Наша слова года – годнасць. Беларусы, дзякуй за 2021!

Апублікавана:
31.12.2021, 14:40

Калі б беларусаў папрасілі выбраць слова года, то шмат хто б сказаў, што найперш 2021 асацыіруецца з ціскам на ўсіх, у каго пункт погляду адрозніваецца ад думкі дзейнай улады. У 2021 годзе ўлады закрылі практычна ўсе незалежныя СМІ і ліквідавалі большасць таварыстваў. У 2021 мы пераступілі лічбу ў 1000 палітзняволеных. У 2021 былі агучаныя неймаверныя тэрміны для Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай, Максіма Знака, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка і яшчэ многіх-многіх людзей, якія не парушылі ніводнага закона Беларусі.

Але ў той жа час 2021 год паказаў нашу сілу духу. Падчас агучвання неймаверных тэрмінаў беларусы спявалі і паказвалі сэрцайкі. Падчас «судоў» беларусы танцавалі і рабілі прамовы, якія можна разабраць на цытаты. Палітзняволеныя ў сваіх лістах заклікаюць беларусаў не здавацца. Ліквідаваныя арганізацыі і закрытыя СМІ працягваюць сваю працу. Абсалютна ўсе рэпрэсіўныя метады ўтрымання ўлады беларусы прынялі з высока паднятай галавой. Наша слова года – годнасць.

Беларусы і беларускі, дзякуй, што вытрымалі гэты год. Дзякуй за вашу ўстойлівасць і ўпартасць. Дзякуй, што кожны і кожная працягвае рух да перамен у меру сваіх сіл.

Каардынацыйная рада жадае вам у новым годзе паменш выпрабаванняў на трываласць і больш прыемных абнаўленняў ва ўсіх сферах жыцця. Абдымаем вас і рады быць часткай вас.

Ваша Каардынацыйная рада