Каардынацыйная рада ўпершыню далучылася да дыскусіі ў фармаце Люблінскага трохкутніка
У Івана-Франкоўску, у Карпацкім нацыянальным універсітэце, адбылася панэльная дыскусія «Што для нас азначае сканчэнне вайны ва Украіне?».
Гэтая падзея сабрала прадстаўнікоў міжнародных камісій парламентаў Літвы, Польшчы, Украіны і беларускіх дэмакратычных сіл:
• Paweł Kowal — старшыня Камітэта па замежных справах Сейма Польшчы
• Ruslanas Baranovas — віцэ-старшыня Камітэта па еўрапейскіх справах Сейма Літвы
• Олександр Копиленко – намеснік кіраўніка Камітэта Вярхоўнай Рады Украіны па міжнародным супрацоўніцтве і міжпарламенцкіх сувязях
• Аляксандра Мамаева — кіраўніца міжнароднай камісіі Каардынацыйнай рады
Таксама ў дыскусіі прыняў удзел Франак Вячорка, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай.
З вітальным словам выступілі Ігар Цепенда, рэктар універсітэта, і Ян Маліцкі, дырэктар Студыуму Усходняй Еўропы.
🔎 Дыскусія закранала найважнейшыя тэмы для ўсяго нашага рэгіёна:
• рэгіянальная бяспека і роля Беларусі ў ёй,
• адказнасць рэжыму Лукашэнкі за ўдзел у вайне і рэпрэсіі супраць беларусаў,
• вывад расійскіх войскаў з Беларусі як абавязковая ўмова трывалага міру,
• аднаўленне Украіны пасля вайны і магчымы ўнёсак беларусаў у інфраструктурныя, энергетычныя і экалагічныя праекты,
• еўрапейская інтэграцыя Украіны і Беларусі, падрыхтоўка рэформаў і супраціў “рускаму міру”.
У сваім выступе Аляксандра Мамаева падкрэсліла:
«Заканчэнне вайны ва Украіне і параза Расіі адкрываюць новыя магчымасці для Беларусі: шлях да дэмакратызацыі, прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці, вяртання нашай краіны ў еўрапейскую сям’ю народаў. Гэта таксама адкрывае перспектыву еўрапейскай інтэграцыі і ўсталявання трывалай бяспекі ва ўсім рэгіёне».
Для Каардынацыйнай рады гэта быў першы ўдзел у фармаце Люблінскага трохкутніка. У будучыні мы бачым сваю місію ў тым, каб гэты фармат перарос у Люблінскі чатырохкутнік, у якім дэмакратычная Беларусь стане паўнавартасным партнёрам Польшчы, Літвы і Украіны.