Небяспеку нясуць незаконныя дзеянні прадстаўнікоў сілавых структур.

Ад пачатку мірных пратэстаў мы бачым, як дзеці робяцца разменнай манетай у руках улад. У школы і нават дзіцячыя сады прыходзяць ідэолагі, супрацоўнікі міліцыі і праводзяць з дзецьмі гутаркі без узгаднення з бацькамі.

На бацькоў, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю аказваецца ўсебаковы ціск, ім пагражаюць «сацыяльна небяспечным становішчам» і канфіскацыяй дзяцей з сям’і, непаўналетніх збіваюць і калечаць на вуліцах гарадоў. Святлане Ціханоўскай пагражалі тым, што яе дзеці застануцца сіротамі, калі яна не пакіне краіну.

Віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка дазваляе сабе называць людзей, якія мірна бароняць сваё права быць пачутымі, “так званымі бацькамі”. Ён кажа, што яны “падвяргаюць сваё дзіцё небяспекі” і што дзеці “былі нащмысна ўцягнутыя ў несанкцыянаваныя дзеянні”, пагражаючы бацькам адказнасцю за такія дзеянні. Замест таго, каб казаць пра недастатковае ўцягненне бацькаў у выхаванне дзяцей, мізэрную фінансавую падтрымку сем’яў падчас дэкрэтнага адпачынку ці дыскрымінацыі жанчын Беларусі ў працоўнай сферы, ён дазваляе сабе паказваць жанчынам, што яны павінны рабіць і куды павінны хадзіць.

Такія заявы з’яўляюцца непасрэдным сродкам запалохвання і шантажу, спосабам праз страх адабраць у людзей права на мірнае выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі.

Мірныя акцыі не нясуць небяспекі цяжарным, дзецям і непаўналетнім. Небяспеку нясуць незаконныя дзеянні прадстаўнікоў сілавых структур, якія, ўжываючы спецсродкі, жорстка разганяюць дэманстрантаў, якія проста хочуць быць пачутымі, якія думаюць пра будучыню сваіх дзяцей і мараць толькі пра найлепшае для іх.

Яшчэ навіны

Падзяліцца