Аб’ядноўваючы намаганні для падрыхтоўкі рэформы адукацыі

1. Камісія па адукацыі Каардынацыйнай рады выказвае глыбокую заклапочанасць сітуацыяй у галіне адукацыі з нагоды таго, што:

a) адукацыя пераўтворана рэжымам у інструмент татальнага кантролю над грамадзянамі, а таксама ў механізм ціску на педагагічную супольнасць, бацькоў і навучэнцаў усіх узроўняў адукацыі;

b) у спробе стабілізаваць абстаноўку праз рэпрэсіўныя метады рэжым паслядоўна ажыццяўляе працэсы мілітарызацыі і спрашчэння адукацыйных праграм;

c) як вынік сістэма адукацыі ў Беларусі на ўсіх узроўнях знаходзіцца ў стане глыбокага і перманентнага крызісу і не дэманcтруе належнай якасці ўстановак, прынцыпаў, мадэляў і форм рэалізацыі навучання.

d) сістэма адукацыі Беларусі (сама)ізалюецца ад адукацыйных прастор развітых краін свету;

e) галоўным бенефіцыярам (сама)ізаляцыі сістэмы адукацыі Беларусі з’яўляецца Расейскай Федерацыя, якая імкліва і паслядоўна намагаецца асіміляваць і інтэграваць беларускую адукацыю у сваю адукацыйную прастору;

f) усё вышэйзгаданае ставіць пад пагрозу існаванне адукацыі Беларусі у якасці самастойнай і незалежнай сістэмы суверэннай дзяржавы.

2. Камісія акцэнтуе ўвагу на неабходнасці пераадолення гэтага крызісу не толькі за кошт частковай дапамогі і падтрымкі дэмакратычнай супольнасці, але і шляхам:

a) актыўнага стварэння і ўмацаванню альтэрнатыўных форм беларускай адукацыі, створаных з улікам лепшых міжнародных практык, як унутры краіны, так і за яе межамі;

b) сумленнай і адказнай падрыхтоўкі да рэформы адукацыі ў краіне.

3. Камісія па адукацыі заклікае арганізацыі грамадзянскай супольнасці пераасэнсаваць сваю ролю і перайсці ад простых просьбаў і рэкамендацый да актыўнага фармавання і прасоўвання ўласнай, узгодненай пазіцыі ў дачыненні да будучыні беларускай адукацыі.

4. Камісія заяўляе, што:

a) мэты і задачы рэформы як пазітыўнага і канструктыўнага абнаўлення зместу, мадэляў і структур адукацыі павінны вызначацца грамадзянамі з удзелам экспертаў высокага класа, і з улікам меркаванняў грамадскага дабра;

b) пытанне рэформы датычыць таго, як палітыкі, грамадзянская супольнасць і кожны грамадзянін Беларусі асэнсоўваюць сябе, сваю краіну і сучасныя выклікі;

c) вырашэнне сістэмных праблем у гэтай сферы магчыма толькі ва ўмовах пашыранага дыялогу як усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, так і шырокай грамадскай аўдыторыі, якая зацікаўлена ў развіцці адукацыі і высокай якасці яе стандартаў з пазіцыі канечных спажыўцоў;

d) неабходна пераадолець як канцэптуальныя, так і палітычныя разыходжанні, а таксама асобасныя рознагалоссі, таму што толькі праз эфектыўнае ўзаемадзеянне можна распрацаваць і паспяхова рэалізаваць праграмы рэфармавання адукацыйнай сістэмы Беларусі.

5. Камісія заклікае да абдуманага і адказнага падыходу да рэформы адукацыі і падкрэслівае, наступныя ключавыя прынцыпы развіцця беларускай адукацыі:

a) дэмакратызацыя адукацыйнага працэсу і грамадскі характар кіравання адукацыяй;

b) фарміраванне салідарнасці ў кантэксце беларускага грамадства;

c) непахісная прыхільнасць правам і свабодам чалавека;

d) улік патрэбнасцей у эканамічнай, сацыяльна-палітычнай і культурнай сферах грамадства, а таксама гарманізацыя з еўрапейскімі стандартамі адукацыі.;

e) забеспячэння роўнага і справядлівага доступу да якаснай адукацыі для ўсіх на розных узроўнях і ў розных фарматах на працягу ўсёй жыцця;

f) рэальнае самакіраванне на ўсіх узроўнях адукацыі;

g) акадэмічная свабода і акадэмічная сумленнасць.

6. Камісія лічыць, што аб’яднанне намаганняў па падрыхтоўцы рэформы будзе прадуктыўным, калі адбудзецца на падставе наступных прынцыпаў:

a) Плюралістычны падыход: выпраўленне няроўнага балансу сіл паміж рознымі групамі інтарэсаў, наяўнасць структур, якія забяспечваюць доступ усіх сацыяльных груп да працэсу падрыхтоўкі рэформы, каб рашэнні дасягаліся на аснове кампрамісаў і, дзе гэта магчыма, – кансэнсусу.

b) Мабілізацыя ведаў і вопыту ўсіх удзельнікаў працэсу навучання / адукацыі для забеспячэння шырокай падтрымкі мэтаў рэформы адукацыі і прыцягнення зацікаўленых бакаў да фармулявання праграмы рэформы і фарміравання рэалістычных чаканняў адносна яе тэмпаў і характару.

c) Інклюзіўнасць – прадастаўленне роўных магчымасцей усім групам грамадства незалежна ад гендэрнай і этнічнай прыналежнасці, узросту, фізічных, культурных і іншых асаблівасцей.

d) Выяўленне спектра пунктаў погляду на рэалii, вызовы i праблемы адукацыi.

e) Улік у працэсе рэфармавання змен у шырокім дыяпазоне палітык, у тым ліку адукацыю, культуру, ахову здароўя, занятасць, эканамічнае развіццё і іннавацыі, сацыяльнае забеспячэнне і дзяржаўныя фінансы.

f) Плюралізм падыходаў да распрацоўкі праектаў рэформы.

g) Пашыраны дыялог, як з удзелам прафесіяналаў, якія працуюць у межах сістэмы адукацыі і маюць вопыт і веды для распрацоўкі праграмы рэформ, так і шырокай грамадскай аўдыторыі, якая зацікаўлена ў развіцці адукацыі і высокай якасці яе стандартаў з пазіцыі канечных спажыўцоў.

Сёння перад беларускай адукацыяй стаяць сур’ёзныя задачы, аднак Камісія перакананая ў наяўнасці неабходнага інтэлектуальнага, матывацыйнага, чалавечага і арганізацыйнага патэнцыялу для паспяховага іх выканання.

Мы мяркуем, што менавіта дыялог будзе асновай працы нашай будучай агульнай камунікацыйнай пляцоўкі – Грамадзянскай платформы рэформы адукацыі для новай дэмакратычнай Беларусі.

Яшчэ навіны

Падзяліцца