Таццяна Марыніч: «Беларусь наклала санкцыі сама на сябе»
Прадстаўніца КР па бізнэсе пракамэнтавала пастанову беларускіх уладаў аб 190 «несяброўскіх» кампаніях:
– У прынцыпе аніякія санкцыі не патрэбны пасля такіх пастановаў. Беларусь упэўнена выйграла спаборніцтвы па санкцыях, прычым, што цікава, наклала іх сама на сябе, гэта значыць на ўласны бізнес. Такое ў гісторыі прыватнага бізнэсу краіны рэальна адбываецца ўпершыню.
Пры гэтым экспертка перакананая, што новая пастанова ніяк не паўплывае на інвестыцыйны клімат – рэпутацыю на міжнародным рынку ўжо складана сапсаваць яшчэ больш. Большасць інвестараў – гэта прадпрымальнікі, і яны разумеюць, што чакаць ад рэжыму можна чаго заўгодна:
– Відавочна, што гэта зразумела перш за ўсё буйному бізнэсу. Менавіта таму Wargaming выйшаў з долі ў беларускіх кампаніях.
На думку Таццяны Марыніч, улады ўдарылі найперш не па замежных інвестарах, а па беларускіх бізнэсах.
– Гэтыя 190 «несяброўскіх» кампаній працавалі ў Беларусі і забяспечвалі занятасць больш за сто тысяч чалавек. Калі б’юць па сваіх – звычайна распісваюцца ў слабасці і поўнай бездапаможнасці ўплываць на сітуацыю навокал.