У канцы 1996 года перад рэферэндумам аб змене Канстытуцыі, які ініцыяваў Аляксандр Лукашэнка, суддзі Канстытуцыйнага суда запрасілі беларускіх студэнтаў права да сябе ў будынак суда ў асноўную залу для паседжанняў. Яны ўжо разумелі, да чаго вядзе гэты рэферэндум і арганізавалі такую сустрэчу, каб расказаць пра некалькі гадоў працы незалежнага Канстытуцыйнага суда, бо пасля рэферэндуму ён страціць гэтую незалежнасць. Пачалі сустрэчу словамі аб тым, што яны вераць, у тое, што студэнты права ў будучыні зноў убачаць Беларусь з рэальнай Канстытуцыяй, рэальным незалежным Канстытуцыйным судом. Гэта было такое своеасаблівае пасланне ў будучыню.

Сярод гэтых студэнтаў быў цяперашні сябар КР, юрыст і праваабаронца Раман Кісляк. Пагаварылі з ім аб настроях таго часу і ролі КР для вяртання канстытуцыяналізму.

Галоўныя тэзы з гэтай размовы

– Часткова мы сёння ў такой сітуацыі менавіта з-за слабой Канстытуцыі 1994 года. Тут гаворка не толькі пра тэкст, а пра тое, што мы не абаранілі Беларусь, свае каштоўнасці, дэмакратыю, незалежнасць ад тыраніі, якая насунулася. Нормы Канстытуцыі не сталі нашым стандартам, які абараняе нас ад узурпацыі ўлады.

– Нам неабходна вярнуць саму Канстытуцыю, і тут гаворка перш за ўсё аб разуменні намі, беларусамі, гарантый ад самавольства і тыраніі ўлады. Канстытуцыя – гэта абмежаванне ўлады, пабудова такой прылады, каб з аднаго боку было эфектыўнае кіраванне дзяржавай, але, з другога боку, гэтае кіраванне не стала адвольным. У нас, у грамадзян, павінны быць механізмы «даваць па сініх пальцах» тым, хто ва ўладзе, каб яны не маглі ўтрымліваць яе супраць нашай волі.

– Каардынацыйная рада павінна адыграць асноўную ролю ў вяртанні сапраўднай Канстытуцыі, бо ў прынятым Статуце яна сфармулявала сваю мэту: незалежная дэмакратычная Беларусь, узноўленая ў адпаведнасці з асноўнымі прынцыпамі канстытуцыяналізму.

Яшчэ навіны

Падзяліцца