – узвысіць свой голас, каб:

  • выпусціць нявінных людзей з турмаў,
  • пакараць па законе ўсіх, хто здзекаваўся з грамадзянаў Беларусі,
  • дамагчыся новых, сумленных выбараў як мага хутчэй.

Аксана Зарэцкая, культурны эксперт

Сёння ніводны беларус не можа сказаць: «Я ў бяспецы». І адзіная крыніца гвалту ў краіне — гэта азвярэлая рэпрэсіўная машына ўлады. Для яе няма межаў і няма правілаў.

Ужо наіўна меркаваць, што аднойчы Лукашэнка адумаецца і вырашыць, што «з панядзелка пачне выконваць закон у краіне». Пра гэта павінны помніць людзі, якія яго атачаюць. І задаць сабе пытанне: ці сапраўды магчыма цяпер проста «перавярнуць старонку» і ўсё забыцца?

Ніводны чалавек, арганізацыя ні ў краіне, ні за яе межамі не даверыцца слову прадстаўнікоў цяперашняй улады. А з іншага боку мы назіраем дзіўнай сілы мабілізацыю і адзінства грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. І ўлада да начных кашмараў баіцца гэтай сілы і кансалідацыі. Яна баіцца ўласных грамадзянаў, якія перажылі гвалт і забойствы, якія навучыліся хутка дамаўляцца і ствараць на руінах, створаных рукамі сілавікоў.

Лукашэнка наіўна спадзяецца, што, арыштоўваючы людзей, хапаючы ўсіх запар у аўтазакі, ён запалохае большасць, і на вуліцы стане выходзіць усё менш і менш. Мабыць, яму не даклалі, што на штыкі нейкі час можна абапірацца, але на іх немагчыма кіраваць. Нацыя абражаная. І нацыя адзіная ў сваім імкненні спыніць катаванні над сваёй воляй і правам «людзьмi звацца».

Патрабаванні для гэтага выключна зразумелыя:

  • Вызваленне палітычных зняволеных
  • Спыненне гвалту і палітычных пераследаў
  • Правядзенне перавыбараў па міжнародных стандартах

І беларусы прыйдуць за сваім правам. Без лідараў і камандаў «лялькаводаў». А проста таму, што сёння ўжо кожную сям’ю ў нашай краіне кранулі гвалт і рэпрэсіі. Лукашэнка давядзецца прыслухацца да 9 мільёнаў чалавек. Хоча ён таго, ці не.

Валерый Мацкевіч, паліттэхнолаг

Я не перастаю захапляцца адвагай і аднадушнасць беларусаў.

Ужо сёння нашу краіну па ўсім свеце ўспамінаюць не як «апошнюю дыктатуру Еўропы», нас  пазнаюць па самых высокакультурных мірных пратэстах  і крэатыўных акцыях салідарнасці.

Да людзей вяртаецца пачуццё ўласнай годнасці, мы канчаткова адхілілі і развеялі навязаны нам міф пра «памяркоўных» аматараў «чаркі і скваркі», якія праводзяць сваё жыццё ў стылі «а можа гэтак і трэба». Мы распрасталі плечы, выпрасталі постаць. Мы разумныя, прыгожыя і адказныя.  Мы ўсе разам глыбока ўсведамляем, што паспелі для новага этапу ў пабудове грамадзянскай супольнасці ў нашай краіне.

Выкладнік, які адважна адбівае сваіх студэнтаў ад АМАПа; дзяўчыны і жанчыны, якія закрываюць сабой хлопцаў ад «наймітаў»; героі-ратаваннікі, якія цаной уласнай свабоды выцягвалі людзей са Свіслачы, ведаючы, што будуць адразу ж арыштаваны.  І, вядома ж, Марыя Калеснікава, якая зрабіла беспрэцэдэнтныя высілкі, каб не даць выправадзіць сябе з Беларусі. Гэтыя падзеі апошніх дзён, якія прымушаюць сэрца біцца часцей, увайдуць у падручнікі найноўшай гісторыі Беларусі.

Грамадзяне Беларусі заслужылі і гатовы да канца бараніць свае правы і волі мірным шляхам. Каб закон працаваў у нашай краіне, каб працавалі сацыяльныя ліфты, каб палітычны працэс прадугледжвае роўныя магчымасці для ўсіх палітычных плыняў і фігур. Я ўпэўнены, што беларусаў бессэнсоўна запалохваць і спрабаваць вярнуць у перыяд «да 9 жніўня». А ціск, арышты і выправаджэнне сябраў Прэзідыума Каардынацыйнай Рады з краіны зьяўляюцца контрпрадукцыйнымі мерамі, якія маюць злачынны характар і толькі прыводзяць да эскалацыі напружання ў грамадстве.

Сёння варта прызнаць той факт, што прыцягненне Каардынацыйнай Рады як аднаго прадстаўнічага органа беларускага грамадства да працэсу стварэння пляцоўкі для канструктыўнага дыялогу па пераадоленні палітычнага крызісу і забеспячэння згоды ў грамадстве зьяўляецца найлепшым сцэнарыем для кожнага з бакоў.

Алег Маісееў, давераная асоба Святланы Ціханоўскай

Усім, хто не здаецца!

Апошнія дні паказалі, што рэжым узяў новы узровень абвастрэння становішча ў краіне. Тое, што робяць структуры, якія павінны па абавязку службы бараніць Закон і простых людзей, — яны цяпер дзейнічаюць з дакладнасцю наадварот. Па загаду яны пачалі зноў затрымваць людзей, якіх лічаць касцяком пратэсту. Але яны памыляюцца. Сёння градус пратэстаў такі, што кожны з удзельнікаў мітынгаў зьяўляецца сам сабе рэжысёрам — сам для сябе камандзірам, начальнікам, які прымае рашэнні. Немагчыма пасадзіць усю краіну. Яны робяць усё, каб паказаць, наколькі абмежаваныя ў сваёй злосці, у сваім жаданні задушыць пратэставы рух.

Усё, хто цяпер спрыяе самапрызначэнцу — былому перасіденту Лукашэнку — усе атрымаюць сваё. Бумеранг нагоніць кожнага. Яны думаюць, што Каардынацыйная Рада скончыць сваю працу з пасадкай у турму лідараў?

Наіўныя! КР будзе працаваць, нават калі там застанецца 2 ці 1 чалавек. А іх у КР больш за 4000 тыс. і частка знаходзіцца не ў Беларусі.

Марыя, Максім, Ілля і іншыя, каго пасадзілі ў апошнія дні, — яны вязні сумлення і ўсе дзеянні ў дачыненні іх — незаконныя. Следчыя! Рыхтуйцеся адказаць за свае дзеянні! Вы адна з прычын, па якой рэжым яшчэ ўтрымвае ўладу! І чым больш вы будзеце спрыяць яму, тым стражэй для вас будзе кара! Пераходзьце на светлы бок пакуль не позна.

Усе, хто будзе і далей пераследаваць КР ці простых людзей, якія выказваюць сваё канстытуцыйнае права і пратэсты — рана ці позна паўстануць перад законам!

Яшчэ навіны

Падзяліцца