У сесіі ўзялі ўдзел пяць прадстаўнікоў дэлегацыі — сябры Каардынацыйнай Рады: Аляксандра Мамаева, Павел Латушка, Маргарыта Ворыхава, Валеры Мацкевіч, Вольга Карпушонак, а таксама сакратарка дэлегацыі Ксенія Луцкіна — сябра першага склікання Каардынацыйнай Рады, былы палітзняволены.
Падчас летняй сесіі ПАРЭ працягнула працу па пытаннях адказнасьці рэжыму Лукашэнкі. Дзякуючы ініцыятыве Паўла Латушкі, у рэзалюцыю Эрыка Нільса Кроса «Legal and human rights aspects of the Russian Federation’s aggression against Ukraine» былі ўнесены папраўкі пра адказнасць рэжыму Лукашэнкі. Гэта працяг працы над Трыбуналам: у красавіку дэлегацыя ініцыявала папраўкі да адпаведнай рэзалюцыі ПАРЭ з патрабаваннем уключыць рэжым Лукашэнкі ў лік адказных за злачынствы агрэсіі. Таксама былі перададзеныя матэрыялы пра ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне, вываз украінскіх дзяцей праз Беларусь і транснацыянальныя рэпрэсіі.
26 чэрвеня 2025 году адбылася гістарычная падзея: Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў на сесіі ПАРЭ. Быў падпісаны Мемарандум паміж Украінай і Радаю Эўропы, а таксама, што найважнейшае — Статут Спэцыяльнага міжнароднага трыбуналу. Для нас вельмі істотна, што была замацаваная пазіцыя пра адказнасць рэжыму Лукашэнкі за ўдзел у расейскай агрэсіі.
Працягваецца праца над адменай смяротнага пакараньня ў Беларусі. Аляксандра Мамаева выступіла на Камітэце ў правах чалавека і юрыдычных пытаньнях з прэзентацыяй Мемарандума аб адмене смяротнага пакараньня. Генэральны сакратар Рады Эўропы Алан Бэрсэ выказаў публічную падтрымку гэтай ініцыятыве. Мемарандум таксама быў прадстаўлены на паседжанні Кантактнай групы Рады Эўропы 24 чэрвеня. Адбылася кансультацыя з Генэральнай дакладчыцай па пытанні адмены смяротнага пакараньня Галэ Вэльдхэн пра стварэнне «дарожнай мапы» для адмены, а таксама падрыхтоўкі дэмакратычнай Беларусі да ўступлення ў Раду Эўропы. Адмена смяротнага пакараньня можа і павінна стаць першым крокам Беларусі ў эўрапейскую сям’ю.
Падчас паседжанняў палітычных груп 23 чэрвеня (EPP/CD, ALDE, SOC) адбыліся брыфінгі па сітуацыі ў Беларусі і вызваленні палітвязняў. Ксенія Луцкіна, сакратарка дэлегацыі, выступіла на паседжанні групы EPP. На працягу гадзіны дэлегаты абмяркоўвалі сучасную сітуацыю ў Беларусі і магчымыя шляхі яе вырашэння, у тым ліку — патрэбу падтрымкі незалежных мэдыяў. У выніку распачата праца над спецыяльным дакладам «Жанчыны Беларусі за свабоду пад рэпрэсіямі». Па ініцыятыве Маргарыты Ворыхавай ад групы SOC пытанне падтрымкі палітзняволеных і працяг ціску на рэжым было ўзнятае падчас дэбатаў па актуальных пытаннях у ПАРЭ. Усе палітычныя групы падтрымалі Дэкларацыю пра рэлігійную свабоду ў Беларусі, адкрытую для падпісання да кастрычніка 2025 году.
Працягваецца важная праца па імплементацыі Люксембурскіх рашэнняў. Сумесна з Міграцыйным камітэтам ствараецца ШТ-інструмэнт для маніторынгу становішча беларусаў за мяжой. Адбыліся кансультацыі з тэхнічнымі спецыялістамі. Праект прадстаўлены на Кантактнай групе і рэкамендаваны да ўключэння ў Плян дзеяньняў Рады Эўропы на 2026–2027 гады. Разам з Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных уладаў абмеркавана правядзенне сайд-івэнту пра прымусовае перамяшчэнне беларусаў з-за рэпрэсіяў і прымяненне Люксембурскіх рашэнняў на лакальным узроўні.
Супраціў ідэалёгіі «рускага сьвету» застаецца сталым напрамкам працы дэлегацыі. На слуханнях Палітычнага камітэту прагучаў даклад Эрыка Нільса Кроса пра расейскую дэмакратычную апазіцыю. У даклад уключанае патрабаванне да расейскай апазіцыі прызнаць права Беларусі на сувэрэнітэт і геапалітычны выбар. Асобна дакладчык падкрэсліў права на самавызначэнне ўсіх народаў, якія былі калі-небудзь каланізаваныя Расеяй. Гэтая тэма таксама абмяркоўвалася падчас сустрэчаў з нацыянальнымі дэлегацыямі Украіны, Малдовы, Эстоніі, а таксама ў межах кансультацыяў з Латвіяй і Літвою. Асобны сайд-івэнт на гэтую тэму запланаваны на студзень 2026 году.
На сустрэчах з нацыянальнымі дэлегацыямі Малдовы, Фінляндыі, Эстоніі, Літвы, Аўстрыі і Украіны абмяркоўваліся пытанні сітуацыі ў Беларусі, вызвалення палітвязняў, далейшага ціску на рэжым, а таксама праблемы легалізацыі беларусаў і падтрымкі моладзі. Асобна адзначым працу над паляпшэннем становішча беларусаў ва Ўкраіне. Падчас сустрэчы з дэлегацыяй Украіны абмяркоўваліся магчымыя варыянты легалізацыі беларусаў і атрыманьня дакумэнтаў узамен пратэрмінаваных пашпартоў, а таксама разблакаванне банкаўскіх рахункаў для беларусаў з часовым відам на жыхарства або ў змешаных сем’ях. Старшыня міжнароднага камітэту Вярхоўнай Рады Аляксандр Мярэжка прапанаваў правесьці парламенцкія слуханні па гэтых пытаннях і арганізаваць міжміністэрскую сустрэчу з удзелам беларускіх палітыкаў. Вольга Карпушонак перадала адпаведныя прапановы ад Міжнароднай камісіі па пытаннях легалізацыі і фінансавай інклюзіі.
Дэлегацыя ўзяла ўдзел у падрыхтоўцы і прыняцці рэзалюцыі “The challenges and needs of public and private actors involved in migration management”, дзе ўлічаны таксама досьвед Народных амбасадаў. Абмеркаваная далейшая супраца па рэзалюцыях “Situation in Belarus”, “The role of diasporas and migrants in building social cohesion and progress” і “Fighting back against transnational repression”. Запланаваная падрыхтоўка спецыяльнага дакладу аб жанчынах у беларускіх турмах.
Дэлегацыя ўзяла ўдзел у панэльнай дыскусіі FES Academy, дыскусіі ў моладзевым цэнтры “A youth agenda for democracy and human rights in Belarus”, сайд-івэнтах ПАРЭ пра становішча дзяцей Украіны, «Жанчыны без гвалту», а таксама расейскую апазіцыю. Прадстаўнікі дэлегацыі Аляксандра Мамаева і Павел Латушка былі запрошаныя на афіцыйны прыём Генэральнага сакратара Рады Эўропы — Алана Бэрсэ.