Дэмакратычныя сілы аб’ядноўваюцца ў аператыўны штаб на час «рэферэндуму»

Апублікавана:
21.01.2022, 17:05

«Калі вы прыйдзеце на „рэферэндум“ і зробіце бюлетэні несапраўднымі, гэта не гарантуе перамены. Але калі вы не прыйдзеце — гэта гарантуе адсутнасць перамен». Дэмакратычныя сілы аб’ядноўваюцца ў аператыўны штаб на час «рэферэндуму»

У Беларусі афіцыйна падпісаны ўказ пра правядзенне 27 лютага «рэферэндуму» па зменах у Канстытуцыю.

Беларускія дэмакратычныя сілы — Офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада, Народнае антыкрызіснае кіраванне, супольнасць *Сумленныя людзі, платформа «Голас» і ініцыятыў «Зубр» — яшчэ пад канец лістапада прапананвалі агульную стратэгію дзеянняў на «рэферэндум». Афіцыйная дата таксама не стала неспадзеўкай: крыніцы дэмакратычных сіл паведамілі пра яе ў пачатку снежні.

На прэс-канферэнцыі, арганізаванай у Вільнюсе, дэмакратычныя сілы Беларусі абвясцілі пра стварэнне аператыўнага штаба на час «рэферэндуму». Ключавыя накірункі працы: выбарчыя камісіі, выбарцы ў краіне і за мяжой, а таксама грамадзянскі кантроль.

Святлана Ціханоўская: «Мы былі гатовыя да такога сцэнарыя. Учора мы ужо накіравалі лісты ад імя майго Офіса, КР і НАК ўсім міжнародным партнёрам. Мы заклікалі не прызнаваць так званага „рэферэндуму“, падтрымаць патрабаванні беларусаў пра вызваленне палітзняволеных і правядзенне новых выбараў. І узмацніць ціск на рэжым у выпадку працягу рэпрэсій.

Сёння я хачу абвясціць, што на перыяд кампаніі мы ствараем аператыўны штаб дэмакратычных сіл. Гэта каардынацыйны цэнтр, які пачынае працу сёння. Перад „рэферэндумам“ мы збярэмся ў адным офісе ў Вільнюсе, каб працаваць побач і разам.

Аператыўны штаб сабраны з палітычных структур і грамадзянскіх ініцыятыў, і мы запрашаем усіх, хто хоча далучыцца да нашай працы. У аператыўны штаб таксама ўваходзіць і Байпол — каб займацца інфармацыйнай бяспекай, адсочваць і аналізаваць аператыўнае становішча і сітуацыю ў шэрагах сілавікоў і чыноўнікаў для выпрацавання развязкаў. Нас ужо шмат хто падтрымлівае, на сайце кампаніі можна ўбачыць мноства ініцыятыў і супольнасцяў унутры Беларусі, якія падтрымалі стратэгію. Каб далучыцца, дастаткова звязацца з адной са структур, якая ўваходзіць у штаб».

Вольга Кавалькова, Каардынацыйная рада: «Рэпрэсіі працягваюцца, каб беларусам было нецікава і страшна браць удзел у грамадзянскім жыцці краіны. Але беларусы павінны паказаць, што яны нікуды не дзеліся. Крызіс, які ўтварыўся, давядзецца развязваць не рэпрэсіямі і імітацыяй рэферэндуму, а праводзіць рэальныя змены. Гэтая стратэгія — бяспечны і гучны адказ на імітацыю рэферэндуму. Мы павінны працягваць паказваць, што нас большасць».

Павел Латушка, Народнае антыкрызіснае кіраванне: «Народнае антыкрызіснае кіраванне лічыць парушэннем міжнароднага права знаходжанне ўзброеных сіл Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Беларусі. Яно ўзгоднена нелегітымнай уладай. У цяперашняй сітуацыі знаходжанне расійскіх войскаў стварае пагрозу вайсковага канфлікту з суседзямі Беларусі, а таксама пагрозу страты суверэнітэту. Грунтуючыся на гэтым, адзіная пазіцыя дэмсіл павінна быць дапоўненая наступнымі пунктамі. Першае: выкарыстанне рэферэндуму для мірнай змены ўлады і выканання патрабаванняў беларускага народа. Другое: мы павінны быць гатовы супрацьдзейнічаць ўмяшанню замежных войскаў ва унутраныя справы Беларусі і выкарыстання краіны як плацдарма для нападу на суседзяў».

Лена Жываглод, супольнасць *Сумленныя людзі: «Каштоўна, што да гэтага моманту мы ужо паспелі аб’яднацца вось у такі функцыйны аператыўны штаб. Мы разумеем, што няма ідэальнага плана, але лепшым будзе той, вакол якога аб’яднаецца больш беларусаў. Мы пачалі з сябе — з’ядналіся і размеркавалі  адказнасць.

