«Грамадскія арганізацыі і ініцыятывы – гэта перадусім людзі і ідэі. І іх немагчыма так ліквідаваць».

Сёння з’явілася інфармацыя пра тое, што ўлады маюць намер ліквідаваць больш 40 грамадскіх арганізацый. Пад ціск трапілі не толькі праваабаронцы, але і арганізацыі, якія займаюцца дапамогай уразлівым групам насельніцтва, прасоўваюць экапрыязны лад жыцця, вядуць адукацыйныя праекты. Сябра КР, заснавальніца Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская пракаментавала сітуацыю:

 – Кампанія па ліквідацыі ўстаноў і грамадскіх аб’яднанняў – гэта лагічны крок у далейшай зачыстцы грамадзянскай супольнасці. Раней улады «трывалі» і карысталіся тым, што давала праца гэтых арганізацый, а гэта экспертыза, дапамога ў сацыяльных праблемах, развіццё культуры. Але зараз адбываецца тое, што было ў 2003-2004 годзе, калі ўся грамадзянская супольнасць была інвентарызавана на лаяльнасць і прайшла татальная зачыстка. 

Цяпер больш усяго гэта адаб’ецца на тых, хто займаўся дабрачыннасцю і гуманітарнай дапамогай, бо ў гэтым выпадку вельмі складана дзейнічаць па-за легальнымі рамкамі. Аднак стан прававоага дэфолту фактычна сам па сабе разбурае магчымасць нейкай абароненай заканадаўствам працы. Грамадскія арганізацыі і ініцыятывы – гэта перадусім людзі і ідэі. Іх немагчыма так ліквідаваць. Апроч таго, многія працавалі і раней без рэгістрацыі. У нейкім сэнсе гэтыя дзеянні ўлад – прывядзенне ў адпаведнасць прававаой замацаванасці і рэальнага становішча спраў.

Безумоўна, што змена фармату працы забярэ дадатковыя сілы і рэсурсы, але гэта не можа забіць грамадзянскую супольнасць.

Відавочна, што няма сэнсу спрабаваць «аднавіць справядлівасць» і вяртаць статус. Можна мінімізаваць страты і скарыстаць гэта як нагоду расказаць пра тую велізарную працу, што ляжала на плячах грамадзянскай супольнасці.

Яшчэ навіны

Падзяліцца