Сёння ініцыятыва «Праваабаронцы супраць катаванняў» апублікавала вынікі маніторынгу выканання дзяржавай рэкамендацый Камітэта супраць катаванняў. Спойлер – рэкамендацыі выкананы на 4,5%.

 – Калі да 9 жніўня 2020 года сітуацыя з правамі чалавека ў цэлым і свабодай ад катаванняў у прыватнасці была стабільна дрэнная, то пасля 9 жніўня 2020 года Беларусь, ігнаруючы ўсе міжнародныя дамовы і нацыянальнае заканадаўства, мэтанакіравана праводзіць палітыку масавых катаванняў і ігнаравання ўсіх асноўных правоў і свабод чалавека, – гаворыцца ў справаздачы па маніторынгу.

Старшыня ПЦ «Вясна», сябра КР Алесь Бяляцкі адзначае, што сёння ўлады вядуць палітыку ізаляцыі ад свету, бо баяцца міжнароднай рэакцыі на падзеі ў Беларусі. Праваабаронца прывёў у прыклад прыпыненне працы офіса вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ў Мінску: 

–  За апошні год прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека стаў непажаданым чалавекам у Беларусі. Гэта падкрэслівае глыбіню праваабарончага крызісу ў краіне, поўнае нежаданне ўлад прыслухоўвацца да неадкладных рэкамендацый і зваротаў Камісара ААН па правах чалавека, а таксама боязь, што ў Беларусі з’явяцца прадстаўнікі міжнародных арганізацый, – кажа Алесь Бяляцкі. –  Улады ўсё больш ізалююцца ад свету і зачыняюць краіну. Думаю, што хуткім часам з краіны могуць быць выгнаны і іншыя прадстаўніцтвы ААН у Беларусі.

Адзначым, што на гэтым тыдні таксама была апублікавана справаздача пра ўтрыманне у турмах беларускіх палітзняволеных. У дакуменце прыведзеныя дадзеныя пра перапоўненасць камер, адмовы ў медычнай дапамозе, адсутнасці пітнай вады, масавых збіццях, абразах, выпрабаваннях празмернай фізічнай нагрузкай. У справаздачы таксама пералічаныя імёны службовых асоб, вінаватых у парушэннях права ў месцах зняволення.  

Спасылкі на дакументы:

Вынікі Маніторынгу выканання дзяржавай рэкамендацый Камітэта супраць катаванняў.

Справаздача пра ўтрыманне у турмах.

Яшчэ навіны

Падзяліцца