Кампанія па перакрэсленні «рэферэндуму» складаецца з некалькіх ключавых накірункаў. Першае, мы працуем з сябрамі выбарчых камісій. Мы працуем з людзьмі, якіх прымушаюць браць удзел ва ЎВКах. Мы заклікаем іх не адмаўляцца і супрацоўнічаць з намі, расказваць, што адбываецца ўнутры. Другое, праца з усімі грамадзянамі, якіх мы запрашаем прыходзіць на пляцоўкі, рабіць бюлетэні несапраўднымі і пацвярджаць сваё дзеянне на платформе «Голас». Трэцяе, праца кожнага выбарца як грамадзянскага кантралёра па фіксацыі парушэнняў на пляцоўках.

Вельмі важна ўжо цяпер размаўляць з сябрамі, блізкімі і калегамі пра «рэферэндум», абмяркоўваць план дзеянняў. Мы разумеем, што ўнутры Беларусі людзям страшна рабіць такія абмеркаванні публічнымі. Таму тут вельмі важная роля беларусаў, якія з’ехалі за мяжу: скарыстайце свае сацсеткі, каб распаўсюджваць праўду, каб расказваць пра план дзеянняў на «рэферэндум».

Павел Лібер, платформа «Голас»: «Мы разумеем, што рэжым актыўна будзе выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс, каб замінаць нашай працы. Але мы да гэтага гатовыя і не баімся гэтага. „Голас“ — гэта платформа не толькі пра лічбы, але і пра эмоцыі. Успомніце, як у 2020-м мы вучылі адзін аднаго карыстацца платформай, вывучвалі агульныя рытуалы. Гэта з’яднала мільёны беларусаў — вельмі важна ўспомніць гэта. „Рэферэндум“, які з’яўляецца нелегітымным,  — гэта падзея, вакол якой мы ізноў зможам адчуць эмоцыю аб’яднання. А непрыход на пляцоўкі — гэта тое, што хоча рэжым. Не трэба рабіць яму гэты падарунак».

Павел Марыніч, ініцыятыва «Зубр»: «Сёння пра парушэнні могуць паведамляць не толькі акрэдытаваныя назіральнікі, але і агулам усе грамадзяне. Кожны можа стаць назіральнікам і паведамляць пра парушэнні на платформу „Зубр“. Грамадзянскім кантралёрам можа стаць кожны: і студэнт, і працоўны, і нават удзельнік выбарчай камісіі. Усе дадзеныя будуць збірацца бяспечна і ананімна. Мы пачынаем кампанію па грамадзянскім кантролі 27 студзеня».

Аляксандр Дабравольскі, Офіс Святланы Ціханоўскай: Беззаконне стала сінонімам сітуацыі, у якой знаходзяцца беларусы. Ніхто не пачуваецца ў бяспецы. Я хачу звярнуцца да чыноўнікаў, дзяржаўных службоўцаў. Вы кажаце пра стабільнасць, але калі нехта з кіраўнікоў ператвараецца ў малпу з гранатай — хіба гэта стабільнасць? На прыкладзе Казахстана мы бачым, як усё будзе працаваць з новай Канстытуцыяй — гэта будзе новая нестабільнасць.

А стабільнасць там, дзе ўлада своечасова змяняецца, дзе праходзяць сумленныя выбары. Стабільнасць там, дзе той, хто не хоча адыходзіць ад улады, не можа ператварыць змену ўлады ў трагедыю. Калі вы прыйдзеце на „рэферэндум“ і зробіце бюлетэні несапраўднымі, гэта не гарантуе перамены. Але калі вы не прыйдзеце — гэта гарантуе адсутнасць перамен».

Прадстаўнікі дэмакратычных сіл нагадалі пра план дзеянняў на «рэферэндум». Дэмсілы заклікаюць грамадзянаў прыходзіць на пляцоўкі і здзяйсняць дзеянне з бюлетэнем: рабіць яго несапраўдным з дапамогай крыжоў ува усіх варыянтах адказаў. І пацвярджаць свае дзеянні на платформе «Голас» — гэта дазволіць паказаць рэальную сітуацыю на кожнай пляцоўцы ў кожным горадзе.

Запіс прэс-канферэнцыі даступны па спасылцы: https://youtu.be/LtMfdfOv1s4

Фота з прэс-канферэнцыі: https://www.flickr.com/photos/tsikhanouskaya/albums/72177720296117911

Сайт з’яднанай стратэгіі дэмакратычных сіл: https://bit.ly/xx2022-org

Апытанне па «рэферэндуме» на платформе “Голас”: