Вынікі канферэнцыі «Новая Беларусь»

Апублікавана:
10.08.2022, 16:52

Два дні канферэнцыі адзначыліся не толькі гарачымі дыскусіямі паміж прадстаўнікамі і прадстаўніцамі дэмсілаў і грамадзянскай супольнасці, але і двума стратэгічнымі рашэннямі: рэформай Каардынацыйна рады і стварэннем пераходнага кабінета.

У першы дзень канферэнцыі Каардынацыйная рада прыняла рашэнне па рэарганізацыі сваёй дзейнасці.

«Трэба больш думаць не як дэлегаваць, а як уцягваць у прыняццё рашэнняў больш грамадзян. У нас няма дастатковага досведу працы ў дэмакратычных інстытутах. Я думаю, што пашырэнне магчымасці ўдзелу беларусаў у шырокім грамадскім руху — гэта тое, што патрэбна зрабіць зара», — адзначыла сяброўка прэзідыума КР Вольга Кавалькова.

Сябра КР Валер Мацкевіч дадаў: «Суб’екты з палітычнай воляй і досведам, каб працягваць барацьбу, мусяць абʼяднацца, быць пачутымі і дамаўляцца на агульнай пляцоўцы па стратэгічных пытаннях. Зараз неабходны прадстаўнічы орган дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці, якім, я веру, стане Каардынацыйная рада».

У выніку другога дня канферэнцыя Святлана Ціханоўская стварыла Абʼяднаны пераходны кабінет у складзе якога Павел Латушка, Аляксандар Азараў, Валер Кавалеўскі і Валер Сахашчык.

Сябра прэзідыума КР Павал Латушка адзначыў, што «дзверы адчыненыя да кожнага, хто гатовы сваёй думкай, але перад усім справай дапамагчы ў рэалізацыі нашай мэты».