Зварот Каардынацыйнай Рады аб уключэньні грамадзянаў Беларусі ў сьпіс абмену ваеннапалоннымі

Апублікавана:

Па ініцыятыве фракцыі «Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”» Каардынацыйная Рада прыняла зварот аб уключэнні ў спіс абмену ваеннапалоннымі грамадзян Беларусі

У сувязі з маючымі адбыцца перамовамі паміж Украінай і Расіяй пры ўдзеле ЗША і ЕС аб мірным пагадненні ў вайне Расіі супраць Украіны, Каардынацыйная рада заяўляе:

З мэтай прадухілення перамяшчэння жывой сілы, тэхнікі і матэрыяльных сродкаў ваеннага прызначэння для здзяйснення ваеннай агрэсіі ў дачыненні да Украіны грамадзянамі Рэспублікі Беларусь былі здзейснены акты супраціву.

У звароце падкрэсліваецца, што шмат грамадзян Беларусі былі затрыманыя за дзеянні ў падтрымку Украіны: за актыўнае выказванне антываеннай пазіцыі, каментары, якія асуджаюць расійскую агрэсію, данаты ЗСУ і беларускім добраахвотніцкім падраздзяленням, перадачу звестак аб перамяшчэнні расійскай тэхнікі ў ініцыятыву «Беларускі Гаюн», а таксама, як адзначаецца ў звароце, за ўдзел у беларускіх падраздзяленнях у складзе Узброеных сіл Украіны і іншыя дзеянні.

Шэраг грамадзян Беларусі былі абвінавачаны ў ажыццяўленні пералічаных дзеянняў і асуджаны на працяглыя тэрміны пазбаўлення свабоды. Ім пагражаюць катаванні і бесчалавечнае абыходжанне. Іх здароўе і жыццё знаходзяцца пад сур'ёзнай пагрозай.

У сувязі з гэтым Каардынацыйная Рада, згодна са зместам зварота, звяртаецца да ўладаў Украіны:

1. Уключыць у спіс абмену ваеннапалоннымі грамадзян Беларусі, затрыманых у Беларусі і Расіі, якія рызыкавалі сваім жыццём, каб падтрымаць Украіну ў яе гераічнай барацьбе супраць расійскай агрэсіі і аказвалі дапамогу ўкраінскаму боку, па формуле «ўсіх на ўсіх».

2. Таксама ўключыць у спіс абмену ваеннапалоннымі грамадзян Беларусі, затрыманых у Беларусі і Расіі, якія выказвалі салідарнасць і падтрымку Украіны ў яе гераічнай барацьбе супраць расійскай агрэсіі.

3. Прызнаць усіх беларусаў, якія ваявалі і ваююць на баку Украіны, камбатантамі, якія маюць права на абарону ў адпаведнасці з міжнародным гуманітарным правам.

У адпаведнасці з Пастановай КР да згаданай заявы, зварот Каардынацыйнай Рады «Аб уключэнні ў спіс абмену ваеннапалоннымі грамадзян Беларусі» будзе дасланы ў Вярхоўную Раду Украіны.

Аб'яднанаму Пераходнаму Кабінету Беларусі будзе накіравана прапанова падрыхтаваць і зацвердзіць спіс для абмену ваеннапалоннымі, а таксама наладзіць камунікацыю з адпаведнымі органамі ва Украіне, адказнымі за працэдуру абмену.

Галасы 44-ох прагаласаваўшых дэлегатаў Каардынацыйнай Рады размеркаваліся наступным чынам:

– «за»: 41 дэлегат;

– устрымаліся: 1 дэлегат;

– «супраць»: 2 дэлегаты.

Усяго ў КР 79 дэлегатаў.

Фракцыя «Беларусы» (раней мела назву Пракоп’ева-Ягорава) не прыняла удзел у галасаванні.