23–24 верасьня ў Страсбургу Аляксандра Мамаева й Яўген Караулаў прынялі ўдзел у сэмінары курса «Эўрапейскія стандарты роўнасьці й барацьбы з дыскрымінацыяй» 

Аляксандра Мамаева, кіраўніца Міжнароднай камісіі й дэлегацыі дэмсіл у Парламенцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ), у выступы пра ролю ПАРЭ нагадала пра Люксэмбурскія рашэньні — вынік супольнай працы дэмсілаў і асамблеі. Як каардынатарка Народных амбасадаў, яна падзялілася практыкамі адвокацыі: легалізацыя, бясьпека беларусаў, доступ да банкаўскіх паслуг. Прэзентавала ініцыятыву супольнай з ПАРЭ IT-плятформы, якая будзе зьбіраць праблемы беларусаў і прапаноўваць найлепшыя рашэньні для грамадзян і ўладаў у розных краінах.

Адзначылі й вынікі працы дэлегацыі ў ПАРЭ і КР у межах Пляна дзеяньняў з РЭ: Мэмарандум аб адмене сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, сэмінары па рэформе мясцовага самакіраваньня, адукацыйныя праграмы для грамадзкіх дзеячоў. Важна, каб падтрымка такіх ініцыятываў была замацаваная й у наступным Пляне дзеяньняў РЭ.

Заклік да калег:

«Беларускія юрысты й прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, далучайцеся да падрыхтоўкі дакладаў і перадачы інфармацыі ў структуры РЭ. Разам можам больш!»

Яўген Караулаў, кіраўнік Камісіі па пытаньнях Статута й сябра Дэлегацыі дэмсіл ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў РЭ, пасьпяхова скончыў гэты паўгадавы курс — першы курс РЭ, перакладзены на беларускую мову.

«Беларуская мова для мяне — каштоўнасьць. Пераклад курса пашырае й умацоўвае мову, а таксама стандартызуе тэрміны ў сфэры роўнасьці й недыскрымінацыі. Як кіраўніку камісіі па ўнутраных правілах мне важна, каб нашы правілы анікога не дыскрымінавалі. Атрыманныя веды дапамогуць у распрацоўцы новых і тлумачэньні дзеючых правілаў».

Яшчэ навіны

Падзяліцца