У чым мая роля ў дэмакратычным руху? Сябры КР правялі зум з актыўнымі беларусамі аб планах 2022

Апублікавана:
10.02.2022, 20:32

Учора на анлайн-сустрэчы актыўных беларусаў з сябрамі асноўнага і пашыранага складу Каардынацыйнай рады прайшло абмеркаванне вынікаў 2021 года і ролі пратэстоўцаў у далейшым змаганні за дэмакратыю.

З боку КР на сустрэчы былі Вольга Кавалькова, Андрэй Ягораў, Андрэй Курэйчык і Таццяна Хоміч.

Некалькі цытат з мерапрыемства:

Андрэй Курэйчык: «Цяпер у Беларусі не так шмат падзей, куды можна скіраваць энергію, таму людзі пачынаюць шукаць вінаватых».

Вольга Кавалькова: «Не хочацца дзяліць беларусаў на тых, хто ў і па-за Беларуссю. Я не хачу жыць за мяжой і мой фокус увагі – гэта Беларусь. У нас сем’і і сябры ў Беларусі, мы разумеем, што там адбываецца і як ствараць грамадзянскі сектар. Мы ўвесь час шукаем формы працы, якія могуць быць карысныя тым, хто знаходзіцца ў Беларусі».

Сябра ПКР: «Нам трэба абараняць тэму аб’яднання – і гэта пункт погляду шмат якіх беларусаў у Беларусі. Нават медыя прастора цяпер разрозненая. Мне не зразумелая сітуацыя, калі блогеры непахвальна адклікаюцца адзін пра аднаго. Калі беларусы ўбачаць рэальнае аб’яднанне дэмсіл, то, магчыма, і самі беларусы таксама аб’яднаюцца. Думаю, гэта павінна зрабіць Святлана Ціханоўская».

Андрэй Курэйчык: «Патрэбна сабраць усе ініцыятывы ў адзін каардынацыйны орган па прыкладзе «Салідарнасці», каб кожны чалавек мог узяць удзел у выбарах кіраўніцтва і выпрацаванню развязкаў».

Сябра ПКР: «Дэмакратычнае змаганне фарміруе ў грамадстве пэўныя сілы. Нам патрэбна ствараць культуру камунікацыі і абмеркавання хвалюючых нас пытанняў, у тым ліку і пад ціскам іншых пляцовак, якія могуць мець процілеглыя пагляды».

Андрэй Ягораў: «Мы будзем гатовы да перамен толькі тады, калі ў нас захаваюцца тыя сеткі салідарнасці, якія былі выбудаваны за гэты час: сувязі паміж супольнасцямі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, ініцыятывамі, беларусамі замежжа. Гэта гарантыя перамен, таго, што мы зможам змяніць сітуацыю. Патрэбна быць гатовымі да жыцця пад ціскам і, нягледзячы на ўсе спробы зламаць нашу працу, не ісці ў прыватнае жыццё, а працягваць актыўнасць».