У панядзелак у Вячэрняй радзе сябра КР Мікіта Салавей адказваў на пытанні гледачоў аб пандэміі, а таксама прэзентаваў новы праект Рупар COVIDa. Чытайце ніжэй галоўнае з таго, што казаў Мікіта Салавей.

Аб масках

– Шкода масак – гэта міф. Апублікаваная вялікая колькасць даследаванняў пра тое, што своечасовае ўвядзенне масачнага рэжыму можа істотна паўплываць на распаўсюджанасць COVID-19 у папуляцыі. Чым больш людзей прытрымліваецца прынцыпаў выкарыстання індывідуальных сродкаў абароны органаў дыхання, тым вышэйшая іх эфектыўнасць і меншая распаўсюджанасць інфекцыі.

Аб даверы да рэкамендацый СААЗ

– Зразумела, што грамадзяне краіны могуць прымаць ці не прымаць рэкамендацыі СААЗ. Але існуюць сітуацыі, калі выкарыстанне рэкамендацый прапісана ў нарматыўных дакументах, і яно становіцца абавязковым да выканання. Як, напрыклад, увядзенне масачнага рэжыму. Тут вядзецца нават не пра абарону самога чалавека, але пра абарону іншых асоб.

Пра недахопы сістэмы аховы здароўя

– Вельмі часта сістэме аховы здароўя бракуе адкрытасці: адкрытасць, прызнанне наяўных праблем дазваляюць пачаць іх вырашаць. Калі мы думаем, што ў нас усё вельмі добра, то мы не бачым, да чаго трэба імкнуцца.

Аб розніцы працякання COVID-19

– Нават калі захворваюць члены адной сям’і, хтосьці можа тэмпературыць 7-14 дзён, а хтосьці наогул без тэмпературы. Залежнасці паміж працягласцю тэмпературы і цяжкасцю стану пацыентаў няма. Рэкамендацыя для ўсіх тут адна: працягваць шмат піць і выкарыстоўваць гарачкапаніжальныя прэпараты, асабліва калі сатурацыя застаецца стабільнай.

Аб дыягностыцы

– У Беларусі выкарыстоўваюцца чатыры асноўныя метады: выяўленне антыгену віруса ў рэспіраторных змывах;  палімеразная ланцуговая рэакцыя (ПЛР) у рэспіраторных змывах;  выяўленне антыцелаў да віруса ў крыві;  камп’ютарная тамаграфія лёгкіх (КТ). Усе гэтыя метады выкарыстоўваюцца на розных стадыях інфекцыі.

Аб вакцынацыі

Калі казаць пра каранавірусную вакцыну, то пра доступ беларусаў да яе казаць рана. Расія паабяцала, што мы будзем адной з першых краін, дзе яна пачне прымяняцца. Чым небяспечная расійская вакцына? Па «Спутнику 5» працягваюцца клінічныя даследаванні. Меркаваць аб бяспецы можна будзе па выніках гэтых даследаванняў. Пакуль па ніводнай з распрацаваных вакцынаў, уключаючы ЗША і Еўропу, няма вынікаў даследаванняў іх клінічнай бяспекі.

Пра важнасць салідарнасці

– Мы звяртаемся да медыцынскіх работнікаў і нашага неймавернага насельніцтва: дапамажыце адно аднаму! Цяпер як ніколі важныя яднанне і супрацоўніцтва медыцынскіх работнікаў і пацыентаў, каб выстаяць перад нашым агульным ворагам – каранавірусам SARS-CoV-2.

Аб медработніках

– Мае калегі на сённяшні дзень робяць усё магчымае, каб дапамагаць сваім пацыентам. Сёння медыкі знаходзяцца пад уздзеяннем цэлага шэрагу фізічных і псіхалагічных фактараў. Многія працуюць без выходных і адпачынкаў з сакавіка.

Яшчэ навіны

Падзяліцца