Двухгоддзе са дня стварэння КР

Апублікавана:
19.08.2022, 17:23

Роўна два гады назад прайшло першае паседжанне Каардынацыйнай рады – прадстаўнічага органа беларускага грамадства.

За гэты час мы атрымалі міжнароднае прызнанне. У верасні 2020 года КР Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой прызнаў КР прадстаўнічым органам беларускага народу. У снежні 2020 года КР была прызнаная «законнай інстытуцыяй для ўдзелу ў дыялозе пра мірную перадачу ўлады» ў «Акце пра дэмакратыю, правы чалавека і суверэнітэт Беларусі» Сената ЗША.

Гэтыя два гады для КР, як і для шматлікх беларусаў і беларусак, асацыююцца з рэпрэсіямі. Зараз у зняволенні знаходзяцца восем сяброў і сябровак асноўнага складу КР, у тым ліку прадстаўнікі Прэзідыума, а таксама 9 чальцоў пашыранага складу. Некаторыя чальцы КР паспелі прайсці праз содні (і не адзін раз), а некаторыя – выйсці на волю.

Аднак Каардынацыйная рада ўвесь гэты час імкнулася рабіць карыснае для беларусаў і беларусак.

– Мы праводзілі сустрэчы з грамадзянамі і ладзілі апытанні, каб не адарвацца ад рэчаіснасці і разумець актуальныя патрэбы грамадства.
– Мы сустракаліся з прадстаўнікамі міжнароднай супольнасці, дыпламатамі і палітыкамі, каб сумесна працаваць над вызначанымі запытамі.
– Мы дзяліліся накопленай экспертызай і ладзілі праграмы падтрымкі, каб садзейнічаць развіццю грамадзянскай супольнасці.
– Мы запусцілі «Рух Большасці», каб кожны беларус і кожная беларуска змаглі штодзённа ўдзельнічаць у дэмакратычным руху.

Сёння КР таксама прыслухоўваецца да запыту грамадства і таму праводзіць рэформу дзейнасці. У выніку яшчэ больш прадстаўнікоў дэмсілаў і грамадзянскай супольнасці змогуць уключацца ў працэсы прыняцця рашэнняў і ў дэмакратычны рух у цэлым.

Дзякуй, што застаецеся з намі!