Беларусь будзе вольнай!

Апублікавана:
25.03.2022, 13:24

Сёння беларусы маглі б з гонарам адзначаць блізкі духу і яднаючы Дзень Волі. Але 28 год таму нешта пайшло не так.

25 сакавіка стала важным дзяржаўным святам у Беларусі, асабліва на хвалі здабыцця незалежнасці ад СССР. Усё пачало мяняцца ў 1994 годзе. Разам з бчб, «Пагоняй» і беларускай мовай, 25 сакавіка для рэжыму быў сімвалам чужога. Няўпэўненасць у сваёй палітычнай сіле прывяла да адрынання таго, што ўжо станавілася асновай зараджэння і развіцця нацыі. Курс на інтэграцыю з Расіяй і намер трымаць дыстанцыю ад усяго беларускага ў Беларусі прывёў да істэрычнай замены дзяржаўных сімвалаў і святаў на новыя, пустыя.

Сёння беларусы не маюць магчымасці прайсці маршам па вуліцах Мінска, Гродна, Брэста і іншых гарадоў. Але мы працягваем барацьбу за свабоду і незалежнасць. Хтосьці за сваю барацьбу сядзіць у турмах; хтосьці абараняе гонар беларусаў ва Украіне, далучаючыся да абаронцаў Кіева; а хтосьці рызыкуе працай і нават жыццём, выводзячы са строю чыгунку, па якой едзе расійская ваенная тэхніка. Усё гэта – доказ таго, што дзеля свабоды мы ахвяруем, рызыкуем, дзейнічаем кожны дзень.

З Днём Волі, Беларусь!