Заўтра, 3 верасня, у 10:00 Мінскі гарадскі суд (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1) разгледзіць абскарджанне прысуда сябру пашыранага складу КР, удзельніку справы «пра лазерныя ўказкі» Дзмітрыю Канапельку. Разгляд апеляцыйнай скаргі будзе праходзіць у адкрытым рэжыме. Напомнім, 10 чэрвеня Дзмітрыю прысудзілі 5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

Абаронцы палітзняволеных сяброў ПКР Расціслава Стэфановіча і Сяргея Плоніса, асуджаных на 8 гадоў за ўдзел у тэлеграм-каналах «радыкальнай накіраванасці», таксама падалі апеляцыйную скаргу. Дата разгляду пакуль не вядомая. 

Жонцы Расціслава Стэфановіча атрымалася трапіць на спатканне з мужам. Яна расказвае, што яе муж трымаецца і не журыцца, але вельмі сумуе. Ён дзякуе ўсім за лісты і падтрымку і перадае вялікае прывітанне вольным беларусам. 

Прыкладна раз на месяц бацька Мікалая Дзядка атрымлівае ліст ад сына. Сам Мікалай атрымлівае лісты значна радзей. Нядаўна яму зрабілі абследаванне страўніка (ФГС) пасля пяцімесяцовых хадайніцтваў пра гэта. Суд падоўжыў яму тэрмін утрымання пад вартай да 15 верасня.

Пасля разгляду апеляцыйнай скаргі абароны сябра ПРКР Віктара Лосіка суд дадаў да прысуду яшчэ 10 дзён. Віктар асуджаны на 4 гады калоніі за пудзілы з фота міністра ўнутраных спраў і старшыні выбарчай камісіі Хацежынскага ўчастка з надпісам «Не забудземся, не прабачым!», а таксама выяву «Пагані» на апорах моста.

На сёння ў зняволенні знаходзіцца 10 сяброў пашыранага складу КР. 

Калі вы атрымваеце лісты-адказы ад палітзняволеных сяброў Каардынацыйнай рады, то раскажыце пра іх у нашым боце зваротнай сувязі ў Тэлеграм: @FeedbackDvizhBot. Давайце разам перадаваць галасы нашых палітвязняў. 

Палітзняволеныя сябры пашыранага складу КР:

  • Мікалай Шэметаў 
  • Расціслаў Стэфановіч 
  • Мікалай Дзядок 
  • Зміцер Канапелька
  • Аляксандр Захарэвіч
  • Зміцер Галко 
  • Сяргей Плоніс
  • Віктар Лосік 
  • Вольга Такарчук
  • Даніла Ганчароў

Яшчэ навіны

Падзяліцца