Сябры!

Мы хочам сказаць дзякуй за вашу актыўную грамадзянскую пазыцыю. Мы разам адказныя за сваю краіну і будзем дамагацца праўды і ўрачыстасці закона. Дзякуй, што вы не спыняецеся і патрабуеце адказу ад сваіх дэпутатаў. Яны павінны працаваць і выконваць вашу волю — волю выбаршчыкаў.

Вы сталі ў чэргі, каб сабраць подпісы і заклікаць дэпутатаў да адказу. Ужо пачалі праходзіць першыя сходы, дзе вы сустракаецесь са сваімі дэпутатамі і патрабуеце дыялогу.

Дэпутаты да гэтага не гатовыя. Кажуць, што былі ў адпачынку і не ведаюць, што адбываецца ў краіне, кажуць што будуць разбірацца, кажуць што гвалту з боку міліцыі не было. Як можна быць не ў курсе, калі ўся краіна штодня абмяркоўвае падзеі апошніх тыдняў? Усе СМІ пішуць пра гэта, а на вуліцах праходзяць шматтысячныя акцыі?

Але важна не спыняцца, важна патрабаваць адказу не толькі ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, але і ад дэпутатаў мясцовых саветаў: абласных, гарадскіх, раённых і сельскіх.

Нам трэба ведаць, што мясцовыя саветы адказваюць за размеркаванне бюджэтаў, узгадняюць куды пойдуць нашыя падаткі. Мясцовыя саветы павінны быць справаздачны перад намі, расказваць аб выніках выкарыстання гэтых сродкаў, колькі грошай пайшло на новы асфальт, а колькі на рамонт выканкама.

Мы маем права ведаць што адбываецца, мы хочам каб грошы размяркоўваліся як трэба людзям, а не чыноўнікам.

Дэпутаты мясцовых саветаў павінны рэагаваць на тое, што адбываецца ў краіне.

Улада народа — гэта калі чыноўнікі клапоцяцца пра інтарэсы сваіх выбаршчыкаў. Улада народа — гэта калі чыноўнікі даюць справаздачу выбаршчыкам, а не вышэйстаячым органам. Калі яны не гатовыя быць сапраўднымі прадстаўнікамі народа, то павінны падаць у адстаўку. Калі не хочуць, то ёсць шмат законных спосабаў як дабіцца, каб яны выконвалі свае абавязкі.

Дэпутат, які маўчыць, — не наш дэпутат.

Карысныя спасылкі:

Алгарытм адклікання дэпутата Палаты прадстаўнікоў тут.

Алгарытм адклікання дэпутата мясцовых саветаў тут.

Папулярныя пытанні пра адкліканне дэпутатаў тут.

Інфармацыйны тэлеграм-канал праекта пра адкліканне дэпутатаў.

Яшчэ навіны

Падзяліцца