Беларускія дэмакратычныя сілы ўпершыню выступілі на Кангрэсе Рады Еўропы

Апублікавана:

Упершыню ў гісторыі дэлегацыя дэмакратычных сіл Беларусі, якую прадстаўляюць шэсць чальцоў КР, прыняла ўдзел у сэсіі Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы.

Шэсць чальцоў Каардынацыйнай Рады: Ірына Халопіца, Юрась Губарэвіч, Алесь Міхалевіч з фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"», Паліна Бродзік з фракцыі «Беларусы», Яўгеній Караулаў і Аляксандра Дойніч з фракцыі «Моладзевы Наступ» - увайшлі ў дэлегацыю КР на сэсію Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад, які праходзіць сёння ў Страсбурзе. Падчас адкрыцця 48-й сэсіі Прэзідэнт Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Марк Кулс прывітаў дэлегацыю Каардынацыйнай Рады, адзначыўшы важнасць для Кангрэса прыняцця рашэння аб запрашэнні прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі як моцнага кроку падтрымкі лакальнай дэмакратыі ў Беларусі.

Таксама Марк Кулс выказаў словы падтрымкі ў барацьбе беларусаў за дэмакратыю, падкрэсліў неабходнасць вызвалення ўсіх палітзняволеных і адзначыў, што Кангрэс рады вітаць прадстаўнікоў дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сіл у гэты сімвалічны для ўсіх беларусаў дзень — Дзень Волі.

Падчас сэсіі Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў дэлегацыя Каардынацыйнай Рады плануе правесці шэраг сустрэч з прадстаўнікамі Рады Еўропы і Кангрэса рэгіянальных уладаў, у тым ліку:

– з палітычнымі групамі Еўрапейскай народнай партыі ў Кангрэсе (EPP/CCE);

– групай Сацыялістаў, Зялёных і Прагрэсіўных дэмакратаў (SOC/G/PD);

– Незалежнай і Ліберальна-дэмакратычнай групай (ILDG).

Дэлегацыя КР таксама запланавала сустрэчы з Прэзідэнтам Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Маркам Кулсам, з Генеральным секратаром Кангрэса Мэццю Мурам, а таксама абранай спецдакладчыцай Кангрэса па Беларусі Сесіліяй Дальман Ік.

Падчас 48-й сэсіі Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад прадстаўнікі Каардынацыйнай Рады выступілі падчас камітэтаў, таксама запланаваны выступ падчас пленарнай сэсіі на тэму «Мясцовая і рэгіянальная дэмакратыя ва ўсім свеце».