Заява Каардынацыйнай рады да вызвалення 51 палітычнага зняволеннага
Каардынацыйная рада вітае вызваленне 51 чалавек, у тым ліку 14 замежных грамадзян, з беларускіх турмаў. Кожнае жыццё, выратаванае ад нявольніцкіх умоваў, – гэта перамога чалавечай годнасці, і мы раздзяляем палёгку іх сем’яў. Гэтыя людзі ні ў чым не вінаватыя і не павінны былі правесці ніводнага дня за кратамі. Адзначаем, што нікому з іх не дазволілі застацца на радзіме, а гвалтоўна вывезлі ў Літву, якая прыняла іх, за што мы вельмі ўдзячны літоўскаму ўраду.
Для 24 з 38 вызваленых палітвязняў тэрміны зняволення ўжо амаль заканчваліся, і яны павінны былі выйсці на волю на працягу некалькіх тыдняў ці месяцаў. Такім чынам, рэжым не дазволіў ім выйсці свабодна, а замест гэтага выціснуў іх з краіны.
Мікалай Статкевіч, які адмовіўся пакідаць Беларусь быў выкрадзены сілавікамі і, хутчэй за ўсё, вярнуты ў калонію. Мы патрабуем інфармацыі аб яго месцазнаходжанні. Пры гэтым, мы высока ацэньваем рашучыя крокі Злучаных Штатаў і асабістыя намаганні прэзідэнта Дональда Трампа, якія прывялі да вызвалення дзясяткаў палітвязняў. Асобная падзяка Джону Коўлу і Крыстаферу Сміту. Падтрымка нашых міжнародных партнёраў застаецца вырашальнай у справе вызвалення ўсіх палітвязняў і абароны правоў чалавека ў Беларусі.
Мы вітаем гэтыя намаганні і бачым у іх пачатак больш шырокага працэсу, у якім павінны быць улічаныя інтарэсы беларускага грамадства. Але на дадзены момант змены палітыкі рэжыму не назіраецца. Рэпрэсіі супраць грамадства працягваюцца.
Мы дамагаемся не толькі вызвалення палітвязняў, але і поўнага спынення рэпрэсій і тэрору. На жаль, сёння рэжым саджае больш людзей, чым выпускае.
Пытанні поўнага зняцця санкцый, нармалізацыі адносін і аднаўлення дыпламатычных сувязяў павінны весціся з разуменнем, што будучыня Беларусі належыць не аднаму чалавеку, а ўсяму беларускаму грамадству. У іншым выпадку гэта будзе паўторам небяспечных памылак мінулага, калі зняцце ціску прывяло да аднаўлення рэпрэсій у Беларусі. Мы гатовыя працаваць разам з міжнароднымі партнёрамі, каб вызваленне людзей стала не выключэннем, а пачаткам сістэмнага працэсу.
За прыняцце заявы прагаласвала 38 дэлегатаў, устрымалася 9 дэлегатаў, 2 прагаласавалі супраць.