Шаноўныя беларускі і беларусы, паважаныя выбаршчыкі Рэспублікі Беларусь!

Трыццаць год таму ў Беларусі была прынятая Канстытуцыя, паводле якой прайшлі свабодныя прэзідэнцкія выбары. У іх на папулісцкай хвалі перамог дырэктар саўгаса, які пачаў усталёўваць уласную аўтарытарную дыктатуру.

Праведзены ў 1996 г. пры падтрымцы Расеі антыканстытуцыйны рэферэндум уяўляў сабой дзяржпераварот, «захоп і ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» – крымінальнае злачынства, якое доўжыцца па цяперашні час. У беларускага народа была скрадзена права на празрыстыя і сумленныя выбары. Вынікі ўсіх выбарчых кампаній і рэферэндумаў у Беларусі былі сфальсіфікаваныя, не атрымалі прызнання міжнароднай дэмакратычнай супольнасці, не могуць мець юрыдычнай сілы і падлягаюць перагляду новай беларускай уладай.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 г. мясцовы рэжым, прайграўшы 9 жніўня выбары, разгарнуў беспрэцэдэнтныя для Еўропы XXI стагоддзя рэпрэсіі, іх маштаб і ступень гвалту павялічваюцца дагэтуль. У атмасферы дзяржаўнага тэрору і пад кантролем прысутных расейскіх войскаў 22 лютага 2022 г. быў праведзены па крамлёўскаму сцэнару чарговы рэферэндум. Былі зноў унесены ў беларускую Канстытуцыю незаконныя змены, пад іх прыкрыццём нададзены паўнамоцтвы па паўночнакарэйскаму ўзору «Усебеларускаму народнаму сходу», парламенцкія выбары былі перанесены на год, а мясцовыя выбары на два гады. Праз дзень з фактычна акупаванай беларускай тэрыторыі войскі Расеі распачалі вайну супраць народа Украіны.

Зараз у Беларусі паскорылася фармаванне неататалітарнага рэжыму ў рамках «саюзнай дзяржавы» пад поўным кантролем ваенна-палітычнага кіраўніцтва Расеі. Канчаткова страціўшы легітымнасць, сваімі дзеяннямі рэжым беларускага ўзурпатара, актыўна спрыяючы агрэсіі РФ супраць Украіны, стаў саўдзельнікам здзяйснення расейскімі палітыкамі і вайскоўцамі ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць міру і чалавечнасці.

У Беларусі свабода слова, сходаў і асацыяцый знішчана, апазіцыйныя партыі, дэмакратычныя прафсаюзы і грамадскія аб’яднанні ліквідаваны, іх лідары і члены падвяргаюцца пераследам, тысячы іншадумцаў кінутыя ў вязніцы, свабода сродкаў масавай інфармацыі не выконваецца, вартыя даверу ўнутраныя і міжнародныя назіральнікі не дапускаюцца да «выбараў-2024», адсутнічаюць сродкі прававой абароны і абскарджання выбарчых парушэнняў. У такім становішчы Парламенцкая асамблея Рады Еўропы, Еўрапарламент ужо адзначылі: у Рэспубліцы Беларусь «свабодных і справядлівых выбараў быць не можа».

Баязліва зменены Выбарчы кодэкс, каб участкі за мяжой Беларусі ў гэтую выбарчую кампанію зусім не адкрываць. Прыехаўшых для галасавання беларусаў з-за мяжы кіруючы рэжым насцярожана чакае толькі на адзіным выбарчым участку каля сталічнага вакзалу. Больш мільёна беларускіх грамадзян, кожны пяты выбаршчык, пазбаўленыя рэалізацыі свайго канстытуцыйнага выбарчага права на галасаванне. І гэтым беларуская дзяржава зноў прадэманстравала парушэнні сваіх міжнародных абавязкаў і зняважлівае стаўленне да суайчыннікаў.

Такім чынам, нелегітымны рэжым пад лозунгам «Галасуем разам!» цынічна праводзіць у Беларусі чарговую імітацыю выбараў, якую ў народзе трапна празвалі «бязвыбарамі». І мы заклікаем усіх сумленных выбаршчыкаў не ўдзельнічаць у гэтым фарсе. Тыя ж з вас, каго ўсё ж прымусяць прыйсці на выбарчыя ўчасткі, могуць зрабіць бюлетэні несапраўднымі, паставіўшы «птушкі» усім прызначаным уладамі кандыдатам у «дэпутаты парламента». Магчыма, на сённяшнім этапе пры галасаванні па выбарам дэпутатаў у Саветы ніжніх узроўняў і знойдуцца рэдкія выключэнні кандыдатаў, якіх можна падтрымаць, бо яны не здолеюць нарабіць вялікага зла, вырашаючы дробныя мясцовыя праблемы.

Але ўсе грамадзянкі і грамадзяне Беларусі, незалежна ад іх месцазнаходжання, заслугоўваюць права быць прадстаўленымі на рэспубліканскім, нацыянальным узроўні тымі, каго яны свабодна абяруць праз празрыстыя, свабодныя і справядлівыя выбары.

Яшчэ ў славутым жніўні 2020 года па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай, якая фактычна перамагла на прэзідэнцкіх выбарах, была створана Каардынацыйная рада (КР) для дэмакратычнага транзіту ўлады. За мінуўшы час КР паступова трансфармавалася з перамоўнай пляцоўкі для пераадолення палітычнага крызісу ў краіне (у сваім першым складзе) да прадстаўнічага органа дэлегатаў ад дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці Беларусі. КР адразу атрымала прызнанне з боку дэмакратычных краін як легітымны прадстаўнічы орган беларусаў, і нават паліцэйская беларуская дзяржава ацаніла патэнцыял КР як альтэрнатыўнай арганізацыі, навесіўшы на КР «экстрэмісцкі» ярлык.

Зараз ідзе няпросты, але шчыры публічны дыялог, каб падрыхтаваць якасна новае фармаванне трэцяга склада Каардынацыйнай рады праз прамыя выбары па прапарцыйнай сістэме са спісамі выбарчых суб’ектаў. Выбарчая кампанія будзе грунтавацца на міжнародных стандартах, каб КР стала легітымным органам парламенцкага тыпу, які павінен садзейнічаць кансалідацыі, аб’яднанню беларускіх палітычных структур, арганізацый грамадзянскай супольнасці вакол праграмных мэт на аснове дэмакратычных каштоўнасцей. Сістэма электроннага галасавання будзе заснавана на прыярытэце свабоднага волевыяўлення і бяспекі выбаршчыкаў.

Мы заклікаем усіх беларускіх выбаршчыкаў у хуткім часе прыняць актыўны ўдзел у сапраўдных выбарах у склад Каардынацыйнай рады Беларусі.

Разам з прагрэсіўным сучасным вопытам КР працягне нацыянальныя традыцыі, што бяруць вытокі ад вышэйшых прадстаўнічых структур Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Беларускай Народнай Рэспублікі, будзе кіравацца лепшымі ўзорамі парламентарызму Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь пачатку 1990-х гадоў.

Каардынацыйная рада разам з беларусамі і беларускамі на Радзіме, у замежжы будзе смела, сумленна і кампетэнтна спрыяць захаванню незалежнасці Рэспублікі Беларусь і яе крокам па шляху да дэмакратыі і еўраінтэграцыі. Жыве вольная Беларусь!

 

Каардынацыйная рада Беларусі
21 лютага 2024 года

Яшчэ навіны

Падзяліцца