Эканаміст: «Пакуль рэжым паспяхова, знаходзіць адказ на пытанне, як змякчыць санкцыі»
Эканаміст: «Пакуль рэжым паспяхова, знаходзіць адказ на пытанне, як змякчыць санкцыі»
Калі раней Лукашэнка востра рэагаваў на ўвядзенні санкцый, то зараз, прынамсі ў афіцыйных СМІ, інфармацыі пра рэакцыю «першага» амаль не падаецца. Ці значыць гэта, што рэжыму ўсё адно? Старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC, сябра КР Дзмітрый Крук лічыць, што зараз размовы пра санкцыі хутчэй спекулятыўныя:
– Безумоўна, справа да санкцый у рэжыму ёсць. Але, мне падаецца, што ўлады ўсведамляюць, што весці якую-небудзь сур’ёзную гаворку аб зняцці санкцый сёння дэ-факта немагчыма. Таму зараз не бачу шмат сэнсу ў спекуляцыях, ці гатовыя яны на штосьці, калі санкцыі загоняць у кут, – каментуе эканаміст. – Больш важным мне бачыцца тое, што рэжым прыкладае ўсе намаганні каб гэтае пытанне для іх не паўстала. То бок, галоўнае пытанне для іх сёння не «як зняць/змякчыць санкцыі?», а «як (у максімальна магчымай ступені) кампенсаваць страты ад санкцыяў?». І пакуль з дапамогай Расеі, а таксама спрыяльнага збегу абставінаў, яны ў істотнай ступені знаходзяць адказы на такое пытанне. З таго, што я бачу, яны маюць намер працягваць кіравацца гэтай логікай. Праблема ў тым, што гэта вядзе Беларусь да ўсё большай залежнасці ад Расеі, якая ад празмерна вялікай становіцца гіганцкай. І добрых шляхоў вырашэння гэтай праблемы пакуль не бачна.