Навіны з-за кратаў і слушная парада ад блізкіх палітвязняў
Многія з родных палітвязняў зараз кажуць пра дадатковы ціск на людзей за кратамі і іх сем’і за публікацыі ў СМІ, але мы ўпэўнены, што зусім маўчаць нельга, бо галоснасць – гэта таксама моц. Па крупінах сабралі навіны пра нашых герояў.
Ксенію Луцкіну перавезлі ў Гомель у СІЗА №3, нягледзячы на пададзеную апеляцыю. Дата разгляду апеляцыі пакуль невядома.
Павел Белавус трымаецца бадзёра. Лісты і паштоўкі да яго даходзяць толькі ад жонкі і бацькоў. Заснавальнік Symbal.by па магчымасці выпісвае газеты і часопісы, а таксама піша вершы, якія вы можаце знайсці пад хэштэгам #вершыбелавуса.
Алесь Бяляцкі таксама практычна не атрымлівае лістоў, аднак блізкія праваабаронцы ўпэўненыя, што за кратамі ён зараз піша сваю новую кнігу. Учора стала вядома, што 1 снежня адвакату Бяляцкага Уладзіміру Пыльчанка давядзецца праходзіць пазачарговую пераатэстацыю. Дарэчы гэты адвакат абараняе і Марыю Калеснікаву.
Блізкія палітвязняў рэкамендуюць замест лістоў дасылаць за краты хаця б невялікія грашовыя пераводы, якія дакладна даходзяць да адрасатаў. Дарэчы, пераводы заўжды суправаджаюцца імем і прозвішчам адпраўшчыка, таму могуць стаць такім сімвалічным прывітаннем. Так нашыя героі зразумеюць, што пра іх не забыліся і ўсё не дарма.