– ЧС – гэта свята, а свята сусветнага хакея не можа быць праведзенае ў такім напружаным становішчы, як у Беларусі, – скаментавала рашэнне Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) алімпійская чэмпіёнка, сябра КР Надзея Астапчук​.

– Рада IIHF прыняла адзіна слушнае рашэнне. Немагчыма было не пачуць дзясяткі тысяч зваротаў нашых грамадзянаў з заклікам не праводзіць ЧС у Мінску.

Надзея таксама адзначыла міжнародную падтрымку беларусаў, якія змагаюцца за свае правы. Свае лісты ў адрас федэрацыі скіравалі прадстаўнікі еўрапейскіх краін, Канады і кангрэса ЗША. Не засталіся ўбаку і вялікая колькасць вядомых людзей з розных краін.

Надзея Астапчук перакананая, што рашэнне пра адмену чэмпіянату можна было прыняць значна раней. Прыезд прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазеля толькі сапсаваў рэпутацыю IIHF.

– Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці зрабіў велізарную працу і перадаў міжнароднай федэрацыі вялікі аб’ём матэрыялаў з фактамі і доказамі, якіх было больш чым досыць для прыняцця слушнага рашэння. Але, на жаль, асабістыя амбіцыі і дзіўныя стасункі з рэжымам спадара Фазеля ледзь не прывялі да калапсу самой міжнароднай федэрацыі хакея. Ад падтрымкі IIHF з-за ЧС у Мінску пачалі адмаўляцца ключавыя фундатары, нанесены цяжкі ўдар па рэпутацыі міжнароднай федэрацыі. Зараз IIHF чакае вялікая праца па выйсцю са складзенага крызісу і яшчэ цяжэйшая па аднаўленні даверу прыхільнікаў і аматараў хакея.

 

Яшчэ навіны

Падзяліцца