У верасні Рада Еўропы анансавала стварэнне Кантактнай групы па адносінах з Беларуссю. 7 лістапада адбылася першая сустрэча беларускіх прадстаўнікоў і прадстаўніц дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці з Радай Еўропы. У Кантактную групу ўвайшлі 10 чалавек, якія прадстаўляюць беларускія дэмакратычныя сілы, у тым ліку Каардынацыйную раду.

Расказваем, чым займаецца Рада Еўропы і чаму так важна з’яўленне Кантактнай групы.

— Што такое Рада Еўропы?

Рада Еўропы — вядучая арганізацыя на кантыненце ў сферы правоў чалавека, якая рыхтуе і заключае міжнародныя канвенцыі, кантралюе іх выкананне і адсочвае не парушэння правоў чалавека ў розных краінах праз асобна створаныя маніторынгавыя інстытуцыі. У складзе Рады 46 еўрапейскіх дзяржаў. Расея была выключана са складу ў сакавіку.

— Адносіны Рады Еўропы з Беларуссю

Беларусь да сакавіка 2022 года знаходзілася ў статусе краіны-кандыдаткі на ўступленне ў Раду Еўропы. Аднак у сакавіку Рада прыняла рашэнне аб спыненні кантактаў з афіцыйным Мінскам у сувязі з удзелам рэжыма Лукашэнка ў вайне Расеі супраць Украіны. А ў верасні было прынята рашэнне аб узмацненні ўзаемадзеяння з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і стварэнні Кантактнай групы.

Стварэнне Кантактнай групы па адносінах з Беларуссю — гэта ўнікальны выпадак. Упершыню краіну будуць прадстаўляць не дзяржаўныя інстытуцыі, а дэмакратычныя сілы і грамадзянская супольнасць.

«Рада Еўропы прынцыпова падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць. Я рада, што гэта група зараз створана. Гэты беспрэцэдэнтнае рашэнне: ніводная іншая міжнародная арганізацыя не стварала інстытуцыйных адносін такога роду», — заявіла генсек Рады Еўропы Марыя Пейчынавіч-Бурыч.

— Чаму стварэнне Кантактнай групы мае важнае значэнне для Беларусі?

Спецпрадстаўнік Святланы Ціханоўскай па выбарах Аляксандр Шлык адзначае:

«Рашэнне аб стварэнні паходзіць з кансультацый Рады Еўропы са Святланай Ціханоўскай і яе выступаў у кіраўнічых органах. Таксама рашэнне абавязвае генеральнага сакратара даваць справаздачу як мінімум два разы на год пра прагрэс Кантактнай групы».

Досвед і экспертная база Рады можа дапамагчы ў пабудове дэмакратычных інстытутаў, усталявання вяршэнства права, працы з судамі і г.д.

«У Радзе Еўропы 46 дзяржаў. Яны абавязаны выконваць і шанаваць правы людзей, якія знаходзяцца пад іх юрысдыкцыяй – у тым ліку беларусаў, якія апынуліся на іх тэрыторыі».

— Як прайшла першая сустрэча Кантактнай групы і Рады Еўропы?

Удзельнікі і ўдзельніцы сустрэчы абмеркавалі прыярытэты, сярод якіх правы чалавека, палітвязні, інстытуты дэмакратыі і вяршэнства права. Асабліва адзначылі важнасць накіравання ўсіх дзеянняў на беларусаў унутры Беларусі.

«Для мяне важна знаходзіцца ў гэтай контактной групе таму, што ўсе ўдзельнікі і ўдзельніцы групы не прызначаны нікім, а рэпрэзентуюць розныя сектаральныя кірункі. Наша задача — гэта збіраць і ўлічваць запыты і патрэбы ўсіх нашых мэтавых груп», – адзначае прадстаўніца Фемгрупы КР і ўдзельніца Кантактнай групы Юлія Міцкевіч.

На сустрэчы было прынята рашэнне выпрацаваць канкрэтны план дзеянняў і праграм супрацоўніцтва. Уся работа будзе грунтавацца на скразных ацэнках па прынцыпах раўнапраўя і інклюзіўнасці.

«Важна падкрэсліць, што мы не з’яўляемся нейкай маналітнай структурай: кантактная група можа мяняць свой склад у плане прадстаўнікоў і прадстаўніц, можа пашырацца», – таксама зазначыла Юлія Міцкевіч.

Пры гэтым экспертка адзначыла, што на дадзены момант склад Кантактнай групы – гэта сапраўды эксперты і эксперткі з вялікім досведам, патэнцыялам і вялікім стажам уцягнутасці ў сферы, з якімі яны працуюць.

«Думаю, што ў нас сапраўды вялікі патэнцыял, які мы будзем выкарыстоўваць на карысць беларускага народа як унутры краіны, так і за яе межамі», – падкрэсліла Юлія Міцкевіч.

Еще новости

Поделиться