Сустрэча з Прэзыдэнтам Маркам Кулсам і Генэральным сакратаром Кангрэсу Мацьё Моры

Апублікавана:

Дэлегацыя КР працягвае ўдзел у Кангрэсе ў Страсбуры

На пачатку сустрэчы Прэзыдэнт Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы Марк Кулс і Генэральны сакратар Мацьё Моры выказалі падтрымку дэмакратычным памкненьням беларускага народу і пацьвердзілі намер працягваць супрацу.

Дэлегацыя КР:

🔹 Выказала падзяку за гістарычнае рашэньне Кангрэсу прызнаць Каардынацыйную раду як партнэра для супрацы, а таксама за запрашэньне дэлегацыі дэмакратычных сілаў, усе чальцы якой зьяўляюцца сябрамі КР, да ўдзелу ў працы сэсіяў Кангрэсу і ягоных камітэтаў.

🔹 Падкрэсьліла важнасьць супрацы дэмакратычных сілаў з Кангрэсам, асабліва ва ўмовах сучаснай сытуацыі з самакіраваньнем у Беларусі. У новай, дэмакратычнай Беларусі аднаўленьне і ўмацаваньне самакіраваньня мусіць стаць адным з прыярытэтаў.

🔹 Зьвярнула ўвагу на неабходнасьць падрыхтоўкі да рэформаў у сфэры мясцовага самакіраваньня ўжо цяпер, бо распрацоўка сучаснай сыстэмы кіраваньня на мясцовым узроўні – гэта складаная і працяглая праца. У гэтым кантэксьце супраца з Кангрэсам асабліва важная паводле двух галоўных кірункаў:

Распрацоўка рэформаў і прававой базы – стварэньне дарожнай мапы да падпісаньня Эўрапейскай хартыі мясцовага самакіраваньня, бо Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, якая ня толькі не падпісала гэтую Хартыю, але і ня ёсьць сябрам Рады Эўропы.

Узмацненьне чалавечага патэнцыялу – стварэньне адукацыйных магчымасьцяў, арганізацыя курсаў і стажыровак для беларусаў у краінах-чальцах Рады Эўропы.

🔹 Адзначыла важнасьць прызначэньня спэцдакладчыка Кангрэсу па дэмакратычнай Беларусі – Сэсіліі Дальман Ээк, што сьведчыць пра дадатковую ўвагу да сытуацыі ў краіне з боку міжнароднай супольнасьці.

🔹 Прадставіла актуальную інфармацыю пра сытуацыю ў Беларусі, падкрэсьліўшы неабходнасьць міжнароднай падтрымкі на шляху да дэмакратычных пераменаў.