Трое зняволеных, Ігар Лосік, Ігар Банцар і Зміцер Фурманаў, трымаюць галадоўку ў СІЗА. 

Ігар Лосік абвясціў ужо другую галадоўку, гэтым разам сухую. Папярэднюю Ігар Лосік трымаў 42 дні і спыніў, калі даведаўся, што некаторыя беларусы таксама пачалі галадоўку ў знак салідарнасці з ім. 

Агенцтва ЗША па глабальных медыя (USAGM) запатрабавала ў беларускіх улад выпусціць Ігара Лосіка і зняць з журналіста абвінавачанні. 

«Недапушчальна, каб рэпартаж пра выбары ў Беларусі каштаваў журналісту волі», — заявілі прадстаўнікі Агенцтва. 

Ігар Банцар не есць і не п’е ўжо 11 дзён. Сухая галадоўка небяспечная тым, што пасля 10 дзён арганізму складана даць рады абязводжванню і голаду. Музыканта з Горадні ўтрымваюць у жорсткіх умовах: пазбавілі сувязі з роднымі, 2 тыдні трымалі ў карцары, вазілі на прымусовае псіхіятрычнае абследаванне.

11 сакавіка палітзняволены Зміцер Фурманаў у судзе абвясціў пра пачатак галадоўкі. Ён пратэстуе супраць умоў утрымання ў гарадзенскай турме. 9 сакавіка Фурманава змясцілі ў карцар на пяць дзён. Ужо месяц за межы камеры яго водзяць вылучна ў кайданках.

У Беларусі вядомы выпадкі, калі галадоўкай палітзняволеныя дамагаліся мэт. 

У студзені грамадзянка Беларусі і Швейцарыі Наталля Хершэ спыніла першую галадоўку, калі да яе дапусцілі амбасадара Швейцарыі, пачалі перадаваць лісты і палепшылі ўмовы ўтрымання.

У 2009 годзе прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч галадаў 90 дзён і дамогся змены меры спынення на хатні арышт.

Падтрымайце беларусаў, якія пашлі на крайнюю меру, каб звярнуць увагу беларускі і міжнароднай грамадскасці на незаконнае зняволенне і цяжкія ўмовы ўтрымання. 

Адрасы для лістоў Ігару Лосіку і Зміцеру Фурманаву — на politzek.me, Ігару Банцару — на dissident.by.

Яшчэ навіны

Падзяліцца