Максім Знак і Людзміла Казак – лаўрэаты прэміі IBA за ўнёсак у абарону правоў чалавека

Узнагароджанне прайшло сёння анлайн у рамках Міжнароднай выставы International Bar Association. Сябра прэзідыума КР Максім Знак і былая абаронца Марыі Калеснікавай Людзміла Казак – першыя беларусы-лаўрэаты прэміі IBA.
Словы падзякі ад Максіма перадала яго жонка і адвакат:
– За кожным тыранам у гісторыі стаялі адвакаты, пракуроры і суддзі, якія апраўдвалі яго кіраванне і каралі яго супернікаў за іх няісныя злачынствы, – цытавала мужа Надзея Знак. – Забываючы пра дух закона, юрысты адкрываюць скрыню Пандоры, якую з часам іх і паглыне. Махлярства з законам заўсёды мае свае наступствы. Я заклікаю ўсіх нас, юрыстаў, прыняць вядомае залатое правіла і заўсёды разглядаць Закон і Справядлівасць як нашу першачарговую мэту, а не як прылада. Для мяне вялікі гонар атрымаць такую ўзнагароду, і я зраблю ўсё магчымае, каб ёй адпавядаць.
Лаўрэатка прэміі Людзміла Казак падчас сваёй прамовы адзначыла важнасць міжнароднага прызнання:
– Ва ўмовах рэпрэсій, якія працягваюцца, і адсутнасці легальных механізмаў абараніць сваіх калегаў нам вельмі важная падтрымка сусветнай юрыдычнай супольнасці. Я падзяляю гэту ўзнагароду з усімі маімі калегамі, якія, не зважаючы ні на што абаранялі, працягваюць і, я ўпэўнена, працягнуць абараняць беларусаў і абараняць прынцыпы прафесіі адваката.