Моладзевая фракцыя

  1. Галоўная
  2. Фракцыі
  3. Моладзевая фракцыя

Місія

Місіяй моладезвай фракцыі зьяўляецца прадстаўніцтва, абарона й прасоўваньне інтарэсаў
беларускай моладзі ў рамках Каардынацыйнай рады. Для ажыцьцяўленьня місіі фракцыя ў
сваёй працы спрыяе забесьпячэньню выкананьня правоў чалавека, разьвіцьцю патэнцыялу
моладзі, залучанасьці яе ў грамадзянскую актыўнасьць і ў працэсы прыняцьця палітычных
разьвязкаў.

Мэты

  • Узмацненьне ролі моладзі ў грамадзянскім і палітычным сэктарах.
  • Падвышэньне ўвагі да праблем і патрэб беларускай моладзі сярод міжнародных і лякальных актораў.
  • Адвакатаваньне запытаў беларускай моладзі стэйкхолдарам за кошт evidence-based
    экспэртызы й вытворчасьці ведаў пра моладзь у Беларусі й за мяжой, яе сацыяльную дынаміку й патрэбы.
  • Узмацненьне ўзаемадзеяньня беларускай моладзі з арганізацыямі, фондамі праграмамі й інстытуцыямі, што займаюцца праблемамі й фасілітацыяй інтарэсаў моладзі за мяжой і ўсярэдзіне Беларусі, супраціў абмежаваньням у моладзевым грамадзянскім сэктары.
  • Прадстаўленьне поглядаў і абарона інтарэсаў беларускай моладзі пры прыняцьці пастаноў у КС.
  • Забесьпячэньне неперапыннай сувязі зь беларускай моладзьдзю з дапамогай прадстаўніцтва, анкетаваньня, збору зваротнай сувязі, звароту да дасьледаваньняў і г. д. для якаснай працы фракцыі.

Прыярытэты дзейнасьці

У сваёй дзейнасьці Моладзевая фракцыя кіруецца прынцыпам пашырэньня прасторы магчымасьцяў: стварэньнем і пошукам кропак доступу беларускай моладзі да прыняцьця пастановаў, утварэньня, грамадзянскага ўдзелу, рынку працы й г. д.

  • Вывучэньне патрэб беларускай моладзі.
  • Распрацоўка рэкамэндацыяў і адвакатаваньне сярод міжнародных і лякальных арганізацыяў і інстытуцыяў.
  • Пашырэньне доступу беларускай моладзі да фармальнай і нефармальнай адукацыі.
  • Разьвіцьцё й пашырэньне сувязяў беларускай моладзі, студэнтаў і выпускнікоў з рынкам працы.
  • Спрыяньне фармаваньню актыўнай грамадзянскай пазыцыі сярод моладзі й удзелу ў грамадзянскай і палітычнай актыўнасьці.
  • Падтрымка моладзі, што патрапіла пад рэпрэсіі з боку беларускай дзяржавы.

Каштоўнасьці й прынцыпы

I Свабода індывіда
  • Усе людзі ад народзінаў маюць натуральныя правы, такія як права на жыцьцё, права на свабоду слова, права на прыватную маёмасьць, прыватнае жыцьцё, прыватнае правядзеньне вольнага часу. Захаваньне усіх пералічаных правоў агулам можна абазначыць як захаваньне прынцыпу права на свабоду.
  • Прымусовае парушэньне прынцыпа права на свабоду зьяўляецца базавай супярэчнасьцю нашым прынцыпам і каштоўнасьцям.
  • Ніводная асоба, незалежна ад яе паходжаньня, сацыяльнага статусу, гендэра, плоці, сэксуальнай арыентацыі, рэлігійнай прыналежнасьці, палітычных поглядаў ці этнасу, не павінна быць абмежаваная ў сваіх натуральных правах і павінна мець магчымасьці для іх рэалізацыі ў грамадзтве.
II Абмежаваная роля дзяржавы
  • Беларуская дзяржава й яе інстытуты зьяўляюцца інструмэнтам захаваньня й рэалізацыі права на свабоду асобаў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, а таксама маюць грамадзянства Беларусі.
  • Прынцып вяршэнства права на свабоду павінен быць асновай для існаваньня беларускай дзяржавы й мусіць быць замацаваны ў нашым агульным зводзе правілаў — Канстытуцыі Беларусі.
  • Кожны грамадзянін Беларусі павінен мець права на ўдзел у кіраваньні нашай агульнай дзяржавай, а партысіпатыўная й канкурэнтная дэмакратыя, з павагай да правоў на свабоду меньшасьцяў, павінна быць асновай устойлівага існаваньня грамадзтва.
  • Беларуская дзяржава й яе інстытуты не павінны зьяўляцца інструмэнтам маральнага, альбо ідэалягічнага выхаваньня.
  • Замах на выкарыстаньне Беларускай дзяржавы й яе інстытутаў для парушэньня прынцыпа права на свабоду павінна лічыцца найбольшым злачынствам.
III Незалежнасьць і суверэнітэт
  • Самастойнае існаваньне Беларусі як суб’екта міжнароднай палітыкі не можа быць пастаўлена пад сумненьне як унутры Беларусі, так і звонку.
  • Пытаньне ўдзелу Беларусі ў міжнародных аб’яднаньнях і саюзах можа вырашацца выключна праз інструмэнты партысіпатыўнай канкурэнтнай дэмакратыі.
  • Усе цяперашнія сяброўства Беларусі ў міжнародных аб’яднаньнях і саюзах павінны быць прыпынены, за выключэньнем пагадненьняў у межах ААН і АБСЕ.
  • Усе будучыя сяброўсва Беларусі ў міжнародных аб’яднаньнях і саюзах не павінны супярэчыць прынцыпу права на свабоду. У выпадку супярэчнасьці, Беларусь пакідае за сабой права невыкананьня асобных палажэньняў падобных дамоўленасьцяў.
  • Для абароны сваёй незалежнасьці й суверэнітэту Беларусь павінна мець прафэсійнае войска, а грамадзяне павінны мець магчымасьць узброенай абароны Беларусі на індывідуальным узроўні й без прымусу з боку дзяржавы.
IV Гуманнасьць мэтадаў дзейнасьці
  • Чалавечае жыцьцё, годнасьць і свабода — найвышэйшыя каштоўнасьці, праз прызму якіх павінны прымацца ўсе арганізацыйныя й, ў будучым, дзяржаўныя рашэньні.
  • Адукацыя, асьвета й дыялёг — прыярытэтныя мэтады дзейнасьці для дасягненьня жаданага уладкаваньня грамадзтва.
  • Прымяненьне гвалту індывідамі дапушчальна толькі ў межах фізычнай самаабароны, абароны сваёй прыватнай маёмасьці й абароны права на свабоду.

Падзяліцца