Заява Каардынацыйнай рады па сітуацыі з Васілём Верамейчыкам

Апублікавана:

13 лістапада 2024 года ў Хашыміне (В'етнам) быў затрыманы Васіль Верамейчык, дэлегат Каардынацыйнай рады і былы намеснік камандзіра батальёна "Волат" Палка Кастуся Каліноўскага.

Па атрыманай 19 лістапада інфармацыі ад мясцовай паліцыі, ён быў экстрадаваны ў Беларусь ужо на наступны дзень - 14 лістапада.

Па наяўных дадзеных, аперацыя была арганізавана Камітэтам дзяржаўнай бяспекі (КДБ) Беларусі. Хуткасць экстрадыцыі сведчыць аб загадзя падрыхтаванай спецаперацыі. У Беларусі Васілю Верамейчыку пагражае больш за 20 гадоў турэмнага зняволення ці нават смяротнае пакаранне па абвінавачаннях звязаных з яго палітычнай дзейнасцю і ўдзелам у баявых дзеяннях на баку Украіны.

Аб затрыманні Васіля стала вядома 14 лістапада. Каардынацыйная рада неадкладна звярнулася да міністэрстваў замежных спраў ЗША, Польшчы і Украіны, міжнародных арганізацый з просьбай умяшацца, высветліць абставіны справы і прадухіліць магчымую экстрадыцыю. Прадпрымаліся таксама спробы арганізаваць юрыдычную абарону Васілія, якія аднак сутыкаліся з тым, што адвакаты ў В'етнаме ў большасці сваёй адмаўляліся ўзяцца за гэтую справу. Тыя, хто пагадзіліся, не змаглі атрымаць доступ да інфармацыі, бо мясцовая паліцыя адмаўлялася даваць каментары. Толькі 19 лістапада стала вядома, што Васіля, верагодна, дэпартавалі ў Беларусь ужо на наступны дзень пасьля затрыманьня.

Сітуацыя Васіля Верамейчыка патрабуе асаблівай увагі.

Пасля ўдзелу ў пратэстах 2020 года ў Беларусі і пагрозы арышту ён эмігрыраваў ва Украіну, дзе ўступіў у Полк Каліноўскага. У якасці намесніка камандзіра батальёна "Волат" ён удзельнічаў у баях на поўдні і ўсходзе Украіны, быў паранены ў Мікалаеўскай вобласці, узнагароджаны медалём за заслугі.

Таксама Васіль з’яўляецца сузаснавальнікам Асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў. У 2024 годзе ён быў абраны ў Каардынацыйную раду Беларусі.

Па падставах, якія мы лічым неабгрунтаванымі, у 2023 годзе дэпартамент міграцыі Літоўскай Рэспублікі забараніў Васілю Вреамейчыку ўезд на тэррыторыю Еўрапейскага саюза. Гэта вымусіла яго шукаць прытулак у патэйцыйна небяспечных краінах.

Каардынацыйная рада Беларусі звяртаецца да міжнароднай супольнасці і праваабарончых арганізацый з заклікам прыкласці ўсе намаганні для абароны жыцця і правоў Васіля Верамейчыка.

Мы заклікаем:

- Урады краінаў свету спыніць супрацоўніцтва з сілавымі структурамі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку прыпыніць дамовы аб экстрадыцыі і прававой дапамозе.

- Перагледзець падыходы да прадастаўлення міжнароднай абароны і гуманітарнага ВНЖ беларусам у Літоўскай Рэспубліцы і распаўсюджаннай практыцы прызнання беларусаў «пагрозай для нацыянальнай бяспекі», акцэнтуючы ўвагу на індывідуальных абставінах кожнага выпадку.

- Ініцыяваць перамовы з уладамі Беларусі аб магчымым абмене Васіля Верамейчыка на грамадзян Беларусі, асуджаных у Літве і Украіне за шпіянаж у інтарэсах Беларусі.

- Урад Украіны прызнаць Васіля Верамейчыка ваеннапалонным і ўключыць ў абменны фонд

Мы заяўляем аб недапушчальнасці экстрадыцыі палітычных актывістаў у Беларусь, дзе яны падвяргаюцца несправядліваму пераследу.

Заклікаем дэмакратычную супольнасць да скаардынаваных дзеянняў у мэтах абароны Васіля Верамейчыка і прадухілення новых такіх выпадкаў.

Мы выказваем салідарнасць з Васілём і яго сям'ёй і заклікаем да неадкладных дзеянняў у барацьбе за яго выратаванне.