Палажэнне аб выбарах у Каардынацыйную раду

Апублікавана:
13.03.2024, 10:24

Прынята Каардынацыйнай радай
зацверджана Андрэям Ягоравым, Спікерам Каардынацыйнай рады
31/03/2024

Палажэнне аб выбарах у Каардынацыйную раду

  • У мэтах вызначэння парадку арганізацыі выбараў Каардынацыйнай рады трэцяга склада;
  • Прызнаючы прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў правоў чалавека і стандартаў дэмакратычных выбараў;
  • Прымаючы да ўвагі прыярытэт бяспекі ўдзельнікаў выбарчага працэсу на тэрыторыі Беларусі;
  • Імкнучыся ў існуючых умовах выканаць усе стандарты адкрытых, галосных, празрыстых і дэмакратычных выбараў;
  • Падзяляючы адказнасць за прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцяў з удзельнікамі выбарчага працэсу.

1. Агульныя палажэнні

1.1. Дадзенае Палажэнне вызначае парадак арганізацыі выбараў у Каардынацыйную раду Беларусі (далей – Каардынацыйная рада, КР), уключаючы пытанні парадку галасавання выбаршчыкаў, вылучэння спісаў кандыдатаў выбарчых суб’ектаў, правядзення агітацыі, фармавання Выбарчай камісіі і разгляду выбарчых спрэчак.

1.2. Дадзенае Палажэнне прынята ў адпаведнасці з правам кожнага беларускага грамадзяніна без усялякай дыскрымінацыі прымаць удзел у вядзенні дзяржаўных спраў праз свабодна выбраных прадстаўнікоў, галасаваць і быць абраным на сапраўдных перыядычных выбарах, якія праводзяцца на аснове ўсеагульнага роўнага выбарчага права пры таемным галасаванні і забяспечваюць свабоднае волевыяўленне выбаршчыкаў.

2. Выбаршчыкі

2.1. Права галасаваць на выбарах у Каардынацыйную раду маюць грамадзяне Беларусі, якія дасягнулі 18 гадоў на дзень пачатку галасавання.

2.2. Удзел у галасаванні прадугледжвае праходжанне працэдуры верыфікацыі асобы.

3. Выбарчыя суб’екты

3.1. Удзельнікамі выбараў з’яўляюцца выбарчыя суб’екты. Выбарчым суб’ектам могуць быць палітычныя партыі, устаноўчыя камітэты партый, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, фракцыі Каардынацыйнай рады другога склада, іх кааліцыі, ці групы грамадзян, якія аб’ядналіся для ўдзелу ў выбарах, якія адпавядаюць патрабаванням гэтага Палажэння.

3.2. Выбарчая камісія рэгіструе ўсе выбарчыя суб’екты, якія адпавядаюць наступным патрабаванням:

3.2.1. маюць сваю назву;
3.2.2. маюць сваю палітычную праграму на перыяд не меншы за тэрмін паўнамоцтваў новага складу Каардынацыйнай рады і дэкларуюць каштоўнасці (прынцыпы ці ідэалогію), на аснове якіх сфарміраваны выбарчы суб’ект;
3.2.3. падаюць спіс з не менш як 10 кандыдатаў у дэлегаты КР, якія выказалі згоду на ўдзел у выбарах у КР;
3.2.4. забяспечваюць гендэрную квоту ў сваіх спісах на ўзроўні 40%, прычым у кожнай пяцёрцы кандыдатаў павінна быць не менш за дзве жанчыны, з магчымасцю зніжэння квоты да 20% (у кожнай пяцёрцы кандыдатаў павінна быць не менш за адну жанчыну) рашэннем Выбарчай камісіі для тых выбарчых суб’ектаў, якія аб’ектыўна не могуць выканаць квоту ў 40% (арганізацыі ў сферы бяспекі, ветэранскія і іншыя падобныя арганізацыі);
3.2.5. прадстаўляе пісьменную згоду ўсіх кандыдатаў спіса з палажэннямі Мемарандума аб прынцыпах і правілах удзелу ў выбарчай кампаніі.

3.3. Калі выбарчы суб’ект сфарміраваны з удзелам адной ці некалькіх беларускіх палітычных структур (партыя, устаноўчы аргкамітэт палітычнай партыі, фракцыя Каардынацыйнай рады другога склада) і/ці арганізацый грамадзянскай супольнасці, то ў Камісію падаюцца звесткі пра тое, якія палітычныя структуры і арганізацыі ўваходзяць у склад выбарчага суб’екта, а таксама выпіскі з адпаведных рашэнняў іх кіруючых органаў.

4. Выбарчая камісія, склад і паўнамоцтвы

4.1. Выбарчая камісія (тут і далей – Камісія) фарміруецца для правядзення выбараў у Каардынацыйную раду.

4.2. У склад Камісіі ўваходзяць асобы, якія з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі і маюць высокія маральныя якасці і прызнаную кампетэнтнасць у галіне выбарчай працэдуры і правоў чалавека, прычым прымаецца да ўвагі карыснасць удзелу некалькіх асоб, якія маюць юрыдычны вопыт.

4.3. Камісія складаецца з не менш чым 5 членаў, кандыдатуры якіх могуць быць прапанаваны Каардынацыйнай радай Беларусі, Нацыянальнай лідэркай і кіраўніком Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, Аб’яднаным Пераходным Кабінетам Беларусі, Грамадскім арганізацыйным камітэтам, палітычнымі партыямі і прадстаўнікамі грамадскасці.

4.4. Склад Камісіі ўзгадняецца Упаўнаважанай працоўнай групай і зацвярджаецца рашэннем Каардынацыйнай рады.

4.5. Сябры Камісіі не могуць быць кандыдатамі на выбарах у Каардынацыйную раду 3-га склада.

4.6. Сябры Камісіі са свайго ліку выбіраюць яе Старшыню таемным галасаваннем простай большасцю галасоў.

4.7. Прынцыпы фарміравання і работы Выбарчай камісіі:

4.7.1. Незалежнасць
Камісія з’яўляецца калегіяльным органам, які дзейнічае незалежна ад структур дэмакратычных сіл – Нацыянальнай лідэркі і кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, яе Офіса, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай рады. У склад Камісіі могуць вылучацца працаўнікі ці сябры гэтых структур. Чальцы Камісіі дзейнічаюць публічна ў індывідуальнай якасці і незалежны ў сваіх рашэннях ад структур, якія вылучылі іх у склад Камісіі.

4.7.2. Бесстароннасць
Камісія пры прыняцці сваіх рашэнняў кіруецца гэтым Палажэннем і агульнапрызнанымі прынцыпамі правоў чалавека і стандартамі дэмакратычных выбараў.

4.7.3. Прафесіяналізм
У склад Камісіі, як правіла, вылучаюцца спецыялісты па выбарах, правах чалавека, а таксама юрысты.

4.7.4. Празрыстасць
Камісія вядзе дакументаванне сваёй дзейнасці. Пратаколы пасяджэнняў Камісіі маюць публічны характар і размяшчаюцца ў сетцы Інтэрнэт. Камісія можа разгледзець пытанне аб трансляцыі яе пасяджэнняў у прамым эфіры, што не выключае магчымасці правядзення закрытых кансультацый членаў Камісіі. У працы Камісіі могуць удзельнічаць міжнародныя і нацыянальныя назіральнікі без права голасу. Парадак удзелу назіральнікаў вызначаецца рашэннем Камісіі.

4.8. Выбарчая камісія павінна быць сфарміравана не пазней як за 50 дзён да пачатку галасавання.

4.9. У сферу кампетэнцыі Камісіі ўваходзіць:

4.9.1. рэгістрацыя выбарчых суб’ектаў;
4.9.2. адмена рэгістрацыі выбарчых суб’ектаў у выпадку, прадугледжаных дадзеным Палажэннем;
4.9.3. распрацоўка ўласных правіл і працэдур;
4.9.4. прыняцце і разгляд зваротаў ад выбарчых суб’ектаў і грамадзян Беларусі, у тым ліку скаргаў на адмову ў рэгістрацыі выбарчых суб’ектаў, і таксама заяў адносна адмены выбараў;
4.9.5. падлік галасоў і падвядзенне папярэдніх і канчатковых вынікаў выбараў, і іх публічнае абвяшчэнне;
4.9.6. адмена вынікаў выбараў;
4.9.7. іншыя пытанні арганізацыі выбараў.

4.10. Рашэнні Камісіі абавязковыя для выканання ўсімі суб’ектамі выбарчага працэсу.

4.11. Для прыняцця рашэнняў Камісіі неабходны ўдзел у яе пасяджэнні не менш як ⅔ ад колькасці членаў Камісіі.

4.12. Камісія прымае рашэнні простай большасцю галасоў ад прысутных. Пры роўнасці галасоў прымаецца рашэнне, за якое пададзены голас Старшыні.

4.13. Пасяджэнне Камісіі можа быць склікана яе Старшынёй або па патрабаванні не менш як 3 членаў Камісіі. Перыядычнасць пасяджэнняў Камісіі вызначаецца самой Камісіяй у прынятых ёю правілах і працэдурах.

4.14. Камісія паведамляе выбарчым суб’ектам аб сваіх пасяджэннях неадкладна пасля прыняцця адпаведных рашэнняў. Кожны выбарчы суб’ект, які ўдзельнічае ў выбарах, можа накіроўваць свайго прадстаўніка на пасяджэнні Камісіі.  Прадстаўнікі выбарчых суб’ектаў маюць права выказваць свае заўвагі і вылучаць прапановы ў ходзе пасяджэнняў Камісіі ва ўстаноўленым Камісіяй парадку. Прадстаўнікі выбарчых суб’ектаў не маюць права голаса пры прыняцці рашэнняў Камісіяй.

4.15. Пры Камісіі фарміруецца Сакратарыят, які ажыццяўляе арганізацыйна-тэхнічнае забеспячэнне працы Камісіі і падсправаздачны Камісіі. Супрацоўнікі Сакратарыята не могуць быць кандыдатамі на выбарах у КР.

4.16. Камісія можа прыцягваць да сваёй дзейнасці экспертаў і тэхнічных спецыялістаў.

5. Патрабаванні да кандыдатаў у дэлегаты Каардынацыйнай рады

5.1. Кандыдатамі ў дэлегаты Каардынацыйнай рады могуць быць грамадзяне Беларусі, якія дасягнулі 18 гадоў на дзень пачатку рэгістрацыі выбарчых суб’ектаў (спісы кандыдатаў суправаджаюцца копіямі іх дакументаў, якія пацвярджаюць асобу, а таксама дакументаў, якія пацвярджаюць іх згоду на ўдзел у выбарах Каардынацыйнай рады па дадзенаму спісу).

5.2. Кожны кандыдат можа быць уключаны толькі ў адзін спіс.

6. Рэгістрацыя выбарчых суб’ектаў

6.1. Для рэгістрацыі выбарчага суб’екта ў Камісію падаюцца наступныя звесткі:

6.1.1. назва выбарчага суб’екта;
6.1.2. палітычная праграма выбарчага суб’екта;
6.1.3. спіс кандыдатаў, расстаўлены ў парадку прыярытэту атрымання мандата;
6.1.4. па неабходнасці, звесткі аб тым, якія структуры і арганізацыі ўдзельнічаюць у фармаванні выбарчага суб’екта, з адпаведнымі выпіскамі з рашэнняў іх кіруючых органаў;
6.1.5. імя і кантактныя дадзеныя прадстаўніка выбарчага суб’екта, які будзе мець права на яго прадстаўленне ва ўзаемаадносінах з Камісіяй, а таксама кантактныя дадзеныя выбарчага суб’екта ў выпадку, калі спіс кандыдатаў фармуецца палітычнай партыяй, устаноўчым камітэтам палітычнай партыі, арганізацыяй грамадзянскай супольнасці ці фракцыяй Каардынацыйнай рады;
6.1.6. кантактная інфармацыя кандыдатаў, якая дапаможа Камісіі правесці выбарачную (ці поўную) верыфікацыю сапраўднасці пададзеных дакументаў;
6.1.7. згоду выбарчага суб’екта і кандыдатаў спісу выбарчага суб’екта з палажэннямі Мемарандума аб прынцыпах і правілах удзелу ў выбарчай кампаніі (Дадатак 1).

6.2. Дакументы падаюцца ў Камісію не пазней 33 дзён да дня пачатку галасавання.

6.3. У выпадку выяўлення недахопаў у пададзеных дакументах Камісія звяртаецца да заяўніка з просьбай аб дапаўненні дакументаў або ўстараненні недахопаў у тэрмін, які не перавышае 2 дзён.

6.4. Па выніках разгляду дакументаў Камісія на працягу 3 дзён з моманту падачы дакументаў ці моманту дапаўнення дакументаў прымае рашэнне аб рэгістрацыі выбарчага суб’екта і спісу кандыдатаў для ўдзелу ў выбарах або аб адмове ў рэгістрацыі.

6.5. Адмова ў рэгістрацыі можа быць абскарджана на працягу 2 дзён з дня вынясення такога рашэння.

6.6. Камісія выносіць канчатковае рашэнне па спрэчках аб рэгістрацыі выбарчых суб’ектаў не пазней як за 30 дзён да дня пачатку галасавання.

6.7. Пасля прыняцця рашэння па ўсіх выбарчых суб’ектах Камісія праводзіць лёсаванне для вызначэння нумароў спісаў кандыдатаў выбарчых суб’ектаў для выкарыстання ў выбарчым працэсе.

7. Адмена рэгістрацыі выбарчага суб’екта

7.1. Калі пасля завяршэння рэгістрацыі з спіса выбарчага суб’екта выбывае кандыдат, выбарчы суб’ект павінен паведаміць аб гэтым у Камісію з цягам 1 дня. Кандыдат мае права сам звярнуцца ў Камісію аб выключэнні яго са спіса.

7.2. У выпадку, калі па выніках выхада кандыдата са спісу ў ім застаецца меней 10 кандыдатаў ці не выконваюцца іншыя патрабаванні дадзенага Палажэння да спіса кандыдатаў, рашэнне аб рэгістрацыі выбарчага суб’екта адмяняецца.

7.3. Адмена рэгістрацыі выбарчага суб’екта не ўплывае на нумарацыю спісаў выбарчых суб’ектаў.

7.4. Па меры тэхнічнай магчымасці, спіс кандыдатаў выбарчага суб’екта, рэгістрацыя якога была адменена, выдаляецца з выбарчага бюлетэня. Калі няма тэхнічнай магчымасці выдаліць спіс кандыдатаў выбарчага суб’екта, рэгістрацыя якога была адменена з выбарчага бюлетэня, галасы, пададзеныя за гэты спіс кандыдатаў, лічацца несапраўднымі.

8. Выбарчая кампанія

8.1. Грамадзяне Беларусі могуць свабодна агітаваць за ці супраць выбарчых суб’ектаў, спісаў кандыдатаў, асобных кандыдатаў у дэлегаты Каардынацыйнай рады, а таксама за альбо супраць правядзення выбараў у Каардынацыйную раду.

8.2. Выбарчыя суб’екты і кандыдаты вольныя ў выбары сродкаў і метадаў вядзення выбарчай кампаніі з улікам агульнапрызнаных прынцыпаў правоў чалавека і стандартаў дэмакратычных выбараў.

8.3. Спісы кандыдатаў і выбарчыя праграмы выбарчых суб’ектаў публікуюцца на сайце КР не пазней як за 30 дзён да дня пачатку галасавання.

8.4. Па прапанове выбарчага суб’екта КР дае магчымасць апублікаваць на сайце КР дадзеныя аб кандыдатах.

9. Галасаванне

9.1. Кожны выбаршчык мае адзін голас для выбару аднаго са спісаў выбарчых суб’ектаў.

9.2. Галасаванне праводзіцца на працягу трох дзён з 00.00 першага дня галасавання да 24.00 трэцяга дня галасавання па Мінскім часе.

9.3. Галасаванне адбываецца праз лічбавую платформу. Выбаршчык праходзіць верыфікацыю на лічбавай платформе, пасля чаго яму надаецца доступ да галасавання.

10. Падвядзенне вынікаў

10.1. Выбарчая камісія падводзіць вынікі галасавання неадкладна пасля завяршэння галасавання.

10.2. У размеркаванні мандатаў удзельнічаюць выбарчыя суб’екты, для якіх сума галасоў, пададзеных за спіс у цэлым, перавышае 3 працэнты ад колькасці сапраўдных галасоў, пададзеных на выбарах КР.

10.3. Па выніках выбараў фарміруецца Каардынацыйная рада ў складзе 80 дэлегатаў.

10.4. Колькасць мандатаў для выбарчага суб’екта, які мае права ўдзельнічаць у іх размеркаванні, вызначаецца па метадзе найбольшага астатку Хэра – Німейера (Дадатак 2).

10.5. Выбарчы суб’ект не можа атрымаць больш месцаў, чым колькасць кандыдатаў у ягоным спісе. Незапатрабаваныя мандаты размяркоўваюцца прапарцыйна сярод іншых выбарчых суб’ектаў, якія маюць права ўдзельнічаць у размеркаванні мандатаў, па меры змяншэння колькасці галасоў, пададзеных за іх спісы.

10.6. Мандаты сярод кандыдатаў у спісе выбарчага суб’екта размяркоўваюцца ў адпаведнасці з размяшчэннем кандыдата ў спісе.

10.7. Выбарчая камісія аб’яўляе папярэднія вынікі неадкладна пасля завяршэння размеркавання мандатаў, але не пазней за наступны дзень пасля завяршэння галасавання.

11. Абскарджанне вынікаў галасавання

11.1. Выбарчы суб’ект можа падаць у Камісію заяву аб адмене вынікаў галасавання на выбарах у Каардынацыйную раду на працягу 2 дзён пасля іх абвяшчэння.

11.2. Камісія на працягу 3 дзён пасля атрымання такой заявы прымае рашэнне наконт задавальнення або незадавальнення патрабавання аб адмене вынікаў галасавання на выбарах у Каардынацыйную раду.

12. Зацвярджэнне вынікаў

12.1. Камісія зацвярджае канчатковыя вынікі выбараў у Каардынацыйную раду і спіс абраных дэлегатаў КР пасля разгляду ўсіх заяў па абскарджанні вынікаў галасавання.

Дадатак 1:

Мемарандум аб прынцыпах і правілах удзелу ў выбарчай кампаніі ў Каардынацыйную раду Беларусі

Мы, грамадзяне Беларусі, прытрымліваемся наступных прынцыпаў у правядзенні выбарчай кампаніі:

  • абароны дэмакратыі і правоў чалавека,
  • служэння інтарэсам беларускага грамадства,
  • плюралізму і разнастайнасці меркаванняў;
  • канструктыўнага дыялогу, празрыстасці і адказнасці ў выкананні сваіх грамадзянскіх абавязкаў;

выказваем сваю згоду з наступнымі сцвярджэннямі:

– выбары прэзідэнта Беларусі 2020 года былі сфальсіфікаваныя;
– Расея вядзе агрэсіўную вайну супраць Украіны;
– рэжым Аляксандра Лукашэнкі з’яўляецца саўдзельнікам агрэсіі Расеі супраць Украіны;

заяўляем аб згодзе з правіламі правядзення выбарчай кампаніі ў Каардынацыйную раду Беларусі трэцяга складу ў 2024 годзе і прымаем абавязкі выконваць гэтыя правілы, у прыватнасці:

– выконваць правілы “Палажэння аб выбарах у Каардынацыйную раду Беларусі” і рашэнні выбарчай камісіі.
– прадставіць у выбарчую камісію ўсю неабходную інфармацыю для працэдуры верыфікацыі і рэгістрацыі выбарчага суб’екта да ўдзелу ў выбарах;
– выконваць этычныя і камунікатыўныя нормы і правілы падчас правядзення агітацыі і публічных выступаў, у тым ліку правілы Этычнага Кодэкса Каардынацыйная рады;
– выконваць усе неабходныя меры бяспекі і абароны інтарэсаў удзельнікаў кампаніі і грамадзян Беларусі;
– паважаць свабодны выбар і волевыяўленне грамадзян Беларусі.

Дадатак 2:

Метад Хэра – Німейера

Метад Хэра – Німейера (вядомы таксама як метад Гамільтона ці метад найбольшага астатку) выкарыстоўваецца для вызначэння колькасці мандатаў, атрыманых спісам кандыдатаў пры прапарцыйнай выбарчай сістэме. Метад названы па прозвішчу брытанскага юрыста Томаса Хэра і германскага матэматыка Хорста Фрыдрыха Німейера.

Дадзены метад прадугледжвае наступны парадак размеркавання мандатаў:

  • Агульная колькасць галасоў выбаршчыкаў дзеліцца на агульную колькасць мандатаў. Атрыманая велічыня называецца квотай Хэра.
  • Колькасць галасоў, атрыманых кожным спісам кандыдатаў, дзеліцца на квоту Хэра.
  • Цэлая частка (да коскі) атрыманай лічбы вызначае колькасць мандатаў для кожнага спіса. Як правіла, некаторая колькасць мандатаў пасля гэтага застаецца неразмеркаванай.
  • Наступны мандат перадаецца таму спісу, у якога па выніках дзялення колькасці галасоў на квоту Хэра застаецца найбольшы астатак (дробная частка пасля коскі). Так паўтараецца, пакуль не будуць размеркаваныя ўсе мандаты